У Беларусі зноў запрацавалі рэтрансьлятары для расейскіх дронаў — кіраўнік ГУР Украіны

Алег Івашчанка, архіўнае фота

У Беларусі зноў працуюць рэтрансьлятары для навядзеньня расейскіх бесьпілётнікаў, заявіў у інтэрвію брытанскай газэце The Times начальнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Алег Івашчанка.

Ён адзначыў, што ўкраінская выведка выявіла шэсьць такіх рэтрансьлятараў на поўдні Беларусі ўздоўж мяжы з Украінай, перадае «Позірк».

«Нейкі час яны перасталі іх усталёўваць, але цяпер мы бачым, што некаторыя рэтрансьлятары зноў працуюць. У нас дастаткова магчымасьцяў, каб з гэтым разабрацца», — сказаў Івашчанка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка зноў загаварыў пра агрэсіўную палітыку супраць Беларусі, хоць раней казалі аб адсутнасьці пагроз звонку

Што папярэднічала

19 чэрвеня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі даў Аляксандру Лукашэнку тыдзень на тое, каб зьняць з вышак рэтрансьлятары для навядзеньня расейскіх дронаў уздоўж мяжы з Украінай: «Калі ён гэтага ня зробіць, зробім мы». Зяленскі таксама заклікаў спыніць пастаўкі нафтапрадуктаў расейскай арміі.

На наступны дзень у звароце да суайчыньнікаў ён заявіў, што Ўкраіне вядома «пра чатыры такія рэтрансьлятары ў Беларусі — у Гомельскай і Берасьцейскай абласьцях», і паўтарыў, што ў Беларусі «ёсьць час, каб дэмантаваць гэтае абсталяваньне».

24 чэрвеня Зяленскі заявіў, што двума днямі раней рэтрансьлятары спынілі працу: «Дэмантавалі ці не, я, шчыра кажучы, пакуль ня ведаю. Але мы над гэтым працуем, і я вельмі ўважліва сачу і штодня атрымліваю даклады. Факт, што рэтрансьлятары на сёньня не працуюць».

30 чэрвеня Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі заявіў, што беларускі бок не дэмантаваў рэтрансьлятары, аднак адключаў іх на пэўны час.

1 ліпеня прэсавы сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка заявіў, што рэтрансьлятары адключаныя.

15 ліпеня дарадца Міністэрства абароны Ўкраіны Сяргей Бяскрэснаў сказаў, што, магчыма, рэтрансьлятары ў Беларусі час ад часу працягваюць выкарыстоўваць для атак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украіна ўвяла спэцыяльны памежны рэжым уздоўж мяжы зь Беларусьсю

Як улады Беларусі падтрымалі расейскую агрэсію

Улады Беларусі 24 лютага 2022 году дазволілі скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.

Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.

У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.

Праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну супраць Беларусі заходнія краіны, Эўразьвяз і Ўкраіна працягваюць уводзіць санкцыі.

Цягам усяго пэрыяду ад моманту расейскага ваеннага ўварваньня ў 2022 годзе на тэрыторыі Беларусі амаль бесьперастанку праводзяць вайсковыя вучэньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Экспэрты ацанілі, у якіх мэтах Расея стварыла пускавыя пляцоўкі каля Беларусі