Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пры дапамозе камэр назіраньня У Беларусі затрымалі расейца, абвінавачанага ў няякасных пастаўках для арміі

Заля відэаманіторынгу Цэнтру маніторынгу грамадзкай бясьпекі Галоўнага ўпраўленьня ўнутраных спраў Менгарвыканкаму. Скрын зь відэазапісу МУС Беларусі. Ілюстрацыйнае фота
Заля відэаманіторынгу Цэнтру маніторынгу грамадзкай бясьпекі Галоўнага ўпраўленьня ўнутраных спраў Менгарвыканкаму. Скрын зь відэазапісу МУС Беларусі. Ілюстрацыйнае фота

Апэратыўнікі Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі затрымалі расейскага бізнэсоўца Дзьмітрыя Мізгіра, якога падазраюць у махлярстве з пастаўкамі сотняў тон няякаснай тушонку з зону так званай «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі».

Як паведаміла расейскае выданьне «Известия», Дзьмітрый Мізгір прыблізна тры месяцы знаходзіўся ў фэдэральным вышуку ў межах маштабнага расьсьледаваньня аб пастаўках для Міністэрства абароны. У пэўны момант сілавікі атрымалі інфармацыю, што падазраваны паспрабуе выехаць празь Беларусь.

Выданьне сьцьвярджае, што беларускія сілавікі за кароткі час высьветлілі некалькі магчымых адрасоў, дзе расейскі бізнэсовец мог хавацца, а дакладнае месца вызначылі ўжо па яго тэлефонных размовах і вулічных відэакамэрах. Пры арышце ён не чыніў супраціву.

Крыніцы расейскага выданьня сьцьвярджаюць, што, знаходзячыся ў Беларусі, бізнэсовец спрабаваў «нефармальна дамовіцца з вайсковым сьледзтвам і зьняць сябе з вышуку, але гэта яму не ўдалося».

Маскоўскі 235-ы вайсковы гарнізонны суд ужо арыштаваў Мізгіра на два месяцы. Ён пачаў даваць сьведчаньні але сваёй віны не прызнае.

Сьледзтва лічыць Мізгіра ключавым зьвяном у махлярскай схеме паставак няякасных кансэрваў у баявыя вайсковыя часткі, якія ваююць у зоне «СВА». У склад кансэрваў дадавалі дадавалі абрэзкі сьвіных туш, крухмаль, забароненыя дзяржаўнымі стандартамі харчовыя дабаўкі, шпік і гэтак далей. Шкоду, нанесеную Міністэрству абароны Расеі, ацанілі ў 700 мільёнаў расейскіх рублёў (больш за 8,5 мільёнаў даляраў у эквіваленце. — РС).

Схему выкарыстоўвалі ў 2024–2025 гадах. Паводле падлікаў, у падразьдзелы групіровак «Захад», «Усход», «Поўдзень» і «Цэнтар», а таксама на чарнаморскі флёт паставілі 170 тон няякасных кансэрваў.

Што папярэднічала

У Беларусі ў 2020 годзе ва ўсіх абласных гарадах і вялікіх раённых цэнтрах пачалі інтэнсіўна ўсталёўваць відэкамэры, па якіх потым ідэнтыфікавалі ўдзельнікаў акцыяў пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 у году.

У 2021 годзе канчаткова завяршылі стварэньне Рэспубліканскай сыстэмы маніторынгу грамадзкай бясьпекі, якая аб’яднала дзясяткі тысяч камэраў па ўсёй краіне. Сыстэма мае функцыю відэаналітыкі.

Сёлета ў пачатку году ўлады паказалі, як выглядае і працуе Цэнтар маніторынгу грамадзкай бясьпекі ў Менску.

У сакавіку 2025 году ўлады паведамілі, што па ўсёй тэрыторыі Беларусі паставілі 60 тысяч «разумных» камэраў відэаназіраньня, пры дапамозе якіх шукаюць і ўдзельнікаў пратэстаў.

Пазьней стала вядома, што камэры відэаназіраньня пачалі ўсталёўваюць ня толькі на дарогах і жылых дамах. Цяпер іх разьмяшчаюць нават на пляцоўках, дзе стаяць кантэйнэры для сьмецьця. У Горадні гэта патлумачылі вялікай колькасьцю парушальнікаў сартаваньня вялікагабарытных адкідаў.

У Менску да канца 2026 году паабяцалі ўсталяваць каля 20 000 відэакамэр, каб кантраляваць «стан жыльлёвага фонду і догляду двароў».

У сакавіку 2025 году ўлады паведамілі, што па ўсёй тэрыторыі Беларусі паставілі 60 тысяч «разумных» камэраў відэаназіраньня, пры дапамозе якіх шукаюць і ўдзельнікаў пратэстаў.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG