Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новым мастацкім кіраўніком Купалаўскага тэатру стаў грамадзянін Расеі

Купалаўскі тэатар. Архіўнае фота
Купалаўскі тэатар. Архіўнае фота

Міністар культуры Беларусі Руслан Чарнецкі прадставіў калектыву Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы новага мастацкага кіраўніка.

Як паведаміў тэлеграм-канал «Культура і мастацтва», ім стаў рэжысэр Дзьмітрый Акімаў. Паводле інфармацыі выданьня «Люстэрка», Дзьмітрый Акімаў зьяўляецца грамадзянінам Расеі, ён скончыў факультэт рэжысуры тэатральнага інстытуту імя Шчукіна ў 2018 годзе. Працаваў галоўным рэжысэрам у шэрагу расейскіх тэатраў.

Міністар культуры Руслан Чарнецкі зьвязаў зь яго прызначэньнем пачатак «новай старонкі ў гісторыі славутага, флягманскага тэатра Беларусі».

«Мая першачарговая мэта — рэалізацыя стратэгіі разьвіцца тэатра на доўгі пэрыяд, каб мы ўсе адчулі і асэнсавалі яго місію і кірунак. Мы павінны зразумець, якім ён мусіць быць па ўсіх паказьніках: творчым, эканамічным і грамадзка-палітычным. Буду рабіць усё магчымае, каб тэатар адпавядаў свайму высокаму статусу», — сказаў Дзьмітрый Акімаў.

2020 год быў для тэатру імя Янкі Купалы юбілейным, яму спаўнялася 100 гадоў. Да юбілею ў жніўні 2020 году выйшлі дзьве кнігі — «Гісторыя Купалаўскага тэатру» і «Сцэнаграфія». Выданьні адразу сталі бібліяграфічнымі рэдкасьцямі. На 14,15 і 16 верасьня плянавалі вялікую вечарыну з дакумэнтальнай тэатральнай хронікай, якую знайшлі ў розных архівах, з фрагмэнтамі выбітных спэктакляў. У Аляксандраўскім сквэры 21 верасьня з 12-й да 23-й гадзіны меркавалі правесьці «Тэатральны пікнік», а за будынкам тэатру зьбіраліся адкрыць «Алею зорак».

Пасьля масавых фальсыфікацыяў на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году, жорсткага разгону акцыяў пратэсту, пабіцьця і катаваньняў пратэстоўцаў, калектыў Купалаўскага запатрабаваў спыніць гвалт і публічна выступіў за перападлік галасоў з удзелам незалежных назіральнікаў.

Пазьней бальшыня актораў і тагачасны дырэктар тэатру Павал Латушка падпісалі адкрыты зварот да сілавікоў, у якім заклікалі да неадкладнай адстаўкі і завядзеньня крымінальных справаў супраць тых, хто аддаваў «злачынныя загады», і «ўсіх службовых асобаў, вінаватых ці тых, хто мае дачыненьне да гэтых злачынстваў». Але потым бальшыня актораў звольніліся, частка зь іх вымушаныя была пакінуць Беларусь.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG