У Кіеве 24 жніўня адбылося пасяджэньне «Кааліцыі ахвотных», краіны якой дамовіліся ўзмацніць вайсковую і энэргетычную падтрымку Ўкраіны.
Па выніках сустрэчы ўрад Вялікай Брытаніі апублікаваў камюніке.
Паводле дакумэнту, лідэры краінаў заявілі пра павелічэньне вайсковай падтрымкі Ўкраіны, найперш для ўзмацненьня сыстэмы СПА і пашырэньня супрацоўніцтва з абароннай прамысловасьцю — у тым ліку празь перадачу Ўкраіне адпаведных тэхналёгій.
Кааліцыя таксама абавязалася ўзмацніць санкцыі супраць расейскага ваенна-прамысловага комплексу і тых, хто яго падтрымлівае. А на адрас расейскіх уладаў прагучаў заклік «пагадзіцца на поўнае, неадкладнае і безумоўнае спыненьне агню па цяперашняй лініі судакрананьня».
«Лідэры таксама пагадзіліся зь неабходнасьцю неадкладна дапамагчы энэргетычнаму сэктару Ўкраіны напярэдадні будучай зімы, у тым ліку праз Фонд падтрымкі энэргетыкі Ўкраіны і пастаўкі спэцыялізаванага абсталяваньня. Яны падкрэсьлілі неабходнасьць і надалей падтрымліваць эканамічную ўстойлівасьць Украіны ва ўмовах актывізацыі спробаў Расеі аднавіць марскую блякаду ўкраінскіх партоў», — гаворыцца ў камюніке.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі па выніках пасяджэньня паведаміў, што краіна атрымае новыя вайсковыя і энэргетычныя пакеты, сродкі СПА і сродкі для вытворчасьці БПЛА.
«Кааліцыя ахвотных» — група краінаў, якія падтрымліваюць Украіну і заявілі пра гатоўнасьць удзельнічаць у магчымай місіі па разьмяшчэньні вайскоўцаў у гэтай краіне пасьля завяршэньня яе вайны з Расеяй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Расеі гараць склады яшчэ адной лягістычнай кампаніі. Ва Ўкраіне новыя ахвяры расейскіх абстрэлаўЛёндан дазволіў перадаць Кіеву сакрэтную інфармацыю пра ракеты Storm Shadow для іх вытворчасьці ва Ўкраіне
Ракета Storm Shadow, архіўнае фота
Вялікая Брытанія пагадзілася перадаць Кіеву сакрэтныя тэхналёгіі вытворчасьці ракеты вялікай далёкасьці SCALP-EG (Storm Shadow), каб запусьціць зборачныя лініі ва Ўкраіне.
«Урад даў згоду на тое, каб абаронная кампанія MBDA раскрыла засакрэчаную інфармацыю пра брытанскія кампанэнты ракеты вялікай далёкасьці SCALP, бо Ўкраіна і Францыя маюць намер арганізаваць мясцовыя зборачныя лініі на тэрыторыі Ўкраіны», — гаворыцца ў заяве брытанскага ўраду з нагоды візыту прэм’ер-міністра Эндзі Бэрнэма ў Кіеў у Дзень незалежнасьці Ўкраіны.
«Сяброўства паміж нашымі дзьвюма краінамі працягнецца значна даўжэй, чым незаконная вайна Расеі. І падчас баявых дзеяньняў, і падчас будучага аднаўленьня мы будзем стаяць поплеч з Украінай і ствараць магчымасьці для людзей у абедзьвюх нашых краінах. Расея не павінна сумнявацца ў нашай рашучасьці. Мы не адступім, пакуль ня будзе ўсталяваны справядлівы і трывалы мір», — цытуе Бэрнэма ягоная прэс-служба.
У Крамлі заявілі, што «вельмі нэгатыўна» ацэньваюць гэтае рашэньне Вялікай Брытаніі. Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў заявіў, што Лёндан «удзельнічае ў гэтай вайне» на баку Кіева, «рэгулярна падлівае алею ў агонь» і «мэтадычна і рэгулярна будуе падкопы, каб не дапусьціць хоць нейкага разьвіцьця мірнага працэсу».
Крылатыя ракеты SCALP-EG/Storm Shadow — супольны праект Вялікай Брытаніі і Францыі, іх вырабляе кампанія MBDA. Далёкасьць палёту сягае 300 кілямэтраў. Расейская служба BBC пісала, што гэта правераныя высокадакладныя крылатыя ракеты, прызначаныя для паражэньня буйных будынкаў і збудаваньняў, такіх як партовая інфраструктура, цэнтры кіраваньня, бункеры, ракетныя пазыцыі, аэрадромы і масты. У ліпені Францыя абвясьціла аб перадачы Кіеву ліцэнзіі на вытворчасьць SCALP-EG, але Ўкраіне трэба было атрымаць дазвол і Вялікай Брытаніі.
У 2023 годзе Вялікая Брытанія перадала Кіеву першую партыю ракетаў Storm Shadow. Украінскае войска наносіла імі ўдары па розных аб’ектах, у тым ліку вайсковых. У прыватнасьці, паведамлялася, што такімі ракетамі ўдарылі па штабе Чарнаморскага флёту ў анэксаваным Севастопалі, заводзе мікраэлектронікі «Крэмній Эл» у Бранску і Варонескім заводзе паўправадніковых прыбораў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Нарвэгія вылучыць Украіне больш за 9 мільярдаў даляраў у 2027 годзеВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.