«Некалі гэтае цемрашальства скончыцца». Як у Беларусі русыфікуюць рэпэртуары беларускіх тэатраў

Ілюстрацыйнае фота

Рэспубліканскі тэатар беларускай драматургіі ставіць спэктакль па-расейску. У Тэатры юнага гледача на расейскай мове ўжо больш за палова рэпэртуару. У Купалаўскім расейскія рэжысэры праводзяць «творчую лябараторыю». І гэта ня ўсё.

Рэспубліканскі тэатар беларускай драматургіі (РТБД), у якога сёлета юбілейны 35-ы сэзон, абвесьціў, што паставіць не беларускую п’есу і не на беларускай мове. Першай прэм’ерай у новым сэзоне стане спэктакль «Маленькія трагедыі» паводле Аляксандра Пушкіна. За 35 гадоў існаваньня РТБД такое ўпершыню, раней тут па-расейску пастановак не было ніколі. Прэм’еру рыхтуе дырэктарка і адначасова рэжысэрка тэатру Сьвятлана Навуменка.

«„Маленькія трагедыі“ — гэта пэрліна драматургіі. Таму зварот да гэтага твору для нас ня толькі пэўны досьвед, але і сур’ёзны выклік. І мы жадаем узяць гэтую вышыню…» — кажа Сьвятлана Навуменка пра прэм’еру.

Рэспубліканскі тэатар беларускай драматургіі быў створаны ў сьнежні 1990 году спачатку як структурны падразьдзел Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы. Яму надалі статус творчай лябараторыі. Дагэтуль у канцэпцыі РТБД напісана, што гэта «тэатар-лябараторыя для падтрымкі і разьвіцьця беларускай драматургіі».

Новы тэатар узначаліў заслужаны дзяяч мастацтваў, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Валер Мазынскі. Першая прэм’ера адбылася 1 лютага 1992 году. Вядомы беларускі рэжысэр Аляксандар Гарцуеў працаваў тады ў Купалаўскім. Мастацкім кіраўніком РТБД ён стаў у 2012 годзе і прабыў ім да канца сьнежня 2021-га.

Сцэна са спэктакля Аляксандра Гарцуева ў РТБД «Калека з вострава Інішман». Хелен Чума (Кацярына Жалудок) і Бартлі (Максім Шышко)

«Калі нараджаўся тэатар на пачатку 1990-х гадоў, ён задумваўся як цалкам беларускамоўны. Тэатар называўся „Вольная сцэна“. Будучы акторам тэатру імя Янкі Купалы, я ўдзельнічаў у першай пастаноўцы як запрошаны актор. Спэктакль называўся „Ку-ку“, аўтар — малады беларускі драматург Мікалай Арахоўскі (на жаль, ён рана адышоў). На пачатку 1990-х былі спробы пошуку беларускай драматургіі, Валер Мазынскі шукаў новых аўтараў», — узгадвае Аляксандар Гарцуеў у размове з Свабодай.

Крэатыўнага і няўрымсьлівага Мазынскага хутка замянілі больш памяркоўным Валерам Анісенкам, Гарцуеў стаў трэцім яго мастацкім кіраўніком.

Чысткі непажаданых

Менавіта пры Аляксандру Гарцуеву РТБД вярнуў сабе рэпутацыю адной з найцікавейшых сучасных тэатральных пляцовак, адкрытых да новай беларускай драматургіі і рэжысэрскага экспэрымэнту. Гарцуеў паставіў «Тры Жызэлі» паводле Андрэя Курэйчыка (2013), «Любоў людзей» паводле Дзьмітрыя Багаслаўскага (2015), «Кар’еру доктара Раўса» (2017) паводле Віктара Марціновіча, «Мудрамера» паводле Мікалая Матукоўскага, «Сірожу» паводле Юліі Чарняўскай, «Гендэрныя выкрунтасы» паводле Андрэя Курэйчыка (2019), «Вецер шуміць у таполях» паводле Жэральда Сіблейраса, «Калеку з вострава Інішман» паводле Мартына Макдонаха (2021).

