Джон Коўл напісаў пра вызваленьне беларускіх палітвязьняў

Джон Коўл. Архіўнае фота

Спэцпасланьнік прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа ў Беларусі Джон Коўл паведаміў у сацсетцы X , што палітвязьні могуць быць вызваленыя найбліжэйшым часам.

У сацсетцы X Яна Кавалёва, сястра палітвязьня Ільлі Верамеева, зьвярнулася да Коўла з пытаньнем: «Ці можам мы спадзявацца на вызваленьне палітвязьняў у найбліжэйшай будучыні?»

Коул адказаў адным словам: «Так». Іншых падрабязнасьцяў ён не паведаміў.

У чэрвені 2026 году Коўл таксама рабіў запіс аб вызваленьні палітвязьняў у сацсетцы Х. Ён адрэагаваў на публікацыю лідэркі дэмсілаў Сьвятланы Ціханоўскай у сувязі з гадавінай выхаду на волю яе мужа — блогера Сяргея Ціханоўскага.

«Іх будзе больш!» — напісаў Коўл.

15 чэрвеня спэцпасланьнік заяўляў, што неўзабаве можа чарговым разам прыбыць у Менск.

Тады ж карыстальніца Lisa, у профілі якой пазначана, што яна жонка палітвязьня, спытала ў Коўла: «Калі мы можам чакаць вас у Менску?» На гэта ён ляканічна адказаў: «Хутка».

Што папярэднічала і чаму гэта важна

Напярэдадні агенцтва Reuters апублікавала эксклюзіўны камэнтар Сьвятланы Ціханоўскай аб тым, што адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа паведаміла дзеячам беларускай апазыцыі ў выгнаньні пра затрымку ў сваіх намаганьнях дамагчыся ад Аляксандра Лукашэнкі вызваленьня новых палітвязьняў.

Як паведамляла Reuters са спасылкай на Ціханоўскую, амэрыканскі бок праінфармаваў яе, што «наступныя вызваленьні адкладзеныя на пэўны час», аднак яна ня можа раскрыць прычыны гэтага.

«Ведаючы прычыну, я не хвалююся. Вядома, мы хочам, каб як мага больш людзей выйшлі на волю як мага хутчэй, і любая затрымка пагаршае стан многіх зь іх. Але гэта не канец працэсу», — працытавала Reuters Ціханоўскую.

Ранейшыя спадзяваньні

Джон Коўл заявіў 28 красавіка, што разьлічвае дамагчыся наступнага вызваленьня вязьняў у Беларусі на працягу траўня. Паводле яго, у выпадку такога разьвіцьця падзеяў магчымае далейшае зьмякчэньне санкцыяў у дачыненьні Менску. У беларускай сталіцы правялі буйны пратэстанцкі фэстываль, на якім госьцем быў пратэстанцкі прапаведнік Франклін Грэм, сябар Коўла.

Аднак, насуперак спадзяваньням, новага масавага вызваленьня палітвязьняў у Беларусі не адбылося.

На 21 чэрвеня беларуская праваабарончая супольнасьць прызнае палітвязьнямі 843 чалавекі.