Аб неабходнасьці такой структуры ўлады пачалі казаць яшчэ ў канцы 2020 году, калі ўсе сілы міліцыі кінулі на выяўленьне «асобаў, якія ўдзельнічалі ў беспарадках», як улады называлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе і супраць гвалту, які міліцыянты і сілавыя структуры чынілі супраць іх удзельнікаў.
28 студзеня цэнтар наведаў міністар унутраных спраў Іван Кубракоў. У паведамленьні аб гэтым адзначаецца, што асноўная мэта цэнтру — «неадкладнае рэагаваньне на самыя нязначныя зьмены апэратыўнай абстаноўкі і надзвычайныя сытуацыі».
«Сучасныя тэхнічныя сродкі і прафэсіяналізм асабовага складу цэнтра дазваляюць выяўляць правапарушэньні, раскрываць злачынствы, выяўляць асобаў, якія знаходзяцца ў вышуку, атрымліваць інфармацыю зь месцаў здарэньняў, аднаўляць ход падзей на аснове запісаных відэаматэрыялаў», — паведамілі ў МУС Беларусі.
Летась паведамілі, што да канца 2026 году ў Менску на шматкватэрных дамах усталююць каля 20 000 відэакамэр, каб кантраляваць «стан жыльлёвага фонду і догляду двароў».
У сакавіку 2025 году ўлады паведамілі, што па ўсёй тэрыторыі Беларусі паставілі 60 тысяч «разумных» камэраў відэаназіраньня, пры дапамозе якіх шукаюць і ўдзельнікаў пратэстаў.
Нядаўна стала вядома, што камэры відэаназіраньня пачалі ўсталёўваюць ня толькі на дарогах і жылых дамах. Цяпер іх разьмяшчаюць нават на пляцоўках, дзе стаяць кантэйнэры для сьмецьця. У Горадні гэта патлумачылі вялікай колькасьцю парушальнікаў сартаваньня вялікагабарытных адкідаў.
Форум