У Расеі завяршыліся выбары ў Думу. Паводле ЦВК, большасьць галасоў у «Адзінай Расеі» і камуністаў

На выбарах у Дзяржаўную думу. Ілюстрацыйнае фота

У Расеі завяршыліся выбары ў Дзяржаўную думу. Яны праходзілі тры дні: з 18 па 20 верасьня, а ў шэрагу памежных абласьцей дазволілі правесьці галасаваньне раней. У многіх рэгіёнах у гэтыя ж дні прайшлі выбары ў мясцовыя органы ўлады.

Як паведаміла Расейская служба Радыё Свабода з спасылкай на Цэнтральную выбарчую камісію (ЦВК), папярэдняя яўка на выбары склала 56,66%.

Старшыня ЦВК Эла Памфілава агучыла першыя зьвесткі, атрыманыя пасьля апрацоўкі 13,9 % бюлетэняў. Паводле яе, прадказальна лідзіруе «Адзіная Расея», якая набрала 57,54 %, за ёй ідзе КПРФ з 13,67%. Далей — ЛДПР (9,2%), «Новыя людзі» (7,96%), «Справядлівая Расея» (5,16 %). Іншыя пяць партый, што балятаваліся, набралі менш за 5 % і ў Дзярждуме новага скліканьня прадстаўленыя ня будуць.

Гэтыя лічбы некалькі адрозьніваюцца ад вынікаў экзыт-полаў. Паведамлялі, што ў «Адзінай Расеі» — 49,4 % галасоў, у КПРФ — 14,2%, у ЛДПР — 10,7%, «Новыя людзі» набралі 9,7% галасоў. 1,5% апытаных на выхадзе з выбарчых участкаў заявілі, што сапсавалі свае бюлетэні.

ЦВК таксама апублікаваў зьвесткі аб электронным галасаваньні, якім скарысталіся больш за 3 мільёны чалавек. Сьцьвярджаюць, што сярод тых, хто прагаласаваў у такім рэжыме, партыя «Новыя людзі» на другім месцы з больш чым 15 % галасоў. У «Адзінай Расеі» крыху менш за 50 %.

Па выніках экзыт-полаў на выбарчых участках за мяжой, якія праводзілі незалежныя ініцыятыўныя групы рухаў «Прагрэс» і «Вясна», найбольш набрала партыя «Новыя людзі». У Нідэрляндах у яе 57 % галасоў, у Сэрбіі — 63 %, у Нямеччыне — 37%, Чэхіі — 49%, у Францыі — 39%, Польшчы — 50%.

Вынікі не абавязкова дакладна адлюстроўваюць грамадзкія настроі. Выбарнікі не змаглі аддаць свае галасы за партыю «Яблоко», якая адкрыта выступіла з патрабаваньнем спыненьня вайны ва Ўкраіне і вызваленьня палітвязьняў: Вярхоўны суд скасаваў рэгістрацыю фэдэральнага сьпісу «Яблока» на выбарах паводле абвінавачаньня ў «парушэньні аўтарскіх правоў» і «атрыманьні фінансаваньня з-за мяжы». У партыі лічаць гэтыя абвінавачаньні неправамоцнымі, а перасьлед партыі — палітычным.

Назіральнікам ад «Яблока», а таксама ад КПРФ цягам трох дзён галасаваньня неаднаразова перашкаджалі выконваць іх абавязкі, спрабавалі выгнаць з выбарчых участкаў або не дапусьціць да выбарчых урнаў і да падліку бюлетэняў.

Выбары суправаджаліся паведамленьнямі аб затрыманьнях і парушэньнях. У Маскве ўдзень 20 верасьня на некалькіх участках на падставе тэхнічнага збою выбарнікам перасталі выдаваць папяровыя бюлетэні і прапаноўвалі чакаць або галасаваць электронна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Чаму ня варта чакаць нічога асаблівага на першых на выбарах у Дзярждуму Расеі падчас вайны. Аналіз Свабоды

Што папярэднічала

Гэта ня першае агульнанацыянальнае галасаваньне, праведзенае Расеяй пасьля ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022 году. Пуцін, які зьяўляецца галоўнай палітычнай фігурай краіны з 1999 году, атрымаў пераканаўчую перамогу на прэзыдэнцкіх выбарах 2024 году і абышоў трох кандыдатаў ад партый, якія намінальна лічацца апазыцыйнымі, але ў асноўным выконваюць волю Крамля.

Перад галасаваньнем ніхто не сумняваўся ў яго выніках. Аднак за лічбамі вынікаў галасаваньня хаваліся іншыя паказьнікі, за якімі пільна сачылі, — асабліва Адміністрацыя прэзыдэнта, уплывовая група ўнутры Крамля, адказная за тое, каб унутраная палітычная сыстэма захоўвала бачнасьць легітымнасьці. Напрыклад, яўка выбарнікаў. Нізкая яўка сьведчыць пра апатыю электарату, а апатыя небясьпечная для легітымнасьці Крамля і палітычнай сыстэмы.

«Гэтыя выбары важныя для Крамля, бо яны дазваляюць намінальна легітымізаваць рэжым і вайну, якую ён вядзе супраць Украіны, паказваючы, што грамадзтва па-ранейшаму падтрымлівае мілітарызаваны палітычны курс Крамля», — адзначыла Натальля Кавалёва, навуковы супрацоўнік праграмы «Расея і Эўразія» ў Chatham House — лёнданскім аналітычным цэнтры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У вайсковай выведцы Ўкраіны вызначылі ўмовы, пры якіх Расея можа паўтарыць наступ з поўначы