У сьпісе «тэрарыстаў», які вядзе КДБ Беларусі, 1470 чалавек. Прыблізна палова зь іх — пераважна з арабскіх і афрыканскіх краінаў, а 726 зьяўляюцца грамадзянамі Беларусі. Прычым, з 2022 году да верасьня 2026 колькасьць беларусаў у гэтым пераліку вырасла ўтрая (з 242 да 726). За што ў Беларусі даюць статус «тэрарыста»?
Рэвалюцыянэры, забойца гаўляйтэра
Найбольш вядомыя гістарычныя беларускія постаці, чые імёны ўвайшлі ў гісторыю праз радыкальныя мэтады барацьбы і тэрарыстычныя акты, гэта, бадай, Ігнат Грынявіцкі, Іван Пуліхаў, Барыс Кавэрда, Алена Мазанік. У найноўшай беларускай гісторыі таксама былі тэрарысты, але лічаныя адзінкі.
Самы вядомы рэвалюцыянер-тэрарыст беларускага паходжаньня — Ігнат Грынявіцкі, шляхціч з Бабруйскага павету, студэнт Пецярбургскага тэхналягічнага інстытуту і сябра арганізацыі «Народная воля». 1 сакавіка 1881 году ў Пецярбургу ён падарваў бомбай расейскага імпэратара Аляксандра II. Ад выбуху загінуў і сам Грынявіцкі. 14 студзеня 1906 года сын менскага чыноўніка, рэвалюцыянэр, сябра партыі эсэраў Іван Пуліхаў арганізаваў замах на менскага губэрнатара Паўла Курлова, які быў адказны за расстрэл мірнай дэманстрацыі (Курлоўскі расстрэл 1905 году). Бомба Пуліхава ня выбухнула. Рэвалюцыянера схапілі і павесілі на браме Менскай турмы (Пішчалаўскага замку). Яго імем названая вуліца ў Менску.
Ігнат Грынявіцкі
Беларускі і расейскі антыкамуністычны дзеяч, які нарадзіўся ў Вільні, Барыс Кавэрда 7 чэрвеня 1927 года на вакзале ў Варшаве застрэліў савецкага пасла Пятра Войкава. Ён лічыў яго адным з арганізатараў забойства царскай сям'і. Кавэрда быў асуджаны польскім судом да пажыцьцёвага зьняволеньня, але пазьней быў вызвалены па амністыі. Памёр у 1996 годзе
Савецкая разьведчца Алена Мазанік, якая падчас Другой усясьветнай вайны працавала ў Менску ў сям’і гаўляйтэра Вільгельма Кубэ, падарвала яго ва ўласным ложку. Алена Мазанік, а таксама яе памочніцы Марыя Осіпава і Надзея Траян за гэты ўчынак былі ўзнагароджаныя зоркамі Героя Савецкага Саюза.
У найноўшай гісторыі тэрарыстам можна лічыць ураджэнца Беларусі Валерыя Фабрыканта, навукоўцу, прафэсара, які ў 1980-я эміграваў у Канаду, выкладаў там ва Ўнівэрсытэце Канкордыя ў Манрэалі. У 1992 годзе ён расстраляў з рэвальвэру чацьвярых сваіх калег. Быў асуджаны да пажыцьцёвага зьняволеньня, памёр у канадзкай турме летам 2026 году.
11 чэрвеня 1996 года 43-гадовы Аляксандар Зюлькоў учыніў рэзанансны захоп закладнікаў у менскім дзіцячым садку № 511, утрымліваючы пад пагрозай выбуху 17 дзяцей і двух выхавацеляў. Быў забіты байцамі атраду «Алмаз».
Уладзіслаў Кавалёў і Дзьмітры Канавалаў у судзе, архіўнае фота
Беларускія ўлады прызналі тэрарыстамі Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва, якія, паводле афіцыйнай вэрсіі, зладзілі выбух у менскім мятро ў красавіку 2011-га. Яны вельмі хутка былі пакараныя сьмерцю.
Экстрэмістаў — амаль 7 тысяч, тэрарыстаў — больш за 700
Пасьля 2020 году ў Беларусі рэзка павялічылася колькасьць «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў». «Экстрэмісцкія» сьпісы вядзе Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі, папаўняюцца яны штотыдзень, звычайна па пятніцах. Па стане на 11 верасьня ў чатырох файлах сьпісаў экстрэмістаў 6906 чалавек. У пераважнай большасьці гэта грамадзяне Беларусі. Фармавацца сьпіс пачаў 5 гадоў таму — 12 кастрычніка 2021 года была прынята пастанова Савета Міністраў № 575 «Аб захадах процідзеяньня экстрэмізму і рэабілітацыі фашызму».
Амаль 7 тысяч — гэта больш за насельніцтва райцэнтру, кшталту Верхнядзьвінску ці Дуброўна.
Сьпіс «тэрарыстаў» з 2011 году вядзе КДБ. Да 2020 году ў яго ўключалі выключна замежных грамадзянаў. Калі прааналізаць увесь пералік «тэрарыстаў», у якім цяпер 1 470 чалавек, то палова — 726 асобаў — маюць грамадзянства Беларусі.
Першыя 724 чалавек у сьпісе — грамадзяне КНДР, Емену, Іраку, Эгіпту, Уганды, Гвінеі, Афганістану, Індыі, Кувэйту, Тунісу, Альжыру, Пакістану, Саудаўскай Арабіі ды іншых краінаў. У беларускім «тэрарыстычным» сьпісе фігуруюць лідэры і сябры міжнародных тэрарыстычных арганізацый; службовыя асобы, якія маюць дачыненьне да злачынстваў супраць чалавецтва і міжнароднай бясьпекі (масавыя катаваньні, згвалтаваньні, гвалтоўныя перамяшчэньні, адвольныя арышты; напады на марскія судны, гуманітарныя місіі; вярбоўшчыкі і трэнеры баевікоў і г. д.)
Падстава для ўключэньня — санкцыйны пералік Камітэту Рады Бясьпекі ААН.
Грамадзянаў Беларусі ў сьпіс «тэрарыстаў» масава пачалі ўключаць пасьля падзеяў 2020 года.
МУС уключае ў свой сьпіс аўтаматычна, КДБ — кропкава
Першымі ўвосень 2020 года КДБ ў сьпіс тэрарыстаў былі уключаны заснавальнік Тэлеграм-каналаў Nexta і Nexta Live Сьцяпан Пуціла і колішні рэдактар каналаў Раман Пратасевіч (які пазьней зь пераліку таямніча зьнік). Апошні раз сьпіс папаўняўся 3 верасьня 2026 году, туды трапіў 28-гадовы кандыдат юрыдычных навук Міраслаў Бандарэнка, асуджаны на 3 гады па трох артыкулах крымінальнага кодэксу.
Старшыня КДБ Іван Тэртэль
Юрыстка праваабарончай арганізцыі «Вясна» Сьвятлана Галаўнёва кажа, што асноўныя адрозненьні статусаў «экстрэміста» і «тэрарыста» — у падставах і працэдуры ўключэньня ў пералікі, а таксама ў сутнасьці абмежаваньняў, якія накладаюцца на чалавека.
«Можна сказаць, што статус „экстрэміста“ — гэта ў першую чаргу абмежаваньне шэрагу правоў і магчымасьці займацца пэўнымі відамі дзейнасьці. А статус „тэрарыста“ — гэта пра строгі фінансавы кантроль, абмежаваньне на ўчыненьне зьдзелак і на безнаяўныя разьлікі.
У пералік „экстрэмістаў“ МУС дадае чалавека на падставе прысуду па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу, якія ўступілі ў сілу, а ў „пералік тэрарыстаў“ людзей дадае КДБ сваім рашэньнем, калі чалавек абвінавачваецца па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу», — тлумачыць юрыстка.
У выпадку зь «пералікам тэрарыстаў» — гэта ня толькі чыста «тэрарыстычныя» артыкулы Крымінальнага кодэксу — з 289 па 290-5 (акт тэрарызму, фінансаваньне тэрарыстычнай дзейнасьці, праходжаньне навучаньня, стварэньне арганізацыі для тэрарыстычнай дзейнасьці, праходжанне навучаньня для ўдзелу ў тэрарыстычнай дзейнасьці, акт тэрарызму ў дачыненьні да дзяржаўнага ці грамадзкага дзеяча і г. д.)
Але гэта і артыкулы 130 (распальваньне варожасьці), 292 (захоп будынкаў), 293 (масавыя беспарадкі), частка 4 арт. 309 (пашкоджаньне транспартнага сродку або шляхоў зносін), арт. 361 (заклікі да санкцый), працягвае тлумачыць юрыстка «Вясны» Сьвятлана Галаўнёва.
«Пры гэтым відавочна, што працэдура ўключэньня ў пералікі сутнасна адрозніваецца. У „пералік экстрэмістаў“ МУС уключае ўсіх, у дачыненьні да каго ўступілі ў сілу прысуды па неабходных артыкулах, можна сказаць, аўтаматычна. А КДБ, якое самастойна фармуе рашэньне аб прызнаньні, уключае людзей кропкава. Так, мы ня ўбачым усіх абвінавачаных, напрыклад, у масавых беспарадках (арт. 293) у „пераліку тэрарыстаў“», — кажа Сьвятлана Галаўнёва.
Ад заснавальніка Nexta Сьцяпана Пуцілы да коміка Славы Камісаранкі
Але вернемся да сьпісу «тэрарыстаў» КДБ. За Сьцяпанам Пуцілам ў пераліку «тэрарыстаў» ідуць «рэйкавыя партызаны», Мікалай Аўтуховіч і яшчэ дзесяць чалавек, асуджаных разам зь ім (у тым ліку жанчыны Любоў Рэзановіч, Ірына Мельхер, Галіна Дзербыш, Вольга Маёрава). Потым асуджаныя па «справе анархістаў»: Ігар Аліневіч, Дубоўскі, Сяргей Раманаў. Пад нумарамі 747 і 748 — палітыкі Сьвятлана Ціханоўская, Павал Латушка, далей былыя сілавікі Ігар Макар, Андрэй Астаповіч, Станіслаў Лупаносаў, Аляксандар Азараў, Уладзімер Жыгар, Мацьвей Купрэйчык. У сьпісе «тэрарыстаў» — Марыя Калесьнікава, Валеры Цапкала, блогеры Сяргей Ціханоўскі, Ігар Лосік, Вадзім Пракоп’еў, Павал Белавус, Павал Вінаградаў, Антон Матолька.
Сцьяпан Пуціла, адзін зь першых "новых" беларускіх тэрарыстаў
У пераліку палітыкі, актывісты, блогеры, аналітыкі, журналісты — людзі самых розных прафэсій. Адвакаты Максім Знак, Анастасія Лазарэнка, Аляксей Бародка; журналісты Анджэй Пачобут, Дзьмітрый Семчанка, Марына Золатава, Людміла Чэкіна, Вольга Лойка, Алена Талкачова; лекары Андрэй Любецкі, Руслан Бадамшын, заснавальнік мэдычнага цэнтру «Новы зрок» Алег Каўрыгін; аналітыкі, палітолягі Вікторыя Касьцюгова, Тацяна Кузіна, Павал Вусаў, Юры Дракахруст, Андрэй Казакевіч, Ганна Любакова, айцішнікі, якія «данацілі».
Некаторыя адседзелі і выйшлі на волю, хтосьці яшчэ за кратамі, некаторыя асуджаны завочна, бо знаходзяцца за мяжой.
Юрыстка праваабарончага цэнтру «Вясна» Сьвятлана Галаўнёва адзначае, што нават пры такім «кропкавым» прыняцьці рашэньняў па ўключэньні ў «пералік тэрарыстаў» ёсьць відавочна карыкатурныя выпадкі.
«Напрыклад, у траўні 2026 года туды патрапіла пэнсіянэрка з Гомля палітзьняволеная Вольга Строева (1959 года нараджэньня), асуджаная на 5 гадоў калёніі паводле абвінавачаньняў у распальваньні варожасьці і закліках да санкцый (артыкулы 130 і 361 Крымінальнага кодэксу). У лютым ў сьпіс тэрарыстаў дадалі Сяргея Пахомава, былога кіраўніка БРСМ з гораду Іўе, калі прысуду яшчэ не было».
Пахомаву пашанцавала — ён быў памілаваны ў сакавіку 2026 году пасьля чарговага візыту ў Менск спэцпрадстаўніка прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа Джона Коўла (у ліку групы зняволеных з 235 чалавек, пакінутых у Беларусі).
Ну і «вішанька на торце» — тэрарыстам прызнаны вядомы комік Слава Камісаранка, асуджаны завочна на 6 гадоў зьняволеньня (паводле ч. 1 арт. 130, ч. 2 арт. 367, ч. 1 арт. 368). Сам Слава любіць жартаваць, што тапіў туды за «жарты пра чык-чырыка».
Пасьля адбыцьця пакараньня судзімасьць не здымаецца
Людзі, уключаныя ў сьпіс тэрарыстаў, і на «зоне», і пасьля выхаду на свабоду сутыкаюцца з процьмай праблем, пра іх падрабязна пісала праваабарончая арганізацыя Нuman constanta
«Што да „тэрарыстаў“, якія выходзяць пасьля адбываньня пакараньня і застаюцца ў Беларусі — у іх ўзьнікае шмат праблем. Найперш з адкрыцьцём рахунку ў банках, зь фінансавымі апэрацыямі, мабільнай сувязьзю; ёсьць вялікія абмежаваньні пры ўладкаваньні на працу. Ну і татальны кантроль, адзначэньне ў пастарунку.
Нават пасьля поўнага адбыцьця пакараньня судзімасьць не здымаецца, праблемы ў іх застаюцца», — кажа Сьвятлана Галаўнёва.
Былы палітвязень Андрэй (імя зьмененае з прычыны бясьпекі), які мае статус «тэрарыста», цалкам адседзеў трохгадовы тэрмін і быў вызвалены ўвосень 2024 году. Вытрымаў на радзіме, у Беларусі крыху больш за месяц і зьехаў за мяжу, цяпер жыве ў Польшчы.
«У Беларусі літаральна на другі дзень да мяне ў госьці завіталі міліцыянты, намякнулі, што спакойнага жыцьця ня будзе. Стаў на прэвэнтыўны ўлік. Сім-карту сам набыць не магу, старым рахункам у банку, на якім павінны заставацца сродкі, карыстацца ня магу, новы рахунак у банку аформіць таксама не магу… Калі прачытаў пералік, куды мне нельга нават паспрабаваць сунуцца на працу, зразумеў, што няма чаго лавіць і чакаць.
За мяжой таксама жыцьцё ня цукар: чакаў больш за паўтара года дакумэнты на міжнародную абарону. Афіцыйна працаваць ня мог, разгружаў машыны, падпрацоўваў на будоўлі. Толькі месяц таму атрымаў плястыкавую карту побыту.
Дзеля цікавасьці нават на два дні зьезьдзіў у Чэхію. Праблем зь перасячэньнем мяжы не было. Так што галоўнае — я на свабодзе і не пад татальным кантролем», — кажа Андрэй.
Юрыстка «Вясны» Сьвятлана Галаўнёва тлумачыць, што пералікі «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў» дзейнічаюць выключна ўнутры Беларусі:
«Інтэрпол звычайна не прапускае такія выпадкі. Але ўлады Беларусі могуць напрамую прасіць улады іншай краіны экстрадаваць чалавека, то тут трэба кіравацца тым, якія краіны такі запыт могуць выканаць».
Юрыстка рэкамэндуе для гэтага выкарыстоўваць адпаведны інструмент, які склала «Прававая ініцыятыва».