Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск прапануе легалізаваць Саюз палякаў пры ўмове стварэньня новай арганізацыі?

Анжаліка Борыс. Архіўнае фота
Анжаліка Борыс. Архіўнае фота

Беларускія ўлады нібыта перадалі Саюзу палякаў Беларусі (СПБ) прапанову, якая можа дазволіць легалізаваць дзейнасьць арганізацыі, аднак адной з умоваў можа быць адмова ад цяперашняга брэнду і рэгістрацыя новага, магчыма, пад іншай назвай. Пра гэта са спасылкай на добра паінфармаваную крыніцу паведамляе польскі партал Centrum Europy.

Centrum Europy — польскамоўны інфармацыйна-аналітычны партал Тэлевізіі Польшчы (TVP), прысьвечаны Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе. Ён працуе ў структуры Цэнтру замежных мэдыя TVP.

5 верасьня ў Беластоку адбылося пазачарговае паседжаньне Галоўнай рады СПБ. Як расказаў выданьню адзін з удзельнікаў паседжаньня, беларускія ўлады выступілі супраць правядзеньня 13 верасьня ў Горадні статутнага выбарчага зьезду арганізацыі.

На фоне гэтага старшыня СПБ Анжаліка Борыс прадставіла ўдзельнікам паседжаньня прапанову паўторна зарэгістраваць арганізацыю, якая шмат гадоў дзейнічае без афіцыйнага дазволу, магчыма, пад іншай назвай, піша Centrum Europy. Суразмоўца выданьня патлумачыў, што адмова ад цяперашняй арганізацыі можа быць адной з умоваў, на якіх беларускія ўлады пагодзяцца на культурна-асьветніцкую дзейнасьць польскай меншасьці.

Паводле Centrum Europy, галоўная рада СПБ не разглядала згоды на легалізацыю новай арганізацыі цаной самароспуску цяперашняй. Выданьне адзначае, што няма ўпэўненасьці, ці ліквідацыя існых структураў сапраўды прывядзе да іх аднаўленьня ў легальнай форме. Рада, аднак, афіцыйна дазволіла Борыс весьці перамовы з прадстаўнікамі уладаў Беларусі пры ўмове інфармаваньня пра іхны ход Міністэрства замежных справаў Польшчы.

Сама Борыс у інтэрвію TVP Wilno, якое цытуе «Белсат», пацьвердзіла рашэньне Рады.

«Галоўная рада Саюзу палякаў, якая сабралася ў Беластоку, упаўнаважыла мяне рабіць дзеяньні, зьвязаныя зь легалізацыяй дзейнасьці. Я маю сыгналы, якія сьведчаць пра тое, што ёсьць магчымасьці, каб дзейнасьць Саюзу палякаў магла быць легальнай, ён мог функцыянаваць у прававым полі ў Беларусі», — сказала Борыс.

Яна падкрэсьліла, што перад пачаткам такіх дзеяньняў СПБ хоча атрымаць пацьверджаньне намераў беларускіх уладаў праз польскі бок.

Паводле Борыс, для СПБ «вельмі важна, каб гэтыя сыгналы ўлады Беларусі перадалі польскаму боку, і польскі бок паведаміў» ім «пра тое, што сапраўды ёсьць такія жаданьні і з боку ўладаў Беларусі». «Тады, вядома, я зраблю адпаведныя дзеяньні, зьвязаныя зь легалізацыяй дзейнасьці Саюзу палякаў», — сказала Борыс у інтэрвію TVP Wilno.

Пазачарговае паседжаньне Галоўнай рады СПБ ў Беластоку пастанавіла адкласьці зьезд у Беларусі з 13 верасьня на пазьнейшы тэрмін. Прычыны пераносу зьезду Борыс патлумачыла найперш бясьпекай яго ўдзельнікаў.

«Гаворка ішла перадусім пра бясьпеку людзей. У нас вялікая арганізацыя. У зьезьдзе ўдзельнічала вельмі шмат людзей, каля 200. Паводле беларускага заканадаўства наша дзейнасьць не прызнаецца, і дзейнасьць кожнага нашага дзеяча падпадае пад крымінальны артыкул за дзейнасьць незарэгістраванай арганізацыі, за што пагражае ад 3 да 8 гадоў. Таму тут я мусіла ўлічваць перадусім бясьпеку людзей і тое, што, вядома, мы не зацікаўленыя ў канфрантацыі», — сказала кіраўніца СБП.

Асобна суразмоўца Centrum Europy сьцьвярджае, што беларускія ўлады спрабуюць зьвязаць легалізацыю арганізацыі польскай меншасьці з санкцыямі.

«Беларускія ўлады робяць захады, імкнучыся зьвязаць легалізацыю арганізацыі польскай меншасьці з пытаньнем санкцыяў, дамагаючыся, сярод іншага, ад Варшавы скасаваньня забароны на палёты ў Беларусь і зь Беларусі. Магчыма, гаворка таксама ідзе пра згоду Польшчы на транзыт беларускіх калійных угнаеньняў, калі неўзабаве скончыцца дзейнае цяпер эўрапейскае эмбарга», — аналізуе суразмоўца Centrum Europy.

Centrum Europy не называе гэтага суразмоўцу. У публікацыі таксама не прыводзіцца незалежнага пацьверджаньня таго, што беларускія ўлады зьвязваюць магчымую легалізацыю СПБ з гэтымі пытаньнямі.

Публікацыя Centrum Europy выйшла ў дзень вяртаньня ў Беларусь сябра кіраўніцтва СПБ, журналіста Анджэя Пачобута. Паводле выданьня Gazeta Wyborcza, Пачобут пакуль едзе ў Беларусь на тыдзень.

Пачобута затрымалі ў Беларусі 25 сакавіка 2021 году, у лютым 2023 году асудзілі на восем гадоў калёніі. 28 красавіка 2026 году пасьля больш як пяці гадоў за кратамі яго вызвалілі ў рамках абмену зьняволенымі і ён выехаў у Польшчу. Пасьля вызваленьня Пачобут неаднаразова заяўляў пра намер вярнуцца ў Горадню.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG