Вярхоўны Суд разглядае апэляцыю ў справе сям’і Корсакавых
Калегія Вярхоўнага Суду 28 жніўня разглядае апэляцыйную скаргу на завочны прысуд Пелагеі Корсакавай, асуджанай паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэксу («здрада дзяржаве»), піша праваабарончы цэнтар «Вясна».
У гэтай справе таксама праходзяць бацькі жанчыны — Дзьмітры і Тацяна Корсакавы. Іх абвінавацілі і асудзілі паводле ч. 1 арт. 356 («здрада дзяржаве»), ч. 4 арт. 295 («незаконныя дзеяньні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў») і ч. 3 арт. 333-1 КК («незаконнае перамяшчэньне праз мяжу атрутных рэчываў, зброі і боепрыпасаў»).
Дзмітры Корсакаў працаваў у дзіцячым садку № 518 рабочым, Тацяна Корсакава — выхавальніцай там жа.
Дзьмітрыя і Тацяну затрымалі 26 верасьня 2025 году.
Менскі гарадзкі суд 10 чэрвеня 2026 году вынес прысуд: Пелагеі завочна 11 гадоў пазбаўленьня волі, Дзьмітрыю і Тацяне прысудзілі 14 і 12 гадоў зьняволеньня адпаведна, а таксама штраф 50 тысяч рублёў.
Першыя паўгоду Корсакавых трымалі ў СІЗА КДБ Беларусі. Там у Тацяны і Дзьмітрыя пачаліся праблемы здароўя. Вядома, што ў Тацяны гіпэртанія і цукровы дыябэт 2-га тыпу, падвышаны ціск і праблемы з каленным суставам.
Цяпер Дзьмітры і Тацяна знаходзяцца ў СІЗА-1 пад Менскам.
Чаму гэта важна
У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.
Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026 году складае ня менш за 500 тысяч.
Паводле зьвестак праваабаронцаў, за кратамі ў Беларусі знаходзяцца больш за 850 палітычных зьняволеных. Кожны месяц такі статус атрымліваюць па 30–50 новых вязьняў.