Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што дрон быў накіраваны «проста ў кабінэт кіраўніка СБУ» падчас расейскага ўдару па будынку Службы бясьпекі ў цэнтры Кіева.
Зяленскі даручыў кіраўніку СБУ Аляксандру Покладу «адэкватна, адчувальна і, калі магчыма, люстрана адказаць расейцам на гэты ўдар, калі ўсё будзе падрыхтавана».
Мэр Кіева Віталь Клічко паведаміў, што ў выніку ўдару па нежылым будынку пацярпелі дзевяць чалавек, сямёра зь іх шпіталізавалі.
«Адбылося разбурэньне перакрыцьця і вонкавай сьцяны будынка. Экстраныя службы працягваюць працаваць на месцы», — напісаў Клічко ў Telegram.
МЗС Украіны: гэта сур’ёзная эскаляцыя
Расейскі ўдар па цэнтральным будынку Службы бясьпекі Ўкраіны ў Кіеве 4 верасьня зьяўляецца «сур’ёзнай эскаляцыяй», якая патрабуе рашучага адказу, заявіў міністар замежных спраў Украіны Андрэй Сыбіга.
«Масква нанесла гэты ўдар менавіта ў момант аднаўленьня мірных намаганьняў, паказаўшы сваё сапраўднае непрыманьне дыпляматыі. Зусім побач пад пагрозай апынуўся і аб’ект Усясьветнай спадчыны UNESCO — Сафійскі сабор», — напісаў Сыбіга ў сацсетцы X.
У МЗС заклікалі міжнародных партнэраў «рашуча асудзіць гэтыя дзеяньні» і ўзмацніць ціск на рэжым Уладзіміра Пуціна.
Чаму гэта важна
Пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня дзяржаўныя будынкі Ўкраіны нячаста траплялі пад удары расейскіх войскаў.
Напрыклад, у сакавіку 2022 году і ў траўні 2023 быў атакаваны штаб Галоўнай управы разьведкі Ўкраіны. У верасьні 2025 году ракета «Іскандэр» пацэліла ў будынак Кабінэту Міністраў.
Пры гэтым яшчэ тры дні таму прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў, што расейскія войскі ня б’юць па ўрадавых будынках.
«Як вы бачыце, мы такіх удараў не наносім. Мы зыходзім з таго, што нам патрэбныя нейкія людзі для... Сапраўды, калі яны зразумеюць, што хочуць вырашаць пытаньні мірным шляхам, а ня проста „за 40 дзён зьнішчыць“ нашу эканоміку і „паставіць Расею на калені“ або нанесьці нам „чарговы стратэгічны ўдар“, „стратэгічную паразу“, то нейкія перамоўнікі нам патрэбныя», — сказаў 1 верасьня Пуцін.
Гэтая заява прагучала неўзабаве таго, як Зяленскі папярэдзіў авіякампаніі, якія дагэтуль лятаюць над Расеяй, што рабіць гэта стане небясьпечна. Прэзыдэнт Украіны раней у той жа дзень заявіў, што дронаў у расейскім небе будзе столькі, што бясьпечных варыянтаў для авіяпералётаў не застанецца.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум