Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яго затрымлівалі на Дзень Волі ў Менску. Хто такі Крыс Паніка, які прыехаў разам з Джонам Коўлам

Крыс Паніка (зьлева) і Джон Коўл падчас перамоваў з Лукашэнкам. Менск, 15 верасьня 2026 году
Крыс Паніка (зьлева) і Джон Коўл падчас перамоваў з Лукашэнкам. Менск, 15 верасьня 2026 году

Крыстафэр Паніка, які ўвайшоў у склад амэрыканскай дэлегацыі на сёньняшніх перамовах у Менску, працаваў у Беларусі яшчэ ў канцы 1990-х. Паніка назіраў за палітычнымі рэпрэсіямі ў Беларусі ў складзе місіі АБСЭ, працаваў у амбасадзе ЗША ў Менску і нават аднойчы быў затрыманы падчас акцыі пратэсту.

15 верасьня прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Крыстафэр Паніка бярэ ўдзел у перамовах амэрыканскай дэлегацыі з Аляксандрам Лукашэнкам у Менску. Дэлегацыю ўзначальвае спэцыяльны пасланьнік прэзыдэнта ЗША па Беларусі Джон Коўл. Бакі абмяркоўваюць сярод іншага вызваленьне палітвязьняў і эканамічныя пытаньні.

У цяперашнім перамоўным працэсе Паніка замяніў былога намесьніка памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША Крыстафэра Сьміта, які адказваў у Дзяржаўным дэпартамэнце за беларускі кірунак. Сёлета ў жніўні Сьміт ачоліў місію АБСЭ ў Малдове.

Афіцыйная назва цяперашняй пасады Паніка не вядомая. Апошнім часам ён займаў пасаду намесьніка дырэктара Офісу выведных апэрацыяў і нагляду Бюро выведкі і дасьледаваньняў Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША.

Амэрыканская дэлегацыя падчас перамоваў з Лукашэнкам
Амэрыканская дэлегацыя падчас перамоваў з Лукашэнкам

Да дыпляматычнай службы Паніка працаваў дасьледнікам у эўрапейскім і цэнтральнаазіяцкім падразьдзяленьні праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch/Helsinki. У 1990-я гады ён займаўся парушэньнямі правоў чалавека ў краінах былога СССР і Турэччыне.

Пазьней Паніка працаваў у Кансультацыйна-назіральнай групе АБСЭ ў Беларусі.

17 кастрычніка 1999 году Паніка назіраў за шматтысячным Маршам Свабоды ў Менску. Пасьля разгону дэманстрацыі ён распавёў Радыё Свабода, што гвалту можна было пазьбегнуць, калі б беларускія ўлады дазволілі ўдзельнікам дайсьці да плошчы Якуба Коласа. Паводле Паніка, міліцыя жорстка зьбівала дэманстрантаў і перасьледавала людзей, якія спрабавалі ўцячы праз прылеглыя вуліцы і будынкі. Супрацоўнікі АБСЭ наведвалі міліцэйскія пастарункі і прысутнічалі на судах над затрыманымі.

24 сакавіка 2000 году прадстаўніка Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ Крыстафэра Паніка затрымалі ў Менску падчас разгону вулічнай акцыі да Дня Волі. У той дзень сілавікі затрымалі каля 500 чалавек. Сярод іх былі журналісты і замежныя назіральнікі. Большасьць затрыманых замежнікаў, сярод якіх быў Паніка, вызвалілі празь некалькі гадзінаў.

Прадстаўнік амэрыканскай дыпмісіі Крыстафэр Паніка ў офісе Партыі БНФ. Красавік 2011 году
Прадстаўнік амэрыканскай дыпмісіі Крыстафэр Паніка ў офісе Партыі БНФ. Красавік 2011 году

Пасьля працы ў АБСЭ Паніка далучыўся да Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША. У 2010–2012 гадах Паніка працаваў у Менску, гэтым разам як амэрыканскі дыплямат. Ён займаў пасаду першага сакратара амбасады ЗША, кіраваў палітычна-эканамічным аддзелам амбасады ЗША ў Беларусі. Паніка наведваў палітычна матываваныя судовыя працэсы над удзельнікамі «Плошчы-2010» — акцыі пратэсту супраць сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году, жорстка разагнанай сілавікамі Лукашэнкі. Адведваў амэрыканскі дыплямат і беларускіх палітвязьняў у месцах адбыцьця пакараньня.

У біяграфічнай даведцы, апублікаванай Дзярждэпартамэнтам у жніўні 2024 году, Крыс Паніка быў прадстаўлены як намесьнік дырэктара Офісу выведных апэрацыяў і нагляду. Гэтае ўпраўленьне забясьпечвае зьнешнепалітычны нагляд за адчувальнымі выведнымі і контравыведнымі апэрацыямі.

Ці займае Паніка гэтую пасаду цяпер, публічна не паведамлялася.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG