Паняцьце «экстрэмізм» у Беларусі пасьля 2020 году выйшла за рамкі барацьбы з гвалтоўнымі злачынствамі. Цяпер яно можа закранаць адукацыю, культуру, грамадзянскую супольнасьць і паўсядзённае жыцьцё беларусаў. Праваабарончая арганізацыя Human Constanta сабрала ключавыя зьмены, рашэньні судоў, заканадаўчыя новаўвядзеньні і паказальныя і нават абсурдныя справы за другі квартал 2026 года. Расказваем пра іх новае дасьледаваньне падрабязьней (зь меркаваньняў бясьпекі імёны суразмоўцаў не называюцца. — РС).
Толькі за адзін квартал у Беларусі экстрэмістаў стала больш на 297 чалавек (усяго МУС Беларусі прызнаў экстрэмістамі амаль 6800 асобаў). Яшчэ на 47 прозьвішчаў папоўніўся сьпіс тэрарыстаў (усяго ў сьпісе КДБ 1458 чалавек, у тым ліку 714 беларусаў-тэрарыстаў). Аналітыкі Human Constanta кажуць: гэта сьведчыць пра тое, што 5-гадовыя тэрміны даўніны па некаторых «пратэставых» артыкулах Крымінальнага кодэксу так і ня скончыліся — людзям інкрымінуюць іншыя артыкулы замест тых, па якіх іх больш нельга прыцягнуць да адказнасьці.
Прызнаныя экстрэмісцкімі 31 новае фармаваньне і 2 арганізацыі (усяго іх 369). Упершыню экстрэмісцкім прызнаны цэлы ўнівэрсытэт — Эўрапейскі гуманітарны (Вільня). У Сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў Мінінфарму дадалося 654 пазыцыі (усяго цяпер іх амаль 10 600). Сьпіс кніг, якія паводле ўладаў, здольныя нанесьці шкоду нацыяльным інтарэсам РБ, папоўніўся 17 новымі творамі (цяпер у сьпісе 258 забароненых кніг).
Экстрэміст-нябожчык
У пералік арганізатараў «экстрэмісцкіх фармаваньняў» у 2026 годзе быў уключаны загінулы чалавек, а акаўнты ў сацсетках актывістаў, якія даўно памерлі, прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі, адзначае супрацоўнік Human Constanta Яўген, які працаваў над справаздачай.
Мікіта Крыўцоў
Удзельнікам «Беларускай нацыянальнай кааліцыі», створанай у лістападзе 2025 года, значыцца Мікіта Крыўцоў, які ў жніўні 2020 года быў знойдзены павешаным лесе ў раёне вуліцы Парніковай. Гэтую структуру стварыла група апанэнтаў Сьвятланы Ціханоўскай у лістападзе 2025 года ў якасьці альтэрнатывы Каардынацыйнай Радзе. 7 красавіка 2026 года КДБ прызнаў «Беларускую нацыянальную кааліцыю» экстрэмісцкім фармаваньнем. Разам з памерлым Крыўцовым.
«Уключэньне загінулага ў сьпіс „арганізатараў“ структуры, створанай праз 5 гадоў пасьля яго сьмерці, выглядае абсурдна», — адзначаюць экспэрты Human Constanta.
«Акрамя гэтага экстрэмісцкімі матэрыяламі сёлета прызналі Facebook-старонку рэчыцкага актывіста Алега Шабетніка, які памёр ад каранавірусу 21 кастрычніка 2021 года, а таксама Facebook-акаўнт мастака, палітзьняволенага Алеся Пушкіна, які памёр у горадзенскай турме 11 ліпеня 2023 года», — канстатуе Яўген.
Непаўналетнія «экстрэмісты»
У красавіку 2026 года пракуратура Мастоўскага раёна правяла адмысловы сэмінар для завучаў і клясных кіраўнікоў па выяўленьні «экстрэмізму» сярод непаўналетніх, адзначаюць праваабаронцы. Памочнік пракурора Анастасія Бальцэвіч падчас яго тлумачыла пэдагогам, як распазнаць «юнага парушальніка». Галоўнымі прыкметамі «экстрэмізму» сярод вучняў у пракуратуры лічаць значкі і бірулькі на заплечніках, а таксама «няправільныя» аватаркі і «нікнэймы» ў чатах. Прычынамі прыцягненьня падлеткаў да «экстрэмізму» памочніца пракурора Бальцэвіч назвала «адчуваньне сацыяльнай несправядлівасьці» і «недахоп падтрымкі дома».
Падобныя сэмінары ў навучальных установах у красавіку 2026 года былі праведзеныя ў Маладэчне, Бабруйску, Любані, Паставах, Бераставіцы, Кобрыні, Чэрыкаве, Горадні, Менску.
Акрамя гэтага ў беларускіх школах уводзяць «інфармацыйную гадзіну» для вучняў 3–6 класаў, прысьвечаную асновам заканадаўства. Праграму падрыхтаваў Нацыянальны цэнтар заканадаўства і прававой інфармацыі. Дзецям сярод іншага будуць тлумачыць заканадаўства аб «экстрэмізьме» і распавядаць пра адказнасьць за ўдзел у «несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах».
Старыя і новыя «экстрэмісцкія» кнігі
Па стане на сярэдзіну жніўня 2026 году ў сьпісе экстрэмісцкіх матэрыялаў Мінінфарму ўжо 10 600 пазыцый. У пералік увайшлі праваабарончыя агляды 10-15 гадовай даўніны («Сытуацыя з правамі чалавека ў 2008 годзе»), выдадзеныя ў канцы 1990-х — пачатку 2000-х гадоў кнігі. Напрыклад, там ёсьць кніга Станіслава Шушкевіча 2002 года выданьня «Нэакамунізм у Беларусі», выданьне Ўладзімера Коласа «Лёс ліцэя» 2001 года, кнігі «Бібліятэкі Свабоды» з цытатамі Нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч «100 цытат на Свабодзе» і народнага пісьменьніка Беларусі «Быкаў на Свабодзе».
Сьвятлана Алексіевіч
Адсочвае Мінінфарм і сьвежыя выданьні: экстрэмісцкімі прызнаныя сатырычная антыўтопія Макса Шчура «Там, дзе нас няма», дэтэктыўныя аповесьці Камілы Цень пра кантралёрку грамадзкага транспарту «Наступны прыпынак — сьмерць», аповесьць пра сучасную менскую моладзь «Апошняе пакаленьне» маладога аўтара Макара.
Упершыню за ўвесь час назіраньняў у сьпіс уключылі старонкі на плятформе Reddit, кажуць праваабаронцы. Гэта сайт і сацсеткі экалягічнага праекту «Зялёны тэлефон», а таксама сайт футбольных заўзятараў belultras.com, які публікуе навіны аб фанацкіх рухах ва ўсім сьвеце.
Дзяржаўныя органы робяць максымальны ўпор на прызнаньне «экстрэмісцкімі матэрыяламі» акаўнтаў у Threads, TikTok і Facebook.
«Пералікі экстрэмістаў» і «тэрарыстаў» працягваюць папаўняць асуджанымі па палітычных справах, а памілаваных зь іх не выключаюць. Да таго ж, у адносінах былых палітвязьняў, у тым ліку і памілаваных (Уладзімера Лабковіча, Паўла Севярынца), заводзяць новыя крымінальныя справы паводле артыкулу 361-4 («Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») толькі за тое, што яны распавялі мэдыя пра ўмовы ўтрыманьня за кратамі. Пералік «экстрэмісцкіх матэрыялаў» масава папаўняецца цалкамі апалітычнымі TikTok-каналамі з рэгіянальнымі навінамі і абвесткамі, а таксама рознага кшталту нефармальнымі онлайн-супольнасьцямі. Прызнаныя «экстрэмісцкімі», да прыкладу, чаты сваякоў зьняволеных, дзе людзі проста абменьваліся інфармацыяй аб умовах утрыманьня і правілах устаноў. Што лепш перадаваць за краты, як упакоўваць перадачы, а адміністрацыі калёній цяпер вымушаюць асуджаных патрабаваць ад блізкіх пакінуць такія чаты», — кажа адзін са складальнікаў справаздачы Human Constanta Яўген.
ЭГУ, швэдзкі лібэральны фонд, польская моўная школа
Дацягваюцца рукі беларускіх чыноўнікаў і сілавікоў і да арганізацый, якія працуюць за межамі Беларусі, адзначаюць аўтары дасьледаваньня.
Галоўны корпус ЭГУ
У 2026 годзе Вярхоўны суд Беларусі прызнаў «экстрэмісцкай арганізацыяй» Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт — беларускую навучальную ўстанову ў выгнаньні, якая з 2005 года базуецца ў Вільні. Гэта першы ў гісторыі выпадак, калі падобны статус прысвоены цэламу ўнівэрсытэту. Па ўсёй Беларусі пачалася хваля ператрусаў і допытаў студэнтаў, выпускнікоў, іх бацькоў.
Акрамя гэтага «экстрэмісцкімі» арганізацыямі прызнаныя Фонд Швэдзкага лібэральнага цэнтра (Swedish International Liberal Centre, SILC), заснаваны ў канцы 1980-х Лібэральнай народнай партыяй Швэцыі, «Асацыяцыя беларусаў у Амэрыцы» і нават моўная школа ў Польшчы «LVS. Language School».