Пасьля жніўня 2020 году ў тэатры пачаліся «чысткі» непажаданых творцаў. Некаторыя сыходзілі самі. Аляксандра Гарцуева «сышлі» на дамоўленасьць бакоў. На пачатку 2022 году не працягнулі кантракт з дырэктаркай Сьвятланай Карукінай. «Чысткі» працягваліся і ў канцы 2024 году. За ўдзел у пратэстах звольнілі актораў Максіма Брагінца, Арцёма Курэня і Зьмітра Давідовіча. Сталі скасоўваць папулярныя спэктаклі, бо ў іх не было каму граць. І адначасова запрашаць расейскіх рэжысэраў.

Акторы Максім Брагінец, Зьміцер Давідовіч і Арцём Курэнь, звольненыя з Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі (РТБД)

У чэрвені 2026 году адбылася прэм’ера спэктаклю «Я, бабуля, Іліко і Іларыён» Нодара Думбадзэ, рэжысэр-пастаноўнік і аўтар інсцэнізацыі — заслужаны дзяяч мастацтваў Расеі Юрый Пахомаў. А цяпер — Пушкін па-расейску.

«Я нават ня ведаю, што сказаць. Ня ведаю, хто гэта прыдумаў… Навошта? Няўжо ў Менску не хапае расейскамоўных тэатраў, дзе можна паставіць пушкінскія трагедыі? Ну ідзі ў Рускі тэатар і пастаў, ідзі ў Маладзёжны, у Тэатар кінаактора, у Новы тэатар… Навошта лезьці ў беларускамоўны тэатар, якіх у Менску два засталося? Я ня супраць Пушкіна, я сапраўды люблю Пушкіна… Але навошта рабіць гэта?» — задае рытарычнае пытаньне Аляксандар Гарцуеў.

Дзьве дзяржаўныя

Што зараз адбываецца ў іншых раней цалкам беларускамоўных тэатрах? Тэатар юнага гледача (ТЮГ), які нядаўна адзначыў 70-годзьдзе, таксама калісьці быў цалкам беларускім. У красавіку 2022 году яго дырэктаркай прызначылі акторку Веру Палякову-Макей. Яна адразу заявіла, што спэктаклі зь яе прыходам будуць ня толькі па-беларуску, як было раней, але і на расейскай мове.

«У нашай краіне дзьве дзяржаўныя мовы — расейская і беларуская. І ўпірацца толькі ў беларускую мову — страчваць частку гледачоў, напрыклад, гасьцей гораду. Да нас прыяжджаюць госьці, тыя ж расейскія гледачы. Я лічу, што спэктаклі павінны быць на дзьвюх мовах. Тады ў тэатру ёсьць камэрцыйная гісторыя», — казала яна ў інтэрвію Беларускаму радыё. Размаўляла Палякова-Макей з журналістамі па-расейску.

Тэатар юнага гледача ў Менску, архіўнае фота

Праз 3 месяцы ў ТЮГ адбылася прэм’ера спэктаклю паводле «Альпійскай баляды» Васіля Быкава. «Альпы. Сорок первый» паставілі па-расейску.

Цяперашні рэпэртуар ТЮГ пры новай дырэктарцы выглядае наступным чынам. Чакаецца прэм’ера спэктаклю «Букет» («іскрамётнай камэдыі пра каханьне») паводле п’есы Яны Старадуб-Афанасьевай. Спэктакль будзе ісьці па-расейску. Рэжысэр — Аляксандар Несьцераў-Лейдэрман. Граў у некалькіх расейскіх тэатрах, працуе рэжысэрам-пастаноўнікам Тэатру РОСТА ў Царыцыне, Масква.

Па-расейску ідзе «Жаніцьба» Гогаля, якую паставіў рэжысэр Цімур Кулаў родам з Набярэжных Чаўноў, які працаваў там у мясцовым тэатры, быў мастацкім кіраўніком Казанскага тэатру лялек «Пэлікан», рэжысэрам Буінскага драматычнага тэатру, цяпер ён — рэжысэр Санкт-Пецярбурскага ТЮГ.

Па-расейску паставіла некалькі спэктакляў Тацьцяна Самбук. Рэжысэрка нарадзілася ў горадзе Ціхвіне каля Санкт-Пецярбургу, яна вучаніца вядомага рэжысэра Сяргея Салаўёва, актрыса і мадэль, як яе прадстаўляе Вера Палякова.

Раней Тацьцяна Самбук таксама працавала ў Тэатры юнага гледача ў Санкт-Пецярбургу, цяпер перайшла ў беларускі. Тут яна паставіла па-расейску п’есы «Гроза» паводле Астроўскага; «Мастер и Маргарита» паводле Булгакава; шэксьпіраўскі «Макбет»; «Княжна Мери» паводле Лермантаву; «Преступление и наказание» паводле Дастаеўскага.

У галоўных ролях бальшыні спэктакляў тэатру фігуруе яго дырэктарка Палякова.

Аляксандар Гарцуеў, які доўга працаваў і ў Купалаўскім, і ў РТБД, і шмат гастраляваў, з думкай Паляковай-Макей аб большай папулярнасьці расейскай мовы ў тэатралаў ня згодны.

«Ня ведаю… Так і ў РТБД некалі тлумачылі, што, маўляў, „паедзем у Расею — лепей глядач будзе ісьці“. І на спэктаклі Купалаўскага тэатру, і ў РТБД, калі я ўжо там працаваў, тэатральны глядач прыходзіць не на мову, а прыходзіць на зьяву мастацтва. Ну гэта ж не кіно і тэлевізар, гэта тэатар! Ну што я буду казаць? Бог ім судзьдзя», — кажа Гарцуеў.

Тула, Пенза, Караганда, Томск, Чарамхова, Матыгіна

Купалаўскі таксама зазнаў нашэсьце расейцаў. Пасьля сыходу адтуль у жніўні 2020 году на знак пратэсту супраць гвалту ў краіне кіраўніцтва і львінай долі актораў там працаваць не было каму. І ў Нацыянальны акадэмічны тэатар імя Янкі Купалы сталі набіраць расейскіх актораў, у асноўным з правінцыйных тэатраў.

Барыс Цяцёркін прыехаў у Менск з Тулы, Сьвятлана Гусарава — зь Пензы, Інэса Ісакава — з Караганды (з Расейскага абласнога драматычнага тэатру, Казахстан), Галіна Мешчаракова — масквічка. Натуральна, усе яны ня ведалі беларускай мовы.

Абноўленая расейскімі акторамі трупа Купалаўскага тэатра фатаграфуецца з Лукашэнкам, 2021 год

Гэта заўважылі сталыя гледачы былога Купалаўскага. Спадарыня Алена расказала Свабодзе, як яе дачка прынесла квіткі на «Рамэо і Джульету» — іх на працы бясплатна раздаваў прафсаюз. Угаварыла маці пайсьці ў тэатар.

«Аншлягу не было, траціна залі пуставала. Спачатку я наагул не зразумела, чаму акторы так старанна выгаворваюць словы, ненатуральна прамаўляюць. Нібыта і правільна, але беларуская мова гучыць неяк неарганічна. Няма той лёгкасьці, прыгажосьці, хоць нібыта яны і стараліся. Але вушы рэзала. Карацей, мы з дачкой пасьля першага акту пайшлі адтуль. Дачка ўжо дома палезла ў інтэрнэт і даведалася, што бальшыня актораў — з правінцыйных расейскіх гарадоў накшталт Тулы, Пензы, Яраслаўля», — узгадвала Алена.

У сакавіку 2026 года тагачасны міністар культуры РБ Руслан Чарнецкі прызначыў мастацкім кіраўніком Купалаўскага тэатру расейца Дзьмітрыя Акімава.

Акімаў — грамадзянін Расеі, ён скончыў факультэт рэжысуры тэатральнага інстытуту імя Шчукіна ў Маскве ў 2018 годзе. Акімаў раней працаваў рэжысэрам у сібірскіх тэатрах — Томскім, Чарамхоўскім і Матыгінскім. Адразу пасьля ягонага прызначэньня гэтыя тэатры былі пазначаныя ў зьвестках пра новага мастацкага кіраўніка на сайце Купалаўскага. Цяпер іх прыбралі.

Яшчэ адзін «прышлы» ў Купалаўскі рэжысэр Ігар Малоў, выпускнік Екацерынбурскага тэатральнага інстытуту, працаваў у Шадрынскім драматычным тэатры ў Расеі. У Менску паставіў «Час жыцьця» паводле Освальда Заградніка.

Днямі ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы пачаўся творчы праект «Купала. Лябараторыя», паведамляе БелТА. Цягам тыдня артысты тэатру пад кіраўніцтвам трох расейскіх рэжысэраў павінны стварыць тры эскізы спэктакляў. Кіруе лябараторыяй расейскі тэатральны крытык Аляксандар Віслаў.

Расейскі рэжысэр Андрэй Шляпін выбраў для пастаноўкі п’есу Мікалая Матукоўскага «Мудрамер». Марыя Раманава працуе з п’есай Янкі Купалы «Раскіданае гняздо». Аляксандар Агароў рыхтуе пастаноўку паводле п’есы Францішка Аляхновіча «Чорт і баба».

30 жніўня гледачы ўбачаць усе тры эскізы і, паводле кіраўніцтва тэатру, змогуць выбраць той, які мае шанцы ўвайсьці ў рэпэртуар Купалаўскага. У тэатры называюць гэта называюць магчымасьцю па-іншаму паглядзець на знаёмы беларускі матэрыял. Свабода пацікавілася, адкуль родам і дзе раней працавалі заежджыя расейскія «зоркі».

Дзьверы Купалаўскага тэатру падчас пратэстаў у жніўні 2020 году. Архіўнае фота

Андрэй Шляпін скончыў Расейскую акадэмію тэатральнага мастацтва «ГИТИС», ставіў спэктаклі ў Маскоўскім тэатры імя Массавету, Пензенскім абласным драматычным тэатры, Лысьвенскім тэатры драмы. З 2017 по 2019 гады быў мастацкім кіраўніком Беразьнікоўскага драматычнага тэатру ў Пермскім краі Расеі.

Марыя Раманава нарадзілася ў Ленінградзе, у 2005 годзе скончыла Санкт-Пецярбурскую акадэмію тэатральнага мастацтва. Ставіла спэктаклі ў Петразаводзку, Саратаве, Санкт-Пецярбургу. Аляксандар Агароў скончыў Варонескі дзяржаўны інстытут мастацтваў, пазьней «ГИТИС». Пачынаў як актор, працаваў у тэатрах Краснадару, Тальяці. Быў галоўным рэжысэрам Краснадарскага, Томскага, Астраханскага драматычных тэатраў, цяпер працуе галоўным рэжысэрам Мічурынскага драматычнага тэатру Тамбоўскай вобласьці. Чаму беларускія тэатры сталі рэзка пераходзіць на расейскую мову і масава прыцягваць расейскіх актораў і рэжысэраў?

«Зьнішчаецца нацыя наагул. Як не павінна быць Украіны — яе прыдумаў Ленін, так і не павінна быць Беларусі. Я ніколі ня быў беларускім нацыяналістам, я заўсёды быў беларусам. Нават у савецкія гады, пры савецкай уладзе была беларуская мова, быў беларускі тэатар, былі беларускія драматургі, пісьменьнікі, былі беларускія акторы», — разважае Аляксандар Гарцуеў.

Але беларускі рэжысэр ня траціць аптымізму.

«Ня ведаю, колькі часу пройдзе, але я абсалютна ўпэўнены, што хутка альбо няхутка ўсё стане на свае месцы. Ну ня можа быць, так не бывае. Беларуская культура вернецца на сваё месца. Можа, ня заўтра, можа, пасьлязаўтра — гэтага ніхто ня ведае. Але гэтае цемрашальства скончыцца», — кажа ён.