У беларускіх рэаліях кнігі пра турмы не зьяўляюцца чымсьці эксклюзіўным і ўнікальным. А пасьля 2020-га ў Беларусі працуе своеасаблівая «тэорыя шасьці рукапацісканьняў»: людзі ведаюць пра карную сыстэму ня толькі ад саміх пацярпелых, але ад сваякоў, сяброў, знаёмых, кажа аўтар новай кнігі «Інкамунікада. Катаваньне адзінотай» Ігар Карней.
Вокладка кнігі
Журналіст быў затрыманы 17 ліпеня 2023 года і асуджаны да 3 гадоў зьняволеньня нібыта за супрацу з экстрэмісцкім фармаваньнем, атрымаў яшчэ 11 месяцаў за «злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі». Адседзеў амаль два гады. У чэрвені 2025 года быў выдвараны зь Беларусі. Спачатку апынуўся ў Літве, потым пераехаў у Партугалію да сям’і.
«Ідэя кнігі вітала ў паветры, я яшчэ ў СІЗА ўсьведамляў, што ўсё гэта трэба будзе адлюстроўваць. Магчыма, у кагосьці былі выпрабаваньні больш жорсткія і страшнейшыя, але не было ні імпэту, ні жаданьня, а ў некаторых майстэрства і здольнасьцяў усё гэта апісаць. А я, будучы журналістам, вымушаны быў пісаць», — расказвае Карней.
«З паперак пакінулі толькі пашпарт»
Ігар Карней узгадвае, як летам 2025 года, празь месяц пасьля яго выдварэньня з-за кратаў, прыехаў у Варшаву, каб найперш сустрэцца са сваімі дочкамі, якія жывуць у Польшчы, а таксама зь сябрамі.
«Старшыня беларускага ПЭНу Тацяна Нядбай прапанавала мне не цягнуць. Але, у адрозьненьне ад майго калегі Алега Грузьдзіловіча, які публікаваў на сайце Радыё Свабода асобныя часткі, а потым выдаў гэтыя ўспаміны кнігай, у мяне не было такой раскошы — пісаць кавалкамі, давялося пісаць адразу кнігу. Я прыйшоў да высновы: калі пісаць — то толькі па гарачых сьлядах, пакуль усё ў яркіх фарбах. Інакш усё ўражаньні растварацца, распыляцца, разьвеяцца, і зьбіраць усё гэта па-новаму з аскепкаў — ня будзе ўжо ні энтузіязму, ні сіл, ні памяці, ні імпэту. Гэта ілюзія, што час мінае, і балячкі загояцца», — прызнаецца журналіст.
Ігара Карнея вызвалілі з турмы без нічога — не аддалі ніводнай паперкі, аркуша, ліста. Як удалося без нататкаў, з галавы за такі неймаверна кароткі тэрмін — за 2 месяцы — напісаць кнігу аб’ёмам больш за 400 старонак?
Ілюстрацыі да кнігі Ігара Карнея рыхтавала яго жонка Іна
«У 2021-22 гадах у зьняволеных яшчэ былі магчымасьці штосьці пераслаць з-за кратаў. Калі я сеў у 2023-м, гэта было ўжо нерэальна. Некалькі разоў былі „шмоны“ ў калёніях у Шклове і ў Мазыры, дзе я апынуўся пасьля другога прысуду. І ўсё, што я занатоўваў і аднаўляў, было канфіскаванае яшчэ там. А „кантрольны стрэл“ — падчас вымушанага выезду, дакладней, цынічнага выдварэньня КДБшнікі забралі рэштку ў „амэрыканцы“ — тое, што заставалася, уключна з асабістымі лістамі ад сваякоў… З паперак пакінулі толькі пашпарт, які хутка таксама прызналі несапраўдным», — кажа Карней.
«Калі пачаў пісаць кнігу, слова „інкамунікада“ я не ўжываў»
Журналісту не хацелася паўтарацца, бо ўжо выходзілі кнігі былых зьняволеных, новыя людзі, магчыма, таксама будуць пісаць. Было вырашана сканцэнтравацца менавіта на ізаляцыі — на рэжыме інкамунікада. Ігар прызнаецца, што раней гэтага слова ня ведаў. Упершыню яго пачуў у размове з адвакатам і не адразу ўсьвядоміў, што гэта азначае.
«Бо седзячы ў ізалятары, інкамунікада яшчэ няма: ты падазраваны, спадзяесься: можа, яшчэ выпусьцяць. Былі сустрэчы з адвакатам, ліставаньні, перадачы Яшчэ можна было існаваць — ня жыць, а менавіта існаваць. Ну, а калі пачаліся „каляніяльныя“ прыгоды, там умовы на парадак больш жорсткія, абмежаваньні на ўсіх франтах. Калі пачаў пісаць кнігу, слова „інкамунікада“ я не ўжываў, яно зьявілася на больш позьнім этапе рэдагаваньня. У мяне была іншая вэрсія: назоў „Катаваньне адзінотай“ і падзагаловак „Як выбіваюць іншадумства“», — прызнаецца аўтар кнігі.
Ён лічыць, што ў дачыненьні да яго самога, магчыма, гэта не зусім апраўдана, бо шмат людзей не адзін год знаходзіліся ў рэжыме татальнага абмежаваньня ня толькі са сваякамі, роднымі, але і ўвогуле з вонкавым сьветам. У Ігара было паўгода адзіночкі ў Шклоўскай калёніі (толькі 4 дні папрацаваў на лесапілцы з Паўлам Белавусам), а ўвесь астатні час — у ШІЗА і ПКТ. На жорсткім рэжыме ў Мазыры таксама быў у ШІЗА, але там знаходзілася па 4–5 чалавек.
«Калі ты „жоўтабірачнік“ са статусам „экстрэміста“ і з прафулікам № 10 — адбываецца сэгрэгацыя. Што да „белабірачнікаў“ (забойцаў, маньякаў, гвалтаўнікоў, рабаўнікоў) — зь гледзішча пэнітэнцыярнай сыстэмы гэта нармальная публіка, а з палітычнымі, экстрэмістамі лепш не кантактаваць увогуле. Ну і па магчымасьці стварыць ім невыносныя ўмовы. Ня ўсе фізычна вытрымліваюць гэтыя зьдзекі. Калі чалавека без прычыны кідаюць у ШІЗА, прыдумляюць чарговыя парушэньні, потым зьмяшчаюць у ПКТ, зноў падстаўляюць, і так да наступнай крымінальнай справы па 411 артыкуле — атрымліваецца „зачараванае кола“, зь якога можна ня выйсьці, маючы нават невялікі тэрмін ад пачатку», — кажа былы палітвязень.
На яго думку, людзі з жоўтымі біркамі «экстрэмістаў» успрымаюцца як матэрыял для экспэрымэнтаў. Не бярэцца пад увагу ні стан здароўя, ні ўзрост, ні прычына, зь якой чалавек апынуўся за кратамі. Ідуць у ход бесцырымонныя атакі.
«Прычым, у некаторых месцах гэта больш канцэнтравана. Мне падалося, што менавіта ў Шклоўскай калёніі (гэта пацьвярджаюць іншыя сядзельцы — Ахіра Гаеўскі-Ханада, Аляксандар Ярашук, Павал Севярынец, на месца якога я ненадоўга прызямліўся) — усе яны перакананыя, што ёсьць» спэцзаданьне» — прэсаваць палітычных. А начальнік Шклоўскай калёніі — Карняенка (мянушка ў яго — Карней, я ж чуў, як вертухаі сьцябуцца са свайго начальніка). Ён стварыў для мяне невыносныя ўмовы і асабіста вырашаў мой лёс. Так што ў «Карнеяў» ня склаліся адносіны», — прызнаецца былы палітзьняволены Ігар Карней.
Як не звар’яцець
Кніга «Інкамунікада. Катаваньне адзінотай» падзеленая на 4 «этапы»: «Ізаляцыя», «Камэра», «Голас» і «Апора».
«Я дзялюся сваімі „турэмнымі ўнівэрсытэтамі“: як вынесьці гэтыя выпрабаваньні, як не звар’яцець у псыхічным сэнсе, як вытрымаць фізычна. Бо калі ты ня бачыш сонца, неба, ты замураваны ў чатырох сьценах без вакна, ты пастаянна мерзьнеш, недаядаеш — гэта адбіваецца ня толькі на фізычным стане, але і на псыхічным… Я сустракаў людзей, якія папросту вар’яцелі, седзячы ў такіх умовах. Ня кожны можа сябе настроіць маральна, не зважаць на зьнешнія ўмовы і спрабаваць сканцэнтравацца на ўнутраным сусьвеце.
Магчыма, лягчэй пераносяць такія ўмовы шчырыя вернікі ці людзі з мэдытацыяй ці псыхалягічнымі практыкамі — яны проста пераключаюць мазгі», — кажа Ігар.
Урывак з кнігі: «Цынічныя турэмнікі ведаюць, што сапраўдны гвалт ня ў болю, не ў кайданках, ня ў крыках. Найбольш эфэктыўны прэсінг — прымусіць вязьня існаваць у сьвеце, дзе няма нікога, акрамя яго самога. Слухаць уласнае дыханьне, пакуль не пачнеш сумнявацца, ці вартае яно таго, каб працягваць. І вось у гэтым бэтонным меху, дзе нават шоргат крокаў адгукаецца рэхам, раптам неймавернае: у шчыліну прабіраецца муха. Спачатку толькі раздражненьне, інстынкт — адшпурнуць, зьнішчыць. Але рука замірае… І адчуваю амаль дзіцячую радасьць: я не адзін!»
Карней узгадаў, як у магілёўскай турме № 4, калі чакаў апэляцыю пасьля новага прысуду па 411-м артыкуле, яму патрапіла кніжка Джэка Лёндана «Міжзоркавы вандроўнік» (The Star Rover) — пра прафэсара, які асуджаны на пажыцьцёвае зьняволеньне і вандруе ў часе.
«Каб я ведаў пра гэты твор раней, магчыма, мне было б лягчэй. Гэта пра чалавека асуджанага, які яшчэ і ў „зьмірыцельнай кашулі“, ён ледзьве не паміраў фізычна, але адлятаў зь цела і нібыта падарожнічаў па сусьвеце. І сапраўды, калі атрымліваецца не займацца самаедзтвам, дыстанцыявацца ад гэтага зьдзеку, у цябе больш шанцаў, што ты застанесься са здаровай галавой», — кажа журналіст.
На думку былога палітвязьня, у месцах, дзе ёсьць пэўная сэгрэгацыя, людзі з жоўтымі біркамі «экстрэмістаў» успрымаюцца як матэрыял для экспэрымэнтаў. Не бярэцца пад увагу ні стан здароўя, ні ўзрост, ні прычына, зь якой чалавек увогуле апынуўся за кратамі.
«Каб не падавалася, што гэта прыдумана, згенэравана маім хворым інтэлектам…»
Ідэя дапоўніць кнігу галасамі іншых «сядзельцаў» нарадзілася падчас працы над ёй. У «Голасе» — больш за два дзясяткі успамінаў былых палітвязьняў: «Катавальня Лосіка», «Камуналка Чарняўскай», «Крыж Севярынца», «Гігіена Мажэйкі», «Казуркі Класкоўскай», «Выбар Семчанкі», «Страйк Луцкіной», «Ферма» Пархімчыка, «Фэміда Лабковіча».
«Каб не падавалася, што гэта прыдумана, сгенэравана маім хворым інтэлектам (ня штучным, а хворым), каб кніга не выглядала суб’ектыўна, зьявілася ідэя далучыць уражаньні некалькі чалавек, якія прайшлі падобныя выпрабаваньні», — кажа ён.
Ігар быў у першай партыі памілаваных і выдвараных з краіны ў чэрвені 2025 года. Толькі пачаў пісаць кнігу — у верасьні была вызвалена другая партыя, дзе апынулася шмат ягоных калег і сяброў, зь якімі ён перасякаўся на зонах у Шклове, і ў Мазыры. Потым былі іншыя партыі, і ён дадаваў аповеды вызваленых ужо ў амаль гатовую кнігу.
«Былі іншыя формы зьдзеку: хатні арышт Юліі Чарняўскай альбо хімія з накіраваньнем у айцішніка Віктара Пархімчыка. А гэта зусім ня лёгка, калі з табой пастаянна знаходзяцца чужыя людзі, якія абжыліся да такой ступені, што нават у лядоўні Чарняўскай у ахоўнікаў была свая палічка. Спадарыня Юлія нават думала, што каб было здароўе, пайсьці і адседзець. Айцішніка Віктара Пархімчыка, які адбываў хімію з накіраваньнем, уладкавалі працаваць жывёлаводам на фэрму, дзе ён павінен быў прымаць роды ў кароў. Гісторыі розныя, і хтосьці зайздросьціць, што, маўляў, на хатняй хіміі ці хатнім арышце чалавек сьпіць ва ўласным ложку. Але аказалася, што ня ўсё так проста», — кажа аўтар кнігі «Інкамунікада. Катаваньне адзінотай» Ігар Карней.