Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна ўвяла спэцыяльны памежны рэжым уздоўж мяжы зь Беларусьсю

Беларускі вайсковец на фоне ўкраінскіх абарончых умацаваньняў каля памежнага пераходу Новая Гута ў Гомельскай вобласьці Беларусі, 28 студзеня 2025 году
Беларускі вайсковец на фоне ўкраінскіх абарончых умацаваньняў каля памежнага пераходу Новая Гута ў Гомельскай вобласьці Беларусі, 28 студзеня 2025 году

Ва ўрадзе Ўкраіны не выключаюць правакацый і падрыўной дзейнасьці зь беларускай тэрыторыі.

На адлегласьці кілямэтра ўздоўж мяжы зь Беларусьсю цяпер нельга рабіць нічога, што не зьвязана з абаронай Украіны, забаронена заяжджаць у гэтую зону або жыць там, паведаміла Памежная служба Ўкраіны.

«Гэта абумоўлена неабходнасьцю вырашэньня неадкладных пытаньняў, зьвязаных з узмацненьнем абароназдольнасьці дзяржавы ва ўмовах узброенай агрэсіі Расейскай Фэдэрацыі супраць Украіны, якая працягваецца, а таксама магчымага выкарыстаньня тэрыторыі Рэспублікі Беларусь для дэстабілізацыі грамадзка-палітычнай сытуацыі ў памежных абласьцях, вядзеньня выведна-падрыўной дзейнасьці і стварэньня ўмоваў для пагроз нацыянальным інтарэсам Украіны», — гаворыцца ў паведамленьні.

Такія ж абмежаваньні дзейнічаюць і ўздоўж мяжы Ўкраіны з Расеяй.

Як улады Беларусі падтрымалі расейскую агрэсію

Улады Беларусі 24 лютага 2022 году дазволілі скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.

Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.

У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.

Праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну супраць Беларусі заходнія краіны, Эўразьвяз і Ўкраіна працягваюць уводзіць санкцыі.

Цягам усяго пэрыяду ад моманту расейскага ваеннага ўварваньня ў 2022 годзе на тэрыторыі Беларусі амаль бесьперастанку праводзяць вайсковыя вучэньні.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG