З 2023 году паміж Латвіяй і Беларусьсю дзейнічае толькі адзін памежны пераход — Грыгараўшчына-Патэрніекі. На пачатку жніўня МУС Латвіі паспрабавала зачыніць і яго. Расказваем, што пра гэта думаюць жыхары найбліжэйшага да Беларусі латыскага райцэнтру — Краславы (традыцыйная беларуская назва — Краслаўка, Краслаў).
Паміж Латвіяй і Беларусьсю ад 1990-х дзейнічалі два памежныя пераходы, празь якія можна было трапіць у суседнюю краіну на прыватным транспарце. «Урбаны-Сілене» і «Грыгараўшчына-Патэрніекі». Першы і найбольш папулярны пункт пропуску Латвія зачыніла ў 2023 годзе. Афіцыйная прычына — арганізаваная беларускімі ўладамі плынь нелегальнай міграцыі.
Другі працаваў да вечара 31 ліпеня 2026 году, калі Латвія спыніла там пропуск транспарту «па тэхнічных прычынах». Ва ўрадзе краіны адразу ж прапанавалі цалкам спыніць памежны рух праз Патэрніекі. Беларуская прапаганда адказала гучнымі заявамі пра «недружалюбнасьць».
4 жніўня да патрабаваньняў зачыніць апошні памежны пункт на беларускай мяжы далучылася Міністэрства ўнутрарых спраў Латвіі. Прычынамі назвалі «нацыянальную бясьпеку» і той жа незаконны трафік мігрантаў з трэціх краін. Гэтая прапанова ў выніку была адхіленая. Увечары 4 жніўня пункт пропуску «Грыгараўшчына-Патэрніекі» зноў запрацаваў. Як доўга гэта працягнецца, ня скажа зараз ніхто.
Галоўная вуліца Краславы
«Даўно ў нас не было беларусаў»
«Я ў вас (у Беларусі — РС) была яшчэ да пандэміі апошні раз, — расказвае гаспадыня аграсядзібы ў Краславе Вольга. — Раней мы тут усе езьдзілі ў Беларусь. У Верхнядзьвінск, Полацак, Віцебск. Радня там шмат у каго, ну і купіць што. У вас там лепш, усё таньней. Зараз я не ведаю, як. Мала хто езьдзіць ужо, як усё гэта пачалося».
Што менавіта яна мае на ўвазе пад словамі «усё гэта», Вольга не ўдакладняе. На палітычныя тэмы ў Краславе, прынамсі з незнаёмцамі, размаўляюць неахвотна.
Словы Вольгі пра крэўныя сувязі з Беларусьсю пацьвярджае афіцыйная статыстыка. Латышоў у Краславе меншасьць дагэтуль. Большая частка жыхароў называе сябе расейцамі (38%), палякамі (9%) і беларусамі (5%). У Краслаўскім краі сытуацыя прыкладна такая ж. У некаторых мясцовасьцях, на самай мяжы з Беларусьсю, афіцыйная доля беларусаў складае да 15%. Пасьля ўвядзеньня Беларусьсю «бязьвізу» усе яны могуць езьдзіць у суседнюю краіну без дадатковых дакумэнтаў. Беларусам трапіць у Латвію значна цяжэй.
Насельніцтва Краславы і ваколіцаў дагэтуль напалову складаецца з расейскамоўных, значная іх частка пераехала сюды ў савецкі час
«Даўно ў нас не было беларусаў, — кажа Вольга. — Ня памятаю нават калі апошні раз. Тады ж да пандэміі, відаць. У Краславе цяпер і машыны зь беларускімі нумарамі ня ўбачыш. Некалі шмат было, вашыя людзі прыяжджалі закупляцца ў крамы да нас. На Даўгавпілс ехалі, далей на Рыгу. Зараз вельмі рэдка хто з Беларусі тут бывае».
Драўляная забудова ў Краславе. Падобную архітэктуру можна сустрэць і ў суседняй Беларусі ў Верхнядзьвінску, Браславе і іншых месцах
Прыехаць у Краславу беларусам перашкаджае прыкладна тое ж, што суразмоўцы ў латвійскім райцэнтры ёміста называюць выразам «да ўсяго гэтага».
Пасьля падзей 2020 году Латвія рэзка абмежавала магчымасьці для