Група беларускіх актораў, рэжысэраў і выдаўцоў стварыла пра жыцьцё Зінаіды Бандарынай аўдыяспэктакль «Ператварыўшыся імгненна ў аганёк…» Пагаварылі зь яго рэжысэркай Сьвятланай Бень.
Зінаіда Бандарына нарадзілася ў 1909 годзе ў Горадні ў сям’і выкладчыка латыні. Яе бацьку падчас Першай усясьсветнай вайны прызвалі ў войска, дзе ён даслужыўся да афіцэра. У грамадзянскую вайну быў камандзірам Чырвонай Арміі. Сям’я шмат пераязджала: з Горадні ў Дзьвінск, Іванава, Маскву, а ў 1918-м асела ў Менску, дзе Зіна ў 1927 скончыла сямігодку і пэдагагічны тэхнікум. У Койданаве яна арганізавала ў былым доме сьвятара дзіцячы садок, куды яе прызначылі загадчыцай — у 16 гадоў!
У 18 годоў Бандарына надрукавала свае юнацкія вершы — іх ацаніў і пахваліў Янка Купала. У 1926-м выйшаў дэбютны зборнік «Вершы», куды ўвайшлі творы Зінаіды Бандарынай, Яўгеніі Пфляўмбаўм і Натальлі Вішнеўскай. Максім Гарэцкі ў 1928 годзе ў кнізе «Маладняк за пяць гадоў» прысьвяціў Бандарынай асобны разьдзел і назваў яе адной з найлепшых паэтак.
Пасьля заканчэньня пэдтэхнікуму па «камандзіроўцы Наркамата асьветы» (фактычна, па разьмеркаваньні, але нібыта дабраахвотна) яна паехала вучыць мове дзяцей беларускіх перасяленцаў у Сібір, у пасёлак Медзякова Навасібірскай вобласьці, дзе пражыла 1927–1928 гады.
У суровым сібірскім клімаце дзяўчына захварэла на сухоты і вярнулася ў Беларусь. Працавала ў газэце «Палеская праўда». «Маладняк» публікуе яе аповесьць «Шуміць тайга». У 1931 годзе Зінаіда выдала ўласную кнігу «Веснацьвет». І цягам 15 гадоў яна не публікуе паэзіі наагул, а потым прыносіць у выдавецтвы толькі прозу.
Бандарына ездзіць па новабудоўлях і ўстановах культуры БССР, піша нарысы. У літаддзеле газэты яна «правінілася: не паверыла ў кантррэвалюцыйнасьць некаторых беларускіх пісьменьнікаў», і яе са скандалам выключылі з камсамолу.
Зінаіда едзе ў Маскву, паступае на літаратурна-сцэнічны факультэт Інстытуту кінэматаграфіі, у 1937 сканчае асьпірантуру Акадэміі мастацтвазнаўства ў Ленінградзе, працуе на кінастудыях і ў тэатрах Масквы, Архангельска, Грознага.
На пачатку вайны ўступіла ў Маскоўскае апалчэньне, была санінструктарам у Панфілаўскай дывізіі, узнагароджаная баявым мэдалем, трапіла ў шпіталь, а ўвесну 1943 года пасля нараджэньня сына Канстанціна была дэмабілізаваная.
У 1945-м Бандарына вярнулася на радзіму, працавала ў Менску ў часопісе «Бярозка» і спэцкарам дзіцячай рэдакцыі радыё. Калі ў 1948 годзе ў Вязынцы адкрыўся філіял музэю Янкі Купалы, уладкавалася туды. У 1956-м выходзіць яе аповесьць «Ой, рана на Івана» — пра дзіцячыя і юнацкія гады Купалы. Працавала ў «ЛіМе», «Зорцы». У 1957-м Бандарыну прынялі ў Саюз пісьменьнікаў.
У красавіку 1959-га паэткі ня стала. Паводле афіцыйнай вэрсіі, яе зьбіла машына, але хадзілі чуткі і пра самагубства. Пахаваная на Ўсходніх могілках у Менску. Ужо пасьля яе сьмерці выйшаў зборнік апавяданьняў «Лясныя госьці» (1960).
