Спэцпасланьнікі ЗША прыедуць у Расею і Ўкраіну ўжо на гэтых выходных

Джарэд Кушнэр і Стыў Ўіткаф, архіўнае фота

Спэцыяльныя пасланьнікі ЗША Стыў Ўіткаф і Джарэд Кушнэр накіроўваюцца ў Маскву і Кіеў у рамках чарговай спробы Белага дому дамагчыся заканчэньня вайны Расеі супраць Украіны.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімер Зяленскі заявіў, што «сёньня ўжо дакладна вызначана, што амэрыканскія прадстаўнікі будуць ва Ўкраіне і ў Расеі ў найбліжэйшыя дні», і заклікаў абодва бакі прыпыніць паветраныя ўдары, каб зрабіць магчымымі сустрэчы, піша Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.

Ён дадаў, што амэрыканскі бок паведаміў яму: Ўіткаф і Кушнэр спачатку наведаюць Маскву 5 верасьня, а потым 6 верасьня прыедуць у Кіеў.

«Трэба шукаць рэальныя варыянты, як скіраваць гэтую вайну да заканчэньня. Пабачым, якія прапановы ёсьць у Стыва, у Джарэда і што ім на гэта скажуць у Маскве», — адзначыў Зяленскі.

Амэрыканскія службоўцы адразу не пацьвердзілі словы Зяленскага, аднак, як шырока чакаецца, абодва пасланьнікі наведаюць расейскую і ўкраінскую сталіцы на выходных.

Раней амэрыканскі чыноўнік пацьвердзіў Радыё Свабода, што Ўіткаф і Кушнэр прыедуць у Маскву і Кіеў «найбліжэйшымі днямі», аднак падрабязнасьцяў не паведаміў — магчыма, зь меркаваньняў бясьпекі двух амэрыканцаў.

Масква не пацьвердзіла візыт пасланьнікаў у Расею, хоць расейскія СМІ цытавалі прэс-сакратара Крамля Дзьмітрыя Пяскова, які заявіў, што яны «могуць» прыехаць у Маскву ўжо 5 верасьня.

Зяленскі заклікаў прыпыніць паветраныя ўдары

Зяленскі заявіў, што ўкраінскія сілы «забясьпечаць нармальнае функцыянаваньне паветранай прасторы Расеі, каб перамоўнікі маглі бясьпечна туды прыбыць», і запатрабаваў ад Масквы ўзаемнасьці.

«З нашага боку паветраных удараў ня будзе, і Расея таксама павінна ўстрымацца ад паветраных удараў на час, неабходны для правядзеньня гэтых перамоваў».

Напярэдадні візыту расейскія войскі нанесьлі ўдар па штаб-кватэры Службы бясьпекі Ўкраіны — адной з ключавых структураў, якая будзе адказваць за бясьпеку амэрыканскіх пасланьнікаў падчас візыту.

«На жаль, расейскі дрон трапіў у цэнтральны будынак СБУ на Ўладзімерскай вуліцы ў Кіеве, насупраць Сафійскага сабору», — паведаміў прэзыдэнт Украіны Ўладзімер Зяленскі ў Telegram.

«Дрон быў накіраваны проста ў кабінэт кіраўніка службы бясьпекі», — адзначыў Зяленскі, дадаўшы, што кіраўніка СБУ Аляксандра Поклада ў той момант у кабінэце не было.

Зяленскі даручыў кіраўніку СБУ Аляксандру Покладу «адэкватна, адчувальна і, калі магчыма, люстрана адказаць расейцам на гэты ўдар, калі ўсё будзе падрыхтавана».

Мэр Кіева Віталь Клічко паведаміў, што ў выніку ўдару па нежылым будынку пацярпелі дзевяць чалавек, сямёра зь іх шпіталізавалі. Ці былі сярод іх супрацоўнікі СБУ, адразу не паведамлялася.

Праз узмоцненыя захады бясьпекі вакол гэтага рэжымнага аб’екта журналісты не змаглі пабачыць наступствы ўдару па будынку. Пасьля атакі над цэнтрам гораду быў відаць густы чорны дым.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ці Ўкраіна можа перашкодзіць цывільнай авіяцыі ў Расеі? Аналіз Свабоды

Экспэрты бачаць «эскаляцыю»

«Гэта была відавочная эскаляцыя з боку Расеі пасьля шасьці дзён інтэнсіўных бамбаваньняў», — сказала Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода cтаршая навуковая супрацоўніца Амэрыканскага інстытуту прадпрымальніцтва , былая намесьніца памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША ў Бюро па справах Эўропы і Эўразіі Гізэр А. Конлі.

«Я проста лічу, што яны паскараюць свае дзеяньні, бо бачаць, што ўкраінскія дроны і так званыя далёкабойныя санкцыі істотна ўплываюць на сытуацыю ў Расеі».

Паводле Конлі, гэты ўдар «абсалютна супярэчыць» заяве прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна, зробленай днём раней, пра тое, што ён адкрыты да перамоваў.

«Сёньняшні расейскі ўдар па штаб-кватэры СБУ Ўкраіны ў Кіеве — частка дынамікі ўсё большай эскаляцыі і ўзмацненьня ўдараў па сталіцы», — заявіла Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода былая высокапастаўленая супрацоўніца Пэнтагону і Дзяржаўнага дэпартамэнту Трэса Генаў.

«Можна меркаваць, што ў Масквы, імаверна, заўсёды былі загадзя падрыхтаваныя пляны ўдараў па аб’ектах СБУ, але сёньняшні ўдар па штаб-кватэры паказвае, што Расея гатовая пераходзіць новыя межы на фоне няпэўнай дыпляматычнай сытуацыі».

«Для Ўкраіны гэтая атака — наглядны прыклад таго, чаму ёй тэрмінова патрэбныя перахопнікі для СПА», — дадала Генаў, якая цяпер працуе старшай навуковай супрацоўніцай Цэнтру стратэгіі і бясьпекі імя Скоўкрафта пры Атлянтычнай радзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Кіеве расейскі дрон ударыў «проста ў кабінэт кіраўніка СБУ»

Атака адбылася пасьля вулічнай перастрэлкі

Удар быў нанесены праз два дні пасьля драматычнай перастрэлкі паміж супрацоўнікамі СБУ і ўкраінскай вайсковай выведкі ў Кіеве.

Перастрэлка адбылася 2 верасьня, аднак падрабязнасьці здарэньня і прычыны ўзброенага канфлікту застаюцца няяснымі.

Зяленскі адрэагаваў хутка. 3 верасьня ён звольніў намесьнікаў кіраўнікоў абедзьвюх структураў, заявіўшы, што «абедзьве службы павінны несьці адказнасьць». Раней ён назваў перастрэлку «ганебнай».

Удар 4 верасьня па будынку СБУ стаў працягам кампаніі дзённых расейскіх атак у Кіеве і ваколіцах — пасьля чатырох гадоў амаль штодзённых начных удараў. Тым часам наземны наступ Расеі на ўсходзе Ўкраіны буксуе на фоне вялікіх стратаў з абодвух бакоў.

Расея пачала шырэй ужываць рэактыўныя дроны, здольныя лятаць амаль удвая хутчэй за ранейшыя мадэлі. Праз гэта Кіеў мусіць прыстасоўваць сваю абарону да барацьбы з высокатэхналягічнай зброяй і зьвяртацца да заходніх партнэраў па дадатковыя сродкі супрацьпаветранай абароны.

Новы дыпляматычны імпульс

Меркаванаму візыту спэцпасланьнікаў папярэднічаў прыехзд у Маскву 25 жніўня дырэктара ЦРУ Джона Рэткліфа. Ён сустрэўся з кіраўнікамі расейскіх выведных і сілавых службаў. Амэрыканскае выведнае ведамства не раскрыла поўны парадак дня, але Крэмль заявіў, што Рэткліф з Пуціным не сустракаўся.

Паводле паведамленьняў, Рэткліф засьцярог расейскіх службоўцаў супраць нападу на NATO або праверкі альянсу на трываласьць, асабліва ў сувязі з магчымай пагрозай краінам Балтыі.

Аднак няма яснасьці, як ЗША будуць дзейнічаць далей, кажа Гізэр А. Конлі

«Незразумела, ці гатовыя ЗША аказваць ціск — большы ціск — на Расею», — сказала яна, маючы на ўвазе няпэўны лёс законапраекту пра санкцыі супраць Расеі ў Кангрэсе ЗША, а таксама нявызначанасьць наконт магчымага ліцэнзаваньня вытворчасьці ракет Patriot для Ўкраіны.

Паводле матэрыялаў старшага вашынгтонскага карэспандэнта Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Алекса Раўфоглу, Радіо Свобода, Reuters і AFP.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Фядута пра Ціханоўскага і «Нашу Ніву». Алеўскі пра «напад зь Беларусі». Бесараб пра ядзерны магільнік