8 верасьня па абедзе былы палітвязень Анджэй Пачобут, якога вывезьлі ў Польшчу, прайшоў польска-беларускую мяжу і вярнуўся ў Беларусь, паведаміла польская Gazeta Wyborcza.
«Там ён мае намер сустрэцца з сям’ёй і паплечнікамі з Саюзу палякаў Беларусі. Яго паездка працягнецца тыдзень», — паведаміў журналіст Gazeta Wyborcza Барташ Вяліньскі.
Інфармацыю пра выезд Пачобута ў Беларусь польскаму агенцтву PAP пацьвердзілі крыніцы, блізкія да польскіх спэцслужбаў. Паводле іх словаў, актывіста ў паездцы суправаджала жанчына.
Анджэй Пачобут перасек польска-беларускую мяжу ў Баброўніках і накіраваўся ў свой родны горад Горадню. Паводле зьвестак «Газэты выборчай», пасьля вяртаньня з Беларусі Пачобут плянуе накіравацца ў ЗША і Канаду, дзе сустрэнецца з палітыкамі і актывістамі польскай дыяспары. Пасьля ён мае вярнуцца ў Польшчу, дзе плянуе засяродзіцца на завяршэньні кнігі, у якой падрабязна апісваецца яго знаходжаньне ў папраўчай калёніі.
Перад перасячэньнем польска-беларускай мяжы Анджэй Пачобут сказаў у інтэрвію журналісту Gazeta Wyborcza, што апынуўся ў сытуацыі, якой «кожны баяўся б».
«Я таксама баюся. Але ў жыцьці нельга кіравацца страхам», — сказаў ён.
У Пачобута спыталі пра паралелі са справай расейскага апазыцынэра Аляксея Навальнага, які ў 2021 годзе вярнуўся зь Нямеччыны ў Расею, пасьля чаго яго адразу арыштавалі, пазьней Навальны загінуў у турме.
Пачобут падкрэсьліў, што службы пяць гадоў трымалі яго «на павадку» і нічога яму не зрабілі.
«Але чаму мы абмяркоўваем гісторыю Навальнага? Па-першае, Беларусь — гэта іншая краіна, чым Расея. І сытуацыя зусім іншая. Расейцы хацелі забіць Навальнага яшчэ раней. Яны атруцілі яго «Навічком». Я правёў пяць гадоў за кратамі, яны трымалі мяне і нічога са мной не зрабілі. А яны маглі рабіць усё, што хацелі», — адказаў Пачобут.
Зьявілася фота Анджэя Пачобута ў Горадні на беразе Нёмана.
Анджэй адзначыў, што ў цяперашняй сытуацыі яго зноў зьняволіць «было б вельмі нязручна для ўладаў у Менску, бо робяцца спробы размарозіць адносіны з Захадам».
Пачобут таксама раскрыў, хто чакаў яго па той бок мяжы:
«Сям’я. Мая ўласная сямʼя і актывісты Саюзу палякаў. Я перасяку мяжу з дачкой Янай. Мы паедзем дадому ў Горадню. Яшчэ я спынюся ў Вялікай Бераставіцы, — сказаў ён. — Гэта сьціплае мястэчка. Я паеду паглядзець на наш стары дом. Я наведаю могілкі. Я вельмі хацеў гэтага зрабіць. Толькі цяпер у мяне будзе магчымасьць. А потым мы паедзем у Горадню. Да жонкі, да бацькоў».
Актывіст Саюзу палякаў сказаў, што плянуе наведаць «розныя гарады»: «Нам трэба праверыць, што адбываецца». Гэта зьвязана з заплянаванымі сустрэчамі з актывістамі Саюза палякаў Беларусі.
Адказваючы на пытаньне журналіста Gazeta Wyborcza, ці не баіцца ён сваімі перасоўваньнямі па Беларусі раззлаваць рэжым Лукашэнкі, Пачобут адказаў адмоўна.
«Паводле адукацыі я юрыст і выконваю закон. Я ніякім чынам не парушаю Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь. А акрамя таго, я хачу падтрымаць Саюз палякаў. Падтрымаць незалежнасьць гэтай арганізацыі. Бо толькі калі яна будзе незалежнай, яна будзе прадстаўляць польскую меншасьць, — сказаў Анджэй Пачобут.
Бяляцкі і Ціханоўская — пра вяртаньне Пачобута
«Гэта цікавы факт, які сьведчыць пра тое, што Анджэй трымае сваё слова і робіць усё дзеля свабоды слова ў Беларусі на сваім уласным прыкладзе», — сказаў у камэнтары «ПіКу Свабоды» нобэлеўскі ляўрэат і былы палітвязень Алесь Бяляцкі.
Праваабаронца адзначыў незвычайнасьць таго, што былы палітвязень, якога раней вывезьлі з краіны, вярнуўся ў Беларусь.
«Сам гэты выпадак незвычайны, бо нішто ў Беларусі ў галіне правоў чалавека да лепшага не зьмянілася. Мне, прыкладам, немагчыма гэтак жа зрабіць, бо на мяне ўжо завялі новую крымінальную справу. Але я вельмі рады за Анджэя», — сказаў Алесь Бяляцкі.
Дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская адгукнулася на вяртаньне Пачобута ў Беларусь.
«Такія людзі натхняюць, але галоўнае, каб ён быў у бясьпецы. Анджэй Пачобут вярнуўся ў Беларусь. І, думаю, кожны, хто ведае яго гісторыю, разумее, колькі мужнасьці стаіць за гэтым рашэньнем. Часам нават ва ўмовах дыктатуры чалавек можа адваяваць для сябе маленькую прастору свабоды — дзякуючы ўласнай стойкасьці і міжнароднай падтрымцы. Я вельмі радая, што Анджэй цяпер у Беларусі і можа быць дома», — напісала Ціханоўская ў сваім тэлеграм-канале.
У той жа час яна адзначыла, што рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца: людзей затрымліваюць, заводзяць крымінальныя справы, ціснуць на родных, выклікаюць у КДБ.
«Для тых, хто мае рызыку перасьледу, вяртаньне па-ранейшаму можа быць небясьпечным. Гісторыя Анджэя — вельмі асаблівая. Такія людзі натхняюць сваёй вытрымкай і гераізмам. І сёньня галоўнае — каб ён быў у бясьпецы. І спадзяюся, што ён гэтак жа свабодна зможа выехаць».
Анджэй Пачобут — горадзенскі журналіст, карэспандэнт польскай Gazeta Wyborcza і актывіст непрызнанага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў Беларусі, правёў за кратамі больш за пяць гадоў. Яго затрымалі 25 сакавіка 2021 году, а ў лютым 2023 году засудзілі на восем гадоў калёніі. Праваабаронцы прызналі Пачобута палітвязьнем, а польскія ўлады дамагаліся яго вызваленьня.
Яшчэ ў 2021 годзе Пачобут адмовіўся ад прапановы выйсьці на волю ўзамен на выезд зь Беларусі. 28 красавіка 2026 году, пасьля больш як пяці гадоў зьняволеньня, яго вызвалілі і вывезьлі ў Польшчу ў рамках міжнароднага абмену зьняволенымі.
Адразу пасьля вызваленьня Пачобут заявіў пра намер вярнуцца ў Беларусь. Пазьней ён неаднаразова пацьвярджаў гэтае рашэньне, тлумачачы, што ягоны дом у Горадні, а больш за 20 гадоў свайго жыцьця ён прысьвяціў дзейнасьці Саюзу палякаў у Беларусі. У канцы жніўня Пачобут казаў, што плянуе вярнуцца ў верасьні, перад зьездам палякаў у Беларусі, прызначаным на 13 верасьня.
У пачатку верасьня стала вядома, што зьезд адклалі на пазьнейшы тэрмін, аднак Пачобут заявіў, што гэта не мяняе ягоных плянаў вярнуцца ў Беларусь.
Хто такі Анджэй Пачобут
- Анджэй Пачобут — вядомы журналіст і грамадзкі дзеяч, сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі.
- Нарадзіўся 17 красавіка 1973 году ў Вялікай Бераставіцы (Горадзенская вобласьць). Яму 49 гадоў. Жыве ў Горадні. Жанаты, двое дзяцей: старэйшая дачка вучыцца ў Горадні ў мэдычным унівэрсытэце, малодшы сын ходзіць у школу.
- У 2002 годзе прыйшоў у журналістыку. Працаваў у першых незалежных горадзенскіх газэтах «Пагоня», «Дзень», «Мясцовы час», рэспубліканскай газэце «Народная воля», газэце СПБ на польскай мове Głos znad Niemna («Голас з-над Нёману»). Быў рэдактарам часопіса СПБ Magazyn Polski na uchodźstwie, карэспандэнтам буйнога польскага выданьня Gazeta Wyborcza. Займаўся тэмамі, зьвязанымі з гісторый спэцслужбаў СССР, антысавецкага супраціву ў Заходняй Беларусі, Арміяй Краёвай.
- 25 сакавіка 2021 году Андрэя Пачобута затрымалі, прыйшоўшы да яго зь ператрусам.
- Трох фігурантак «польскай справы» Ірэну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую і Ганну Панішаву у траўні 2021 вызвалілі ўзамен на выезд зь Беларусі. Пачобут адмовіўся ад такой прапановы. Старшыню Анжаліку Борыс у сакавіку 2022 вызвалілі зь СІЗА пад хатні арышт.
- У Анджэя хворае сэрца. Раней, асабліва ў сьпёку, у яго часта здараліся прыступы, ён слабеў, клаўся ў шпіталь праз парушаны рытм сэрца.
- За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасьні 1939-га Анджэя Пачобута абвінавацілі ў «распальваньні варожасьці па нацыянальнай прыкмеце». У публікацыі Пачобут назваў напад СССР на Польшчу 17 верасьня 1939 году агрэсіяй. Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы фігуравалі заявы журналіста ў абарону польскай меншасьці ў Беларусі, артыкул пра здушэньне беларускіх пратэстаў у 2020 годзе і тэкст 2006 году пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падпольля на Горадзеншчыне.
- У 2023-м Пачобуту вынесьлі прысуд — 8 гадоў калёніі. 21 чэрвеня стала вядома, што палітвязьня перавялі ў наваполацкую калёнію № 1.
- 28 красавіка 2026 году быў вызвалены і вывезены ў Польшчу ў рамках абмену зьняволенымі.
Форум