Прэм’ера фільма «Ня створаныя для палітыкі» («Not Made For Politics») адбылася летась на прэстыжным Талінскім кінафэстывалі «Чорныя ночы» (PÖFF), стужка дэманстравалася на многіх іншых кінафэстах, у тым ліку на польскім «Millennium Docs Against Gravity» (MDAG).
Выхад фільма на HBO азначае, што цяпер яго можа пабачыць вялікая колькасьць людзей, кажа рэжысэрка і прадусэрка, заснавальніца кінафэстывалю «Паўночнае зьзяньне» Воля Чайкоўская.
Вольга Чайкоўская
«Гэта крута, гэта вялікая падзея, што мой рэжысэрскі дэбют на HBO. Гэта супэрдасягненьне: мяне сям’я вельмі падтрымлівае, муж ганарыцца, сяброўка ўжо сказала: „Гэта крута, людзі ідуць да гэтага ўсё сваё жыцьцё!“
Фільм, які выйшаў на HBO, убачаць значна больш людзей, чым фільм, які быў паказаны на фэстывалі ў Канах і больш нікуды не патрапіў альбо патрапіў яшчэ на некалькі фэстываляў, але ня выйшаў на нейкай плятформе ці на тэлебачаньні. На жаль, гэта факт: ёсьць фэстывальная субкультура і ёсьць масавы глядач, і малаверагодна, што ён наведвае фэстывалі. Глядач пабачыць фільм толькі тады, калі ён выйдзе на нейкай плятформе, пажадана — максымальна вялікай», — перакананая Воля Чайкоўская.
HBO Max — амэрыканскі стрымінгавы сэрвіс, які належыць кампаніі Warner Bros. Discovery і мае больш за 100 мільёнаў платных падпісантаў па ўсім сьвеце.
Фільм «Ня створаныя для палітыкі» інтэрнацыянальны, падкрэсьлівае аўтарка: акрамя таго, што ён беларускі, ён яшчэ эстонскі, францускі, амэрыканскі — над ім працавалі прадусэры з гэтых краін.
«Я сама выступаю як эстонская прадусэрка. І як рэжысэрка беларускага паходжаньня ў Эстоніі. Гэта першы фільм, зроблены беларускай жанчынай-рэжысэркай, які трапіў на HBO. Гэта першы копрадакшн (сумесная вытворчасьць. — РС) HBO Europe Documentaries з балтыйскай краінай», — кажа яна.
Яшчэ для Волі Чайкоўскай вельмі важна, што калі фільм «Ня створаныя для палітыкі» будзе даступны больш шырокаму колу гледачоў на вялікай стрымінгавай плятформе, людзі зноў узгадаюць Беларусь.
«Магчыма, у іх нейкая эмпатыя, цікаўнасьць да нас зноў прачнецца, яны больш даведаюцца пра нашу краіну, пра падзеі 2020 года», — спадзяецца рэжысэрка.
«Назва сапраўды іранічная»
Фільм «Ня створаныя для палітыкі» — гэта гісторыі трох жанчын, якія чакаюць сваіх мужоў, што знаходзяцца ў зьняволеньні: Сьвятланы Ціханоўскай, Надзеі Зелянковай і Машы. І відавочна, што ён мае палітычную скіраванасьць — насуперак назову. Рэжысэрка з гэтым пагаджаецца.
«Назва сапраўды іранічная. Фільм мае некалькі кантэкстаў. Адзін кантэкст палітычны: што адбывалася ў Беларусі ў цэлым у 2020 годзе. Гэта кантэкст змаганьня, пастаяннага дуалізму: Беларусі дэмакратычнай і Беларусі аўтарытарнай, Беларусі расейскамоўнай і Беларускі беларускамоўнай. І пра ролю жанчын у палітыцы, пра тое, як успрымаюцца жанчыны ў палітыцы ці наадварот, не ўспрымаюцца ўсур’ёз. І наогул пра стаўленьне да жанчын», — кажа яна.
