Нафта эталённых марак раніцай у сераду працягвала таньнець. Гэта адбываецца на фоне прагрэсу ў пытаньні адкрыцьця Армускай пратокі, паведамляе Trading Economics.
Цэны на нафту ўпалі, калі прадстаўнікі Ірану і Аману прыйшлі да згоды наконт часовага маршруту руху цераз Армускую пратоку, пра што заявіў у ноч на сераду намесьнік кіраўніка іранскага МЗС Казэм Гарыбабадзі.
«Мы ўзгаднілі з Аманам, што караблі будуць уваходзіць у пратоку цераз іранскія тэрытарыяльныя воды. Частка маршруту ў бок выхаду з пратокі таксама будзе пралягаць цераз іранскія тэрытарыяльныя воды», — падаюць яго словы блізкаўсходнія СМІ.
Гарыбабадзі падкрэсьліў, што ў гэтым выпадку ідзецца аб часовым рашэньні. Перамовы аб пастаянна дзейным маршруце Іран і Аман правядуць пазьней.
Таксама працягваюць свае пасярэдніцкія захады Пакістан і Катар, а санкцыі Вашынгтону супраць Ірану выявіліся менш агрэсіўнымі, чым таго чакалі рынкі.
Паводле Гарыбабадзі, аднавіць рух цераз пратоку можна будзе пасьля поўнага завяршэньня канфлікту Ірану з ЗША. Дадаткова ціснуць на біржавыя цэны апублікаваныя ў аўторак зьвесткі Амэрыканскага інстытуту нафты (API), паводле якіх запасы нафты ў Штатах за мінулы тыдзень вырасьлі на 4,2 млн барэляў. Пры гэтым экспэрты чакалі іх росту ў сярэднім на 1,9 млн. барэляў, адзначае Trading Economics.
У пачатку жніўня цана нафты маркі Brent пэўны час перавышала 100 даляраў за барэль. Нафта даражэла падчас росту напружанасьці на Блізкім Усходзе. Адной з канкрэтных прычынаў росту цаны названыя атакі на танкеры ў Чырвоным моры, якія пагражаюць руху па гэтым, яшчэ адным найважнейшым, маршруце паставак нафты — у дадатак да Армускай пратокі, фактычна заблякаванай Іранам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
ЗША пачынаюць «эканамічны наступ» на Іран і патрабуюць ад іншых краін спыніць падтрымку ТэгерануЧаму гэта важна?
Калі нафта даражэе, адразу растуць цэны на паліва, на ацяпленьне і транспарт, што цягне за сабой падаражэньні ў іншых сэктарах эканомікі. Раскручваецца інфляцыя, людзі робяцца бяднейшымі.
Аднак гэта падвышае даходы краін, якія здабываюць нафту. Прыкладам, Расея мае больш магчымасьцяў весьці вайну.