Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхарка Ельскага раёну паскардзілася на камэру відэаназіраньня каля яе дому. Што адказалі ўлады


Жыхарка Ельскага раёну Натальля Пятроўна, якая паскардзілася на камэру відэаназіраньня каля яе дому, 20 студзеня 2026 году
Жыхарка Ельскага раёну Натальля Пятроўна, якая паскардзілася на камэру відэаназіраньня каля яе дому, 20 студзеня 2026 году

Жыхарка Ельскага раёну Натальля Пятроўна, каб паскардзіцца на камэры назіраньня, прыйшла на прыём да кіраўніка Гомельскага аблвыканкаму Івана Крупка, які прыехаў у Ельск на адзіны дзень інфармаваньня.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, Іван Крупко наведвае Ельскі раён, каб патлумачыць яго жыхарам «ключавыя аспэкты пасланьня Аляксандра Лукашэнкі беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу».

Перад сустрэчамі ў працоўных калектывах ён прыняў грамадзян з рознымі пытаньнямі, у тым ліку і Натальлю Пятроўну.

«На яе думку, відэакамэры побач зь яе прыватным домам могуць адсочваць яе дзеяньні, што ёсьць умяшаньнем у прыватнае жыцьцё», — адзначаецца ў паведамленьні Гомельскага аблвыканкаму.

У мясцовым РАУС на гэта адказалі, што «камэры ўсталявалі дзеля забесьпячэньня правапарадку, яны фіксуюць выкананьне правілаў дарожнага руху і не ажыцьцяўляюць здымкі ўчастку», што належыць жанчыне.

Пачынаючы з 2020 году, пасьля масавых акцыяў пратэсту супраць сфальсыфікаваных вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, улады актыўна ставяць камэры назіраньня па ўсёй краіне.

Летась паведамілі, што да канца 2026 году ў Менску на шматкватэрных дамах будзе ўсталявана каля 20 000 відэакамэраў, каб кантраляваць «стан жыльлёвага фонду і догляду двароў».

У сакавіку 2025 году ўлады паведамілі, што па ўсёй тэрыторыі Беларусі паставілі 60 тысяч «разумных» камэраў відэаназіраньня, пры дапамозе якіх шукаюць і ўдзельнікаў пратэстаў.

Стварыць у Беларусі сыстэму маніторынгу грамадзкай бясьпекі, прасьцей кажучы, відэаназіраньне за грамадзянамі, вырашылі даўно — яшчэ ў лістападзе 2013 году, перад чэмпіянатам сьвету ў хакеі ў Менску, Лукашэнка тады ўпершыню падпісаў указ «Аб пытаньнях стварэньня і прымяненьня сыстэмы відэаназіраньня ў інтарэсах забесьпячэньня грамадзкага парадку».

З таго моманту пачалася гісторыя стварэньня сыстэмы назіраньня ў Беларусі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG