Беларусь і ЗША ўзгаднілі прамежкавую дамову, заявіў 16 верасьня журналістам спэцыяльны пасланьнік ЗША па Беларусі Джон Коўл, перадае афіцыйнае беларускае агенцтва БелТА.
«Мы ўзгаднілі прамежкавую дамоўленасьць», — заявіў Джон Коўл.
«У якасьці жэсту добрай волі Беларусь вызваліць 25 чалавек. Злучаныя Штаты ў сваю чаргу здымуць санкцыі з дзьвюх беларускіх кампаній — «Лакафарба» і «Беллеспаперапрам», — сказаў спэцпасланьнік ЗША.
«Вельмі доўга праводзілі нашыя перамовы, гэтыя перамовы прадоўжацца. Мы дасягнулі вялікага прагрэсу, з майго пункту гледжаньня, і ўсё будзе працягвацца», — сказаў Коўл.
Коўл таксама зазначыў, што перамовы працягнуцца, і калі ўсе пытаньні будуць вырашаныя, будуць дадатковыя вызваленьні і дадатковае зьняцьце санкцый.
Джон Коўл у сацсетцы Х пасьля перамоваў апублікаваў фота з вызваленымі беларускімі палітвязьнямі і заявіў:
«25 вязьняў сёньня на волі! Мы працягнем паляпшаць адносіны паміж ЗША і Беларусьсю і працуем над вызваленьнем яшчэ большай колькасьці людзей у самай бліжэйшай будучыні».
Сярод вызваленых Дзьмітрый Наважылаў, Андрэй Аляксандраў, Павал Белавус, Ірына Злобіна, Людміла Чэкіна, Яўген Юшкевіч, Яўген Бурло, Тацяна Кузіна, Яна Пінчук, Алесь Чумакоў, Кірыла Пазьняк, Сьвятлана Якубовіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Каго вызвалілі ў выніку перамоваў Коўла з Лукашэнкам. Сабралі дэталі. Абнаўляецца4 палітвязьні вызваленыя без пашпартоў
Дарадца Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі паведаміў, што 4 палітвязьні цяпер знаходзяцца на мяжы без пашпартоў:
«Зараз на беларуска-літоўскай мяжы праходзіць афармленьне дакумэнтаў, таму гэта зойме троху даўжэйшы час, таксама там знаходзяцца наш каарыдыатар, які распавядзе нашым героям і гераіням пра наступныя крокі пасьля афармленьне дакумэнтаў, перадасьць ежу, а таксама будзе магчымасьць зьвязацца з рознымі і блізкімі».
Ціханоўская: «Кожны вызвалены чалавек — гэта перамога»
Сьвятлана Ціханоўская выказала радасьць за ўсіх, хто сёньня нарэшце апынуўся на свабодзе
«Мы таксама бачым, наколькі цяжка ідуць перамовы аб вызваленьні людзей. Кожнае вызваленьне патрабуе вялікіх намаганьняў, і відавочна, што Лукашэнка ня хоча адпускаць усіх палітычных зьняволеных.
Таму я ўдзячная амэрыканскаму боку за складаную перамоўную працу, якая працягваецца. Важна, што, нягледзячы на ўсе цяжкасьці, яна прыносіць канкрэтны гуманітарны вынік — людзі выходзяць на свабоду. Менавіта таму гэтую працу нельга спыняць. Неабходна, каб Злучаныя Штаты і Эўропа працягвалі каардынаваць свае намаганьні і падтрымліваць працэс вызваленьня людзей».
Ціханоўская заклікала памятаць пра тых, хто яшчэ застаецца за кратамі:
«Іх сотні. За кожнай лічбай стаіць чалавек, яго сям’я і блізкія, якія працягваюць чакаць. Кожны вызвалены чалавек — гэта перамога. Таму сёньняшняе вызваленьне — гэта чарговы гуманітарны вынік, але далёка не канец гэтага працэсу. Праца павінна працягвацца, пакуль усе палітвязьні не апынуцца на свабодзе».
Што папярэднічала
Аляксандр Лукашэнка 15 верасьня сустрэўся з прадстаўнікамі каманды прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа на чале са спэцпасланьнікам ЗША па Беларусі Джонам Коўлам. Разам з Коўлам на перамовы прыбыў прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту Крыстафэр Паніка.
Удзел у перамовах зь беларускага боку таксама ўзяў прэмʼер-міністар Аляксандар Турчын, старшыня КДБ Іван Тэртэль і пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН Валянцін Рыбакоў.
Сустрэча спэцыяльнага прадстаўніка ЗША Джона Коўла і Аляксандра Лукашэнкі. Менск, 15 верасьня 2026
Калі размова ішла аб вызваленьні палітвязньняў, Лукашэнка ў чарговы раз заявіў, што ў Беларусі няма палітычнага перасьледу. Апроч таго, ён заявіў, што «беглыя» хлусяць пра тое, што рэпрэсіі працягваюцца і замест вызваленых у межах амэрыканскіх дамоўленасьцяў затрымліваюць і судзяць у два разы больш іншых грамадзян.
Паводле яго, ва ўладаў Беларусі «абсалютна няма неабходнасьці палітычнага перасьледаваць, таму што ўсе працэсы ў Беларусі знаходзяцца пад кантролем».
Па стане на 16 верасьня ў Беларусі 912 чалавек прызнаныя палітычнымі вязьнямі. Праводле праваабаронцаў, рэпрэсіі працягваюцца: людзей па-ранейшаму затрымліваюць і судзяць паводле палітычна матываваных спраў.
«Мы спадзяёмся, што на волю выйдзе шмат людзей. Яны самі павінны вырашаць, дзе ім жыць. Свабода ніколі не павінна азначаць выгнаньне. Калі каго-небудзь прымусяць пакінуць Беларусь, наша каманда і партнэры гатовыя іх прыняць. У нас ужо створаная інфраструктура дапамогі», — заявіла, беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская.
Разам з тым яна заклікала да сыстэмных рашэньняў, якія прывялі б да спыненьня рэпрэсій у Беларусі.
14 верасьня Джон Коўл у Вільні сустрэўся з міністрам замежных спраў Літвы Кястуцісам Будрысам. Бакі абмеркавалі вызваленьне беларускіх палітвязьняў, рэпрэсіі, якія працягваюцца, і падтрымку Менскам расейскай агрэсіі супраць Украіны, паведамляў МЗС Літвы.
Будрыс падкрэсьліў, што Літва працягне аказваць усю неабходную падтрымку гуманітарным намаганьням ЗША і вызваленым палітвязьням. Будрыс таксама падкрэсьліў, што Літва вітае кожны выпадак вызваленьня палітвязьня, але адзначыў, што агульная колькасьць палітвязьняў у краіне застаецца высокай, а рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці працягваюцца.
Колькі палітвязьняў вызвалілі пры ўдзеле ЗША
У жнівеньскім інтэрвію «Голасу Амэрыкі» Джон Коўл паведаміў, што ў сярэдзіне верасьня зьбіраецца ў Беларусь, каб дамагчыся новага вызваленьня палітзьняволеных.
«Мы дамагліся вызваленьня пяцісот чалавек, потым былі памілаваныя яшчэ каля дзьвюхсот. Так што рэальная лічба складае прыкладна 700–800 чалавек. Спадзяюся неўзабаве давесьці яе да тысячы», — сказаў пасланьнік.
Пазьней у адказ на крытычную рэпліку ў сацыяльнай сетцы Х — «Пакуль вы вызваляеце 100 чалавек, саджаюць новых 200» — Джон Коўл напісаў, што ўдалося вызваліць больш за 700 чалавек.
Дакладна вядома пра 646 вызваленых за два гады, але ня ўсе зь іх палітвязьні.
Працэс масавага вызваленьня палітвязьняў у выніку перамоваў Аляксандра Лукашэнкі з адміністрацыяй Дональда Трампа пачаўся з 2025 году.
Дагэтуль некаторых палітвязьняў вызвалялі адмысловымі указамі Лукашэнкі (гэтак званымі памілаваньнямі), прымеркаванымі да пэўных датаў. Напрыклад, да афіцыйнага Дня незалежнасьці 3 ліпеня.
Палітычныя вязьні таксама выходзілі на волю, цалкам адбыўшы свае тэрміны зьняволеньня. У 2024 годзе ў выніку некалькіх хваляў памілаваньняў на свабоду выйшлі 227 чалавек. Пры гэтым па ўсёй краіне адбываліся новыя затрыманьні і прысуды з палітычных прычын.