Бяляцкі: «Ня раю іншым палітычным уцекачам паўтараць тое, што зрабіў Анджэй»
«Гэта цікавы факт, які сьведчыць пра тое, што Анджэй трымае сваё слова і робіць усё дзеля свабоды слова ў Беларусі на сваім уласным прыкладзе», — сказаў у камэнтары «ПіКу Свабоды» нобэлеўскі ляўрэат і былы палітзьняволены Алесь Бяляцкі.
Праваабаронца адзначыў незвычайнасьць таго, што былы палітвязень, якога раней вывезьлі з краіны, вярнуўся ў Беларусь.
«Сам гэты выпадак незвычайны, бо нішто ў Беларусі ў галіне правоў чалавека да лепшага не зьмянілася. Мне, прыкладам, немагчыма гэтак жа зрабіць, бо на мяне ўжо завялі новую крымінальную справу. Але я вельмі рады за Анджэя», — сказаў Алесь Бяляцкі.
У фэйсбуку Бяляцкі напісаў сваю параду:
«Ня раю іншым палітычным уцекачам паўтараць тое, што зрабіў Анджэй, каб седзячы ў калёніі потым не дакараць сябе за даверлівасьць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«У жыцьці нельга кіравацца страхам». Былы палітвязень Анджэй Пачобут вярнуўся з Польшчы ў БеларусьЦіханоўская: «Галоўнае, каб Пачобут быў у бясьпецы»
На вяртаньне Пачобута ў Беларусь адгукнулася і дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская.
«Такія людзі натхняюць, але галоўнае, каб ён быў у бясьпецы. Анджэй Пачобут вярнуўся ў Беларусь. І, думаю, кожны, хто ведае яго гісторыю, разумее, колькі мужнасьці стаіць за гэтым рашэньнем. Часам нават ва ўмовах дыктатуры чалавек можа адваяваць для сябе маленькую прастору свабоды — дзякуючы ўласнай стойкасьці і міжнароднай падтрымцы. Я вельмі радая, што Анджэй цяпер у Беларусі і можа быць дома», — напісала Ціханоўская ў сваім тэлеграм-канале.
У той жа час яна адзначыла, што рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца: людзей затрымліваюць, заводзяць крымінальныя справы, ціснуць на родных, выклікаюць у КДБ.
«Для тых, хто мае рызыку перасьледу, вяртаньне па-ранейшаму можа быць небясьпечным. Гісторыя Анджэя — вельмі асаблівая. Такія людзі натхняюць сваёй вытрымкай і гераізмам. І сёньня галоўнае — каб ён быў у бясьпецы. І спадзяюся, што ён гэтак жа свабодна зможа выехаць».
Класкоўскі: «Ёсьць рызыка правакацый і найперш з боку расейскіх спэцслужбаў»
Палітычны аглядальнік агенцтва «Позірк» Аляксандар Класкоўскі назваў у камэнтары «ПіКу Свабоды» ўчынак Пачобута мужным і рызыкоўным крокам.
«Найперш адзначу, што гэта чарговы мужны крок з боку Пачобута. Ён даказвае цьвёрдасьць свайго характару. Але гэта і вельмі рызыкоўны крок, бо ёсьць рызыка правакацый і найперш, магчыма, з боку расейскіх спэцслужбаў, якія не зацікаўленыя ў паляпшэньні дачыненьняў паміж Менскам і Варшавай», — сказаў Класкоўскі.
Паводле аналітыка, Пачобут выпрабоўвае рэжым Лукашэнкі, як раней ужо зрабіў Мікола Статкевіч.
«Незалежна ад праграмы яго візыту, сам факт гэтага візыту — гэта ўжо нейкае пашырэньне рамак дазволенага. І тут Лукашэнка, з аднаго боку, ня хоча страчваць польскі і амэрыканскі трэк, але, зь іншага боку, — адзін, два, тры чалавекі калі так вось будуць пашыраць межы дазволенага, то гэта пагражае ўжо цьвёрдасьці рэжыму. Так што гэта такая інтрыга, за якой усе мы будзем сачыць, канечне, зь вялікім хваляваньнем», — лічыць Аляксандар Класкоўскі.
Вяртаньне Пачобута
8 верасьня па абедзе былы палітвязень Анджэй Пачобут, якога 26 красавіка вывезьлі ў Польшчу ў рамках міжнароднага абмену вязьнямі, прайшоў польска-беларускую мяжу і вярнуўся ў Беларусь. Ён скіраваўся ў Горадню, паведаміла польская Gazeta Wyborcza.
Інфармацыю пра выезд Пачобута ў Беларусь польскаму агенцтву PAP пацьвердзілі крыніцы, блізкія да польскіх спэцслужбаў. Актывіста ў паездцы суправаджала дачка.
Паводле зьвестак Gazeta Wyborcza, пасьля вяртаньня з Беларусі Пачобут плянуе накіравацца ў ЗША і Канаду, дзе сустрэнецца з палітыкамі і актывістамі польскай дыяспары.
Пасьля вяртаньня ў Польшчу ён плянуе засяродзіцца на завяршэньні кнігі, у якой падрабязна апісваецца яго знаходжаньне ў папраўчай калёніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Пачобут: «Я хачу дадому і паеду дадому»Перасьлед і вызваленне Пачобута
Анджэй Пачобут — горадзенскі журналіст, карэспандэнт польскага выданьня Gazeta Wyborcza і актывіст непрызнанага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў Беларусі, правёў за кратамі больш за пяць гадоў.
Яго затрымалі 25 сакавіка 2021 году, а ў лютым 2023 году засудзілі на восем гадоў калёніі. Праваабаронцы прызналі Пачобута палітвязьнем, а польскія ўлады дамагаліся яго вызваленьня.
Яшчэ ў 2021 годзе Пачобут адмовіўся ад прапановы выйсьці на волю ўзамен на выезд зь Беларусі. 28 красавіка 2026 году, пасьля больш як пяці гадоў зьняволеньня, яго вызвалілі і вывезьлі ў Польшчу ў рамках міжнароднага абмену зьняволенымі.
Адразу пасьля вызваленьня Пачобут заявіў пра намер вярнуцца ў Беларусь. Пазьней ён неаднаразова пацьвярджаў гэтае рашэньне, тлумачачы, што ягоны дом у Горадні, а больш за 20 гадоў свайго жыцьця ён прысьвяціў дзейнасьці Саюзу палякаў у Беларусі.
У канцы жніўня Пачобут казаў, што плянуе вярнуцца ў верасьні, перад зьездам палякаў у Беларусі, прызначаным на 13 верасьня.
У пачатку верасьня стала вядома, што зьезд адклалі на пазьнейшы тэрмін, аднак Пачобут заявіў, што гэта не мяняе ягоных плянаў вярнуцца ў Беларусь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Менск прапануе легалізаваць Саюз палякаў пры ўмове стварэньня новай арганізацыі?Хто такі Анджэй Пачобут
- Анджэй Пачобут — вядомы журналіст і грамадзкі дзеяч, сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі.
- Нарадзіўся 17 красавіка 1973 году ў Вялікай Бераставіцы (Горадзенская вобласьць). Яму 49 гадоў. Жыве ў Горадні. Жанаты, двое дзяцей: старэйшая дачка вучыцца ў Горадні ў мэдычным унівэрсытэце, малодшы сын ходзіць у школу.
- У 2002 годзе прыйшоў у журналістыку. Працаваў у першых незалежных горадзенскіх газэтах «Пагоня», «Дзень», «Мясцовы час», рэспубліканскай газэце «Народная воля», газэце СПБ на польскай мове Głos znad Niemna («Голас з-над Нёману»). Быў рэдактарам часопіса СПБ Magazyn Polski na uchodźstwie, карэспандэнтам буйнога польскага выданьня Gazeta Wyborcza. Займаўся тэмамі, зьвязанымі з гісторый спэцслужбаў СССР, антысавецкага супраціву ў Заходняй Беларусі, Арміяй Краёвай.
- 25 сакавіка 2021 году Андрэя Пачобута затрымалі, прыйшоўшы да яго зь ператрусам.
- Трох фігурантак «польскай справы» Ірэну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую і Ганну Панішаву у траўні 2021 вызвалілі ўзамен на выезд зь Беларусі. Пачобут адмовіўся ад такой прапановы. Старшыню Анжаліку Борыс у сакавіку 2022 вызвалілі зь СІЗА пад хатні арышт.
- У Анджэя хворае сэрца. Раней, асабліва ў сьпёку, у яго часта здараліся прыступы, ён слабеў, клаўся ў шпіталь праз парушаны рытм сэрца.
- За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасьні 1939-га Анджэя Пачобута абвінавацілі ў «распальваньні варожасьці па нацыянальнай прыкмеце». У публікацыі Пачобут назваў напад СССР на Польшчу 17 верасьня 1939 году агрэсіяй. Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы фігуравалі заявы журналіста ў абарону польскай меншасьці ў Беларусі, артыкул пра здушэньне беларускіх пратэстаў у 2020 годзе і тэкст 2006 году пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падпольля на Горадзеншчыне.
- У 2023-м Пачобуту вынесьлі прысуд — 8 гадоў калёніі. 21 чэрвеня стала вядома, што палітвязьня перавялі ў наваполацкую калёнію № 1.
- 28 красавіка 2026 году быў вызвалены і вывезены ў Польшчу ў рамках абмену зьняволенымі.