«Выданьне кніг яшчэ не азначала вяртаньня імёнаў»
У 2023 годзе у выдавецтве «Пфляўмбаум» выйшла кніга выбранай паэзіі Зінаіды Бандарынай «Да новага заўтра». А нядаўна рэжысэркі Сьвятлана Бень і Інга Лізянгевіч стварылі па гэтай кнізе аўдыёспэктакаль «Ператварыўшыся імгненна ў аганёк».
Выдавецтва «Пфляўмбаўм» з самага заснаваньня ставіла задачу ня толькі публікаваць сучасных аўтарак, але і вяртаць зь нябыту імёны забытых літаратарак пэрыяду «Расстралянага Адраджэньня». У 2023 годзе выдавецтва выдала трохтомнік паэтак, якія пачыналі ў пэрыяд культурнага ўздыму 1920-х гадоў: «Сонца» Яўгеніі Пфляўмбаўм, «Неба мнагавокае» Натальлі Вішнеўскай і «Да новага заўтра» Зінаіды Бандарынай, распавяла прадстаўніца выдавецтва, якая папрасіла захаваць ананімнасьць.
«Аднак выданьне гэтых кніг яшчэ не азначала вяртаньня імёнаў Пфляўмбаўм, Бандарынай і Вішнеўскай. Таму мы задаліся пытаньнем: „а як можна было б дадаткова папулярызаваць для шырокай публікі творчасьць гэтых паэтак?“ Напрыканцы 2023 года пачалі працаваць з рэжысэркамі Інгай Лізянгевіч і Сьвятланай Бень. Яны тады рыхтавалі ў Бэрліне „Ноч нерасстралянай паэзіі“. А ў 2024-м Інга і Сьвета стварылі ў супрацоўніцтве з выдавецтвам першы аўдыяспэктакаль пра Натальлю Вішнеўскую.
Нядаўна Інга і Сьвятлана стварылі і другі аўдыяспэктакль у сэрыі, прысьвечанай трыё паэтак: „Ператварыўшыся імгненна ў аганёк“ — пра Зінаіду Бандарыну», — расказвае суразмоўца.
«Нязломны дух і прага справядлівасьці»
Сьвятлана Бень кажа, што ёй ўвогуле цікавы пэрыяд беларускай літаратуры і культуры 1920-30-х гадоў. Усё, што тычыцца гісторыі «Маладняка» і «Ўзвышша».
«Вельмі цікава было працаваць, калі рабіліся „Вечары нерасстралянай паэзіі“ і рыхтавалася кніга „Нерасстраляныя“, мне хацелася рабіць калябарацыі, вывучаць глыбока іх творчасьць. І таму калі мяне выдавецтва „Пфляўмбаўм“ запрасіла прыняць удзел у падрыхтоўцы аўдыёспэктаклю па кніжцы Натальлі Вішнеўскай, для мяне гэта быў вялікі гонар і радасьць. Разам з цудоўнай рэжысэркай Інгай Лізянгевіч, якая жыве ў Бэрліне і працуе на Бэрлінскім радыё, мы ўзяліся за гэтую працу і зрабілі яе», — распавяла Сьвятлана Бень.
Потым зьявілася яшчэ адна прапанова — зрабць аўдыёспэктакаль на іншай кніжцы, якую выдала выдавецтва «Пфляўмбаўм». Пра Зінаіду Бандарыну.
«Мяне ўразіў яе нязломны дух і прага справядлівасьці, якая ніколі ў яе не згасала. Зінаіда Бандарына — надзвычай трапяткі, чульлівы чалавек і адначасова вельмі моцны, яна ўсё прапускала праз сваё сэрца і не магла цярпець несправядлівасьць. Гэта рэдкая чалавечая якасьць і вельмі патрэбная ў нашы складаныя часы. І гэта вельмі натхніла ўсю нашу каманду», — кажа Сьвятлана.
Бень дадае, што ў біяграфіі Бандарынай шмат загадак і белых плям. Да гэтага часу абставіны яе сьмерці застаюцца невядомымі альбо супярэчлівымі, амаль не засталося сьлядоў яе дзейнасьці як мастачкі, мала вядома і пра яе тэатральную дзейнасьць.
«Але, магчыма, галоўная загадка гэтага спектаклю — тое, як у задушлівы час страху і рэпрэсій Зінаіда Бандарына здолела захаваць унутраную свабоду і вернасьць свайму пошуку праўды. Для спэктаклю па творах Вішнеўскай музыку пісала Вольга Падгайская. А да спэктакля пра Бандарыну музыку напісаў Яўген Кучмейна (у яго ёсьць праект „Кропка К“). Жэня родам з Горадзеншчыны, як і Зінаіда Бандарына, і для яго была вельмі важна перадаць прывітаньне родным мясьцінам і творчай постаці Зінаіды Бандарынай праз музыку», — расказвае Сьвятлана.
Сьвятлана Бень, фота Канаплёва-Лейдзіка
У спэктаклі гучаць галасы беларускіх актораў Адэліны Кашынай, Алены Гіранок, Тамары Фурс, Уладзімера Драздова, Паўліны Коваль, Маі Ганчарэнкі, Кузьмы Ганчарэнкі, Міхася Зуя, Натальлі Ляванавай, Алеся Аўсяньнікава, Сьвятланы Раманюк і самой Сьвятланы Бень. Акторы раскіданыя па розных краінах. Ці складана было працаваць у такіх умовах?
«Так, канечне. Частку матэрыялу мы запісалі ў Бэрліне, давялося езьдзіць на Падляшша да кампазытара Яўгена Кучмейны, каб ствараць музыку разам. А частку спэктаклю мы запісвалі ў студыі ў Познані, дзе жыве шмат беларускіх актораў. І дзеткі іхнія бралі ўдзел. Гэта было сьвята! Міша Зуй прыязджаў з Варшавы ў Познань адмыслова на запіс, якраз у яго быў там праект з дыяфільмамі. Гэта цікавы досьвед узаемадзеяньня і кожная сустрэча была такім маленькім сьвятам, таму што мы рэдка бачымся. А тут такая нагода цудоўная — убачыцца і зрабіць штосьці разам», — кажа Сьвятлана Бень.
Сьвятлана Бень, фота johnny_cosmic
Радыёспэктаклі былі вельмі папулярнымі ў сярэдзіне ХХ стагодзьдзя. Потым на зьмену радыё прыйшло тэлебачаньне, YouTube. Ці ёсьць будычыня ў такога жанру?.
«Мне здаецца, што будучыня ёсьць ва ўсіх творчых праяваў: і ў плытаў для прайгравальніка, і ў касэт для магнітафонаў Аўдыёспэктаклі — вельмі кранальны жанр, магчыма, крыху рэтра, але ўсе, хто іх слухае, кажуць, што гэта вяртае іх да дзяцінства, выклікае вельмі ўтульныя і цёплыя пачуцьці. Складанасьць жанру ў тым, што гэта вельмі вялікая праца. Адна справа — зьняць кароткі рылс ці простае відэа на тэлефон, іншая справа — зьняць вялікі паўнавартасны фільм. Так і аўдыёспэктакаль. Мы працавалі амаль год — з паглыбленьнем, было задзейнічана шмат рэсурсаў, шмат людзей — гэта сур’ёзная камандная праца. Я ўпэўнена, што гэты жанр ня згасьне, ён заўсёды будзе запатрабаваны. Вельмі хочацца, каб як мага больш людзей пачула гэты спэктакаль — ён вельмі натхняльны дзя цяперашніх часоў. Зінаіда Бандарына — вельмі жыцьцярадасны, вельмі моцны чалавек зь вялікім сэрцам», — расказвае Сьвятлана Бень.
Паслухаць аўдыёспэктакаль «Ператварыўшыся імгненна ў аганёк» можна тут.