Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачобут: «Я хачу дадому і паеду дадому»

Анджэй Пачобут, архіўнае фота
Анджэй Пачобут, архіўнае фота

Былы палітвязень Анджэй Пачобут зьбіраецца вярнуцца ў Беларусь на пачатку верасьня. Пра гэта ён заявіў у размове з карэспандэнтам польскага рэгіянальнага выданьня Tygodnik Podhalański.

Такім чынам, ягоная пазыцыя, выказаная на Польскім радыё ў траўні, засталася нязьменнай. Тады ён сказаў, што зьбіраецца вярнуцца ў Беларусь да зьезду Зьвязу палякаў на Беларусі. Як пазьней стала вядома, зьезд адбудзецца 13 верасьня.

«Тут ты адрываесься ад астатняга грамадзтва, ад людзей, якія там жывуць у абсалютна іншых умовах. І ты проста ня маеш права гаварыць ад іхнага імя», — патлумачыў ён сваю пазыцыю Tygodniku Podhalańskiemu.

Прапануем некалькі фрагмэнтаў з інтэрвію Анджэя Пачобута падгальскаму парталу.

«У мяне ж ужо ў галаве ёсьць дэдлайн»

«У мяне ж ужо ў галаве ёсьць дэдлайн. А калі ёсьць дэдлайн, то працуеш інтэнсіўна, праўда?»

«Усё ж трэба гаварыць пра тысячы палітычных вязьняў»

«Я думаю, што ўсё ж трэба гаварыць пра тысячы палітычных вязьняў. Справа ў тым, што сьпіс палітвязьняў няпоўны, бо праваабаронцы ня маюць цяпер тых інструмэнтаў, якія мелі раней. Увесь маніторынг судовых прысудаў цяпер вельмі, вельмі ўскладнены. Увогуле плынь інфармацыі зь Беларусі ў астатні сьвет абцяжараная, максымальна абцяжараная.

Калі я сядзеў у лягеры, то ведаў дзясяткі людзей, якіх няма ні ў якіх сьпісах, хоць яны былі асуджаныя за ўдзел у пратэстах, і справы відавочна былі палітычныя. Але, нягледзячы на гэта, іх не было ні ў якіх сьпісах — перадусім таму, што іхныя прысуды калісьці не былі зафіксаваныя, а іхныя сем’і не зацікаўленыя ў тым, каб прыцягваць дадатковую ўвагу да іхнага лёсу.

Справа ў тым, што ў Беларусі вельмі пашыраная думка, што прыцягненьне дадатковай увагі можа стварыць праблемы. Я лічу інакш. Я лічу, што нават калі на пачатковым этапе гэта пацягне за сабой нейкія праблемы і ціск з боку адміністрацыі, у выніку гэта будзе працаваць на карысьць. Але кожны мае сваю стратэгію выжываньня, таму цяжка камусьці нешта раіць. На жаль, палітычныя працэсы працягваюцца, людзі ўсё яшчэ трапляюць у турмы».

Што дазваляла вытрываць

«Вера. Вера, вера. Акрамя таго, я ўсьведамляў, што я не адзін. Ёсьць Зьвяз палякаў, ёсьць тысячы палякаў у Беларусі, ёсьць Польшча. Фактычна салідарным са мной быў увесь сьвет, я гэта ведаў. Маю на ўвазе палянійныя арганізацыі ва ўсім сьвеце. Гэтае ўсьведамленьне ў мяне было. І гэта, вядома, давала сілы.

Акрамя таго, Божа мой, уся гэтая мая гісторыя пачалася вельмі даўно, у 2005 годзе. Рэпрэсіі паступова ўзмацняліся, гайкі закручвалі паволі, ціск нарастаў, розныя дзеяньні праводзіліся, потым была цішыня, і чалавек мог адаптавацца да такіх умоваў. Таму мне было лягчэй, чым людзям, якія раптам у 2020 годзе даведаліся, у якой дзяржаве яны жывуць і што ўлада можа зь імі зрабіць».

«Я хачу дадому і паеду дадому»

— Ты зьбіраесься ў Горадню?

— Так, на пачатку верасьня.

— Нягледзячы на тое, што табе там нехта ўвесь час шэпча на вуха: «Анджэю, кінь, гэта кепска скончыцца»?

