У Беларусі па выніках жніўня зафіксавалі дэфляцыю — патаньнеў «баршчавы набор»

Капуста. Ілюстрацыйнае фота

У жніўні пасьля зьяўляеньня новага ўраджаю ў Беларусі традыцыйна таньнее гародніна і садавіна, што ўплывае на месячную інфляцыю.

Як паведаміў Белстат, у жніўні 2026 году ў параўнаньні зь ліпенем у Беларусі назіралася дэфляцыя — цэны за месяц зьменшыліся на 0,1 працэнтнага пункта.

Як вынікае са зьветсак Белстату, зьніжэньне цэн адбылося за кошт гародніны «баршчавога набору», які ў мінулыя месяцы істотна даражэў.

  • Так, за месяц бульба патаньнела з 2,19 да 1,36 рубля за кіляграм,
  • капуста — з 1,65 да 1,17 рубля за кіляграм,
  • буракі — з 2,3 да 1,5 рубля за кіляграм,
  • морква — з 2,78 да 1,63 рубля за кіляграм,
  • цыбуля — з 2,52 да 2,27 рубля за кіляграм.

Агулам прадукты харчаваньня патаньнелі на 0,8 працэнта.

Прамысловыя тавары і паслугі працягваюць даражэць — на 0,5 і 0,3 працэнтнага пункта на працягу жніўня.

Агульная інфляцыя ў Беларусі з пачатку 2026 году склала 3,1%.

У жніўні Белстат фіксаваў, што з пачатку году бульба падаражэла на 81,6%, цыбуля — на 44,3%, буракі — на 84,6%, а морква — на 91,9%.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Беларусі істотна падаражэў «баршчавы набор», нягледзячы на новы ўраджай гародніны

Чаму гэта важна

Падвышэньне цэнаў на базавыя прадукты і паслугі, ад якіх нельга адмовіцца, б’е па гаманцы найбяднейшых групаў насельніцтва — пэнсіянэраў, а таксама малазабясьпечаных сем’яў зь дзецьмі. Для іх інфляцыя адчуваецца значна вышэйшай за афіцыйную лічбу.

Прагноз інфляцыі ў Беларусі ад Эўразійскага банку разьвіцьця (ЭАБР) — 5,8% за год. Прырост валавога ўнутранага прадукту (ВУП) банк прагназуе на ўзроўні 1,3%, а курс беларускага рубля — 3 рублі за даляр.

Але гэты прагноз актуальны пры ўмове запаволеньня інфляцыі ў Расеі і працягу адміністрацыйнага рэгуляваньня цэн. Тымчасам у Расеі інфляцыя ўзмацнілася ў сувязі з паліўным крызісам.

У ЭАБР мяркуюць, што інфляцыя ў Беларусі паскорыць перанос ціску цэнаў з Расеі і дэфіцыт працоўных рэсурсаў.

Паводле прагнозаў ураду Беларусі, інфляцыя ў 2026 годзе мае быць не вышэйшай за 7%.

Раней улады прызналі, што летась інфляцыя перавысіла паказьнік, заплянаваны ўрадам, — 5 працэнтаў. Рэальная інфляцыя за 2025 год, паводле афіцыйных крыніц, склала 6,8%.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

З 8 траўня ў Беларусі падаражэюць квіткі на цягнікі і электрычкіБелстат паведаміў, што найбольш падаражэла ў 2026 годзеСпыталі ў беларусаў, ці адмаўляюцца яны ад даляраў празь іх нізкі курсЧаму ў Беларусі яблыкі даражэюць, а бананы таньнеюць і што яшчэ адбываецца з цэнамі на садавіну і гароднінуМіжнародны валютны фонд пагоршыў прагноз разьвіцьця эканомікі Беларусі ў 2026 годзе