Мінюст пазбавіў ліцэнзіі адваката Шпакоўскага
Кваліфікацыйная камісія па пытаньнях адвакацкай дзейнасьці пазбавіла ліцэнзіі адваката Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў Рамана Шпакоўскага, паведаміла «Вясна» са спасылкай на зьвесткі ад Міністэрства юстыцыі Беларусі.
Раман Шпакоўскі спэцыялізаваўся на падатковым праве. Паводле Мінюсту, падставай для спыненьня дзеяньня яго ліцэнзіі стала «зьдзяйсьненьне ўчынку, несумяшчальнага са званьнем адваката». Пры гэтым у паведамленьні Мінюсту не прыводзяцца канкрэтныя дзеяньні адваката, якія сталі падставай для такога рашэньня.
Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў і масавых пратэстаў 2020 году беларускія ўлады неаднаразова выкарыстоўвалі фармулёўку пра «ўчынак, несумяшчальны са званьнем адваката» пры пазбаўленьні адвакатаў права на прафэсію, адзначае «Вясна».
У базе праваабаронцаў асобна ўлічваюцца 80 адвакатаў, пазбаўленых права на прафэсію праз атэстацыйныя працэдуры, і 51 — выключаныя з калегій.
У «сьпіс тэрарыстаў» дадалі юрыста
КДБ абнавіў сьпіс «асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці» — у яго дадалі яшчэ аднаго беларуса.
У сьпісе зьявілася імя Міраслава Бандарэнкі, юрыста, якому 28 гадоў. Падставай для ўключэньня ў сьпіс стаў прысуд аб прызнаньні Бандарэнкі вінаватым у закліках да дзеяньняў, накіраваных на нанясеньне шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі (артыкул 361 Крымінальнага кодэксу). За гэта юрысту пагражала 5 гадоў «хіміі» альбо да 6 гадоў зьняволеньня, але дакладны прысуд праваабаронцам пакуль невядомы.
У «тэрарыстычным сьпісе» КДБ налічваецца 1470 чалавек, зь іх 719 — грамадзяне Беларусі. Паводле «Вясны» уключэньне ў КДБ становіцца для асуджаных ня толькі фармальным статусам, але і крыніцай дадатковых абмежаваньняў пасьля адбыцьця пакараньня.
Леанід Судаленка абскарджвае прызнаньне яго TikTok-старонкі «экстрэмісцкім матэрыялам»
Праваабаронца «Вясны» Леанід Судаленка абскарджвае рашэньня Маладэчанскага раённага суду, які прызнаў яго TikTok-старонку «экстрэмісцкім матэрыялам».
Гэтае рашэньне суд прыняў яшчэ 27 траўня 2026 года. Судаленка, які пражывае ў Вільні, адразу накіраваў запыт у суд з просьбай даслаць яму копію рашэньня з абгрунтаваньнем, якую дагэтуль не атрымаў.
У апэляцыі Судаленка зьвяртае ўвагу на памылку ў назьве і ідэнтыфікатары сваёй старонкі, на непрапарцыйнасьць забароны ўсяго рэсурсу, а таксама на тое, што справа разглядалася без яго ўдзелу і просіць Менскі абласны суд адмяніць рашэньне Маладэчанскага раённага суду.
Чаму гэта важна
У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.
Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026 году складае ня менш за 500 тысяч.
Паводле зьвестак праваабаронцаў, за кратамі ў Беларусі знаходзяцца больш за 850 палітычных зьняволеных. Кожны месяц такі статус атрымліваюць па 30–50 новых вязьняў.