Кіраўнік галоўнага ўпраўленьня крымінальнага вышуку Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі Аляксандар Копішаў паведаміў, што падазраваны ва ўзброеным рабаваньні ювэлірнай крамы ў Менску спрабаваў уцячы ў Расею.
«Зладжаныя дзеяньні падразьдзелаў дазволілі апэратыўна высьветліць асобу 34-гадовага падазраванага. Мянчук спрабаваў пакінуць краіну на рэйсавым аўтобусе Менск —Санкт-Пецярбург разам з выкрадзенымі ўпрыгожаньнямі», — працытавала Копішава прэсавая служба МУС Беларусі.
Паводле яго, паколькі падазраваны быў узброены, а ў аўтобусе былі ў тым ліку і дзеці, да затрыманьня далучылі байцоў спэцыяльнага падразьдзелу ведамства для барацьбы з тэрарызмам «Алмаз», якія забясьпечылі сілавую падтрымку.
Копішаў адзначыў, што рабаўнік дбайна рыхтаваўся да злачынства, загадзя вывучыў дысьлякацыю ўсіх відэакамэраў і выстраіў маршрут адыходу так, каб мінімізаваць шанцы трапіць на камэру назіраньня.
«Перад злачынствам мужчына ня раз наведваў ювэлірную краму, каб дасканала вывучыць разьмяшчэньне гандлёвага абсталяваньня, вітрынаў і тумбаў. Аднак нават да дробязяў прадуманая схемы адыходу не дазволіла менчуку давесьці задум да канца і ўцячы за межы краіны. Затрыманьне правялі цягам содняў на высокім прафэсійным узроўні, без адзінага пацярпелага сярод грамадзян і асабовага складу», — падкрэсьліў Копішчаў.
Што папярэднічала
21 жніўня прыблізна а 17:50 мужчына ў мэдычнай масцы і з прадметам, падобным на пісталет, абрабаваў краму «Самацьветы» на праспэкце Незалежнасьці, 155 (мікрараён Усход).
Ён забраў зь вітрыны ювэлірныя вырабы і ўцёк, паведаміла МУС.
Міліцыя ўвяла спэцыяльныя пляны затрыманьня ў сталіцы і Менскім раёне.
Чаму гэта важна
У пачатку жніўня стала вядома, што пры дапамозе камэраў назіраньня ў Беларусі затрымалі расейца, абвінавачанага ў няякасных пастаўках для арміі, і перадалі яго ў Расею.
Сыстэму відэаназіраньня пачалі ствараць ува ўсіх абласных гарадах і вялікіх раённых цэнтрах у 2020 годзе, а ў 2021-м канчаткова завяршылі стварэньне рэспубліканскай сыстэмы маніторынгу грамадзкай бясьпекі, якая аб’яднала дзясяткі тысяч камэраў ува ўсёй краіне. Сыстэма мае функцыю відэаналітыкі. Пры яе дапамозе пазьней ідэнтыфікавалі ўдзельнікаў акцыяў пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 году.
У сакавіку 2025 году ўлады паведамілі, што па ўсёй тэрыторыі Беларусі паставілі 60 тысяч «разумных» камэраў відэаназіраньня, пры дапамозе якіх шукаюць і ўдзельнікаў пратэстаў.
Пазьней стала вядома, што камэры відэаназіраньня пачалі ставіць ня толькі на дарогах і жылых дамах. Цяпер іх разьмяшчаюць нават на пляцоўках, дзе стаяць кантэйнэры для сьмецьця. У Горадні гэта патлумачылі вялікай колькасьцю парушальнікаў сартаваньня вялікагабарытных адкідаў.
У Менску да канца 2026 году паабяцалі паставіць каля 20 000 відэакамэраў, каб кантраляваць «стан жыльлёвага фонду і догляду двароў».