Воля Чайкоўская працавала над фільмам цягам 5 гадоў, і ён вельмі зьмяняўся ў працэсе. Яна сьцьвярджае, што гэта нармальная зьява для дакумэнтальнага кіно: калі ты пачынаеш з адной ідэі, а ў фінале фільм вельмі моцна адрозьніваецца ад першапачатковай задумы. І штуршком для яе стаў найперш кейс Сьвятланы Ціханоўскай, якая зрабіла рашучы крок — пагадзілася замясьціць свайго зьняволенага мужа ў прэзыдэнцкай кампаніі, а яе падтрымалі іншыя жанчыны — Марыя Калесьнікава і Вераніка Цапкала.
«Мяне цікавіла, якое было стаўленьне да яе і мэдыя, і людзей, і самога рэжыму, які яе зарэгістраваў з мэтай менавіта пакпіць: маўляў, „яна хатняя гаспадыня, у яе няма досьведу, яна прыйшла літаральна з кухні і зараз „аблажаецца“, і мы ўсе будзем зь яе сьмяяцца“ — такая была мэта.
А атрымалася ўсё зусім па-іншаму. Сьвятлану доўга апісвалі як жонку Сяргея Ціханоўскага. Прайшло шмат часу, пакуль яе пачалі абазначаць як самастойную незалежную асобу, якая сама робіць свой выбар. І для мяне гэта было вельмі паказальна», — разважае Воля.
Калі Чайкоўская пачынала працу над фільмам, у яго была іншая працоўная назва: па-ангельску «The Wife оf» — умоўна кажучы, «Чыясьці жонка», «Жонка кагосьці», тлумачыць яна.
«Па-ангельску ты бачыш „The Wife Of“ — і маецца на ўвазе Сяргей Ціханоўскі. Па-беларуску так ня сказаш, няма дадатковых слоўцаў, якія даюць вось гэты кантэкст: жонка ў назоўным склоне, хаця маецца на ўвазе „жонка — чыя“. І што жонка без кагосьці, сама па сабе — немагчыма. Вось такі фэномэн.
Мая мэта была — паказаць жанчын, якія змагаюцца за вызваленьне сваіх мужоў — палітвязьняў. Гэтыя жанчыны нашмат больш, чым проста жонкі мужоў, якія сядзяць у турмах. Мне было цікава: як успрымаюць жанчын, наколькі складаныя жыцьцёвыя сытуацыі прымушаюць праяўляць якасьці, якія яны раней не праяўлялі. І адначасова — як на гэта рэагуе грамадзтва, навакольны сьвет. У фільме ёсьць разважаньні: „жанчыны за мужам як за каменнай сьцяной ці не?“ Адкуль гэта пайшло? Там ёсьць адкрытыя пытаньні», — распавядае яна.
Воля Чайкоўская доўга пераймалася, што фільм выходзіць так позна. Хацелася яго раней выпусьціць: у 2020 годзе, у 2021-м. У выніку ён выйшаў у 2025-м. Цяпер зьмірылася, калі ён трапіў на HBO.
«Такі фільм немагчыма было выпусьціць раней і ў кантэксьце сусьвету, таго, што зараз адбываецца ў сьвеце, фільм выходзіць у нейкая іншае вымярэньне — кантэкстуальнае, філязофскае. Я вельмі спадзяюся, што фільм будзе правакаваць людзей на думку», — кажа рэжысэрка.
«Дыктатура зьнішчыла кінафэстываль «Паўночнае зьзяньне»
Воля Чайкоўская паводле адукацыі журналістка, скончыла журфак БДУ. Але знайшла сябе ў кінадакумэнталістыцы. У 2015 годзе заснавала міжнародны кінафэстываль паўночных і балтыйскіх краін «Паўночнае зьзяньне», і цягам 5 гадоў ён праходзіў у менскім кінатэатры «Мір», паказы былі і ў іншых гарадах Беларусі. З 2020 года фэст перайшоў у онлайн і гібрыдны фармат. Цяпер Волга жыве і працуе ў Таліне.
Воля Чайкоўская на фэстывалі «Паўночнае зьзяньне»
У 2026 годзе сайт «Паўночнага зьзяньня» быў прызнаны «экстрэмісцкім», а КДБ Беларусі абвесьціла кінафэстываль «экстрэмісцкім фармаваньнем». Для самой Волі гэта балючая тэма.
«Я магу дакладна сказаць, што дыктатура зьнішчыла кінафэстываль „Паўночнае зьзяньне“ ў той форме і выглядзе, у якіх ён існаваў. Гэта вельмі сумна, гэта як адсечаная рука, як гісторыя, якую спынілі. Я прывозіла ў Беларусь скандынаўскія, балтыйскія фільмы. Калі мы выйшлі ў онлайн — людзі дзякавалі. Для мяне гэта была справа жыцьця, якой я „гарэла“. Мы расьлі, зьяўляліся партнэры. Гэта быў брэнд. Цяпер, знаходзячыся ў эміграцыі, захоўваць гэта як брэнд такога маштабу нашмат складаней. У Эўропе ёсьць шмат сваіх кінафэстываляў.
Выгнаньню ёсьць нейкая мяжа — ты можаш 20 гадоў жыць не ў Беларусі з прычыны перасьледу і казаць, што жывеш у выгнаньні. Мне хочацца перастаць выкарыстоўваць слова „выгнаньне“, я не хачу ўвесь час пазыцыянаваць, што жыву ў выгнаньні. Я пажыла некалькі гадоў, а зараз хачу пачувацца ўжо больш упэўнена і не называць гэта выгнаньнем. Тое самае і пра пазыцыянаваньне кінафэстывалю — колькі ты можаш рабіць кінафэстываль у выгнаньні? Гэта рытарычнае пытаньне», — разважае заснавальніца «Паўночнага зьзяньня» Воля Чайкоўская.
Некаторыя праекты, над якімі цяпер працуе Воля Чайкоўская, зьвязаныя зь Беларусьсю.
«Я ж беларуска, размаўляю па-беларуску, думаю па-беларуску. Ёсьць некалькі кінаідэй, і дакумэнтальных і гульнявых. Ня буду ўдавацца ў падрабязнасьці. Спадзяюся, яны выйдуць. І будуць зь Беларусьсю зьвязаныя».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Фільм Андрэя Куцілы пра рэпрэсіі ў Беларусі трапіў на Вэнэцыянскі міжнародны фэстываль«Сьвятое месца пустым не бывае»
Ці ёсьць дакумэнтальнае кіно ў Беларусі? Ці засталося там штосьці жывое? Ці зьяўляюцца фільмы беларускіх творцаў на міжнародных кінафэстывалях? Сама Воля ў Беларусь ня езьдзіць і прызнаецца, што аб’ектыўна ацаніць ня можа.
«Я чую, што людзі кажуць, што там нічога не адбываецца. Але мяркую, што „сьвятое месца пустым не бывае“. Ведаю, што ёсьць маладыя творцы, і з-за таго, што месцы вызваліліся, камусьці будзе больш прасторы. Не хачу называць імёнаў, але штосьці адбываецца. Спадзяюся, што і на міжнародных фэстывалях зьявіцца працы беларускіх творцаў. Канечне, калі людзі хочуць працаваць незалежна — ім складана, таму што існуе цэнзура, рэпрэсіі, яны павінны быць вельмі асьцярожнымі.
Ну а людзі, якія хочуць працаваць на рэсурсы дзяржавы, думаю, таксама знойдуцца. Ёсьць жа дзяржаўныя датацыі на стварэньне гульнявых фільмаў — падавайцеся. Іншая справа — пытаньні якасьці, усяго астатняга Бо калі ёсьць цэнзура, ёсьць пэўная дзяржаўная замова прапагандысцкага кшталту — пра якасьць не выпадае казаць», — выказвае сваё меркаваньне рэжысэрка.