Трамп параўнаў новыя захады супраць Ірана з падзеямі у Нармандыі падчас Другой сусьветнай вайны.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп аб’явіў аб пачатку маштабнай эканамічнай апэрацыі супраць Ірана. Паводле яго слоў, у гісторыі не было такіх апэрацый, накіраваных супраць якой-небудзь краіны.
«Ніхто не даў Ісламскай Рэспубліцы Іран больш магчымасьцяў заключыць пагадненьне, чым я. На жаль для іх, яны імі не скарысталіся. Таму сёньня я абʼяўляю аб самай разбуральнай эканамічнай апэрацыі, якую калі-небудзь праводзілі супраць якой-небудзь краіны! Гэта будзе эканамічная вайна і ізаляцыя беспрэцэдэнтнага маштабу», — напісаў Трамп.
Ён дадаў, што любая краіна, якая будзе аказваць Ірану садзейнічаньне, сутыкнецца з «калясальнымі эканамічнымі наступствамі». Зь якімі менавіта, ён не ўдакладніў.
Трамп назваў захады супраць Ірана «эканамічным днём Д» (D-day — 6 чэрвеня 1944 году, дзень высадкі саюзьнікаў у Нармандыі падчас Другой сусьветнай вайны) і заклікаў саюзьнікаў ЗША ўдзельнічаць у ізаляцыі Ірана.
Што папярэднічала
Раней Трамп пагражаў Ірану разбуральнымі ваеннымі ўдарамі, аднак у апошні час адмовіўся ад гэтых пагроз, замяніўшы іх заявамі аб эканамічным ціску.
Напярэдадні Трамп, адказваючы на пытаньні журналістаў, зноў заявіў, што Армуская пратока — аб перакрыцьці якой заяўляе Іран — знаходзіцца пад кантролем ЗША. Ён заявіў, што задаволены цяперашняй сытуацыяй у супрацьстаяньні з Іранам, адзначыўшы, што перамовы з Тэгеранам у нейкі момант могуць аднавіцца.
Выданьне Axios са спасылкай на крыніцы ў адміністрацыі ЗША піша, што амэрыканскія вайскоўцы забясьпечваюць рух танкераў праз Армускую пратоку, нягледзячы на пагрозы з боку Ірана, і такім чынам праз яго працягваюць праходзіць мільёны барэляў нафты ў дзень, хоць, паводле афіцыйных дадзеных, гэты абʼём істотна ніжэй. Калідор, як сьцьвярджаецца, праходзіць ля ўзьбярэжжа Амана і дазваляе праводзіць праз пратоку прыкладна палову ад даваеннага абʼёму нафты, што дазваляе ўтрымліваць цэны на прымальным узроўні. Паведамляецца, што ЗША каардынуюць рух праз пратоку з краінамі Пэрсідзкай затокі.
Тым часам Іран выдаў новае папярэджаньне дзяржавам Пэрсідзкай затокі аб недапушчэньні аказаньня дапамогі амэрыканскім вайскоўцам.
У NATO заявілі, што гатовыя адрэагаваць на любую пагрозу і прыняць неабходныя захады для абароны сваіх чальцоў пасьля як прагучала, што Іран разглядаў магчымасьць нападу на амэрыканскія вайсковыя аб'екты ў Баўгарыі і на Кіпры ў выпадку далейшай эскаляцыі канфлікту са Злучанымі Штатамі.