— Слухай, я з Горадні, я з-над Нёмана, там мая радзіма, Горадзеншчына. Калі я паехаў у Вільню і апынуўся на Віленшчыне, калі пачуў там нашую польскую мову, мясцовыя рысы, дык, ведаеш, увогуле ўсе гэтыя нашыя настроі... Бо гэта фактычна адзін рэгіён, што тут казаць. Мне было вельмі блізка да дому. Настальгія вельмі моцна ўдарыла менавіта там, калі мы прыехалі ў Друскенікі, там быў Нёман. Так што, без сумневу, я хачу дадому і паеду дадому. На пачатку верасьня буду, яшчэ некалькі справаў маю — і паеду.

— Ня ўсе лічаць, што ты робіш правільна.

— Гэта ты далікатна сказаў. Справа ў тым, што я ведаю: нават апытаньні рабілі, публічныя… Каля 80 адсоткаў ці колькі там перакананыя, што я не павінен вяртацца дадому, ну але...

— Галоўны аргумэнт такі: ты больш зробіш тут, чым там. Цябе не пераконвае такі аргумэнт?

— Нікога з тых, хто дзейнічаў у ПНР, з кім я размаўляў, такі аргумэнт не пераконвае. Бо кожны чалавек разумее: тут ты адрываесься ад астатняга грамадзтва, ад людзей, якія там жывуць у абсалютна іншых умовах. І ты проста ня маеш права гаварыць ад іхнага імя.

— Многія палякі былі ў падобнай сытуацыі, калі ваеннае становішча застала іх за мяжой, і ў іх была такая дылема: вяртацца ці не вяртацца.

— Так, дакладна.

— Але паглядзі — яны часта вярталіся. І таксама потым траплялі ў турмы.

— Так.

— А як ты ўяўляеш сабе перасячэньне мяжы? Думаеш, будуць правяраць, паставяць штамп ці не паставяць нешта — і паедзеш?

— Так сабе і ўяўляю. А як будзе — даведаемся. Ужо нядоўга засталося чакаць.

Хто такі Анджэй Пачобут

  • Анджэй Пачобут — вядомы журналіст і грамадзкі дзеяч, сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі.
  • Нарадзіўся 17 красавіка 1973 году ў Вялікай Бераставіцы (Горадзенская вобласьць). Яму 49 гадоў. Жыве ў Горадні. Жанаты, двое дзяцей: старэйшая дачка вучыцца ў Горадні ў мэдычным унівэрсытэце, малодшы сын ходзіць у школу.
  • У 2002 годзе прыйшоў у журналістыку. Працаваў у першых незалежных горадзенскіх газэтах «Пагоня», «Дзень», «Мясцовы час», рэспубліканскай газэце «Народная воля», газэце СПБ на польскай мове Głos znad Niemna («Голас з-над Нёману»). Быў рэдактарам часопіса СПБ Magazyn Polski na uchodźstwie, карэспандэнтам буйнога польскага выданьня Gazeta Wyborcza. Займаўся тэмамі, зьвязанымі з гісторый спэцслужбаў СССР, антысавецкага супраціву ў Заходняй Беларусі, Арміяй Краёвай.
  • 25 сакавіка 2021 году Андрэя Пачобута затрымалі, прыйшоўшы да яго зь ператрусам.
  • Трох фігурантак «польскай справы» Ірэну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую і Ганну Панішаву у траўні 2021 вызвалілі ўзамен на выезд зь Беларусі. Пачобут адмовіўся ад такой прапановы. Старшыню Анжаліку Борыс у сакавіку 2022 вызвалілі зь СІЗА пад хатні арышт.
  • У Анджэя хворае сэрца. Раней, асабліва ў сьпёку, у яго часта здараліся прыступы, ён слабеў, клаўся ў шпіталь праз парушаны рытм сэрца.
  • За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасьні 1939-га Анджэя Пачобута абвінавацілі ў «распальваньні варожасьці па нацыянальнай прыкмеце». У публікацыі Пачобут назваў напад СССР на Польшчу 17 верасьня 1939 году агрэсіяй. Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы фігуравалі заявы журналіста ў абарону польскай меншасьці ў Беларусі, артыкул пра здушэньне беларускіх пратэстаў у 2020 годзе і тэкст 2006 году пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падпольля на Горадзеншчыне.
  • У 2023-м Пачобуту вынесьлі прысуд — 8 гадоў калёніі. 21 чэрвеня стала вядома, што палітвязьня перавялі ў наваполацкую калёнію № 1.
  • 28 красавіка 2026 году быў вызвалены і вывезены ў Польшчу ў рамках абмену зьняволенымі.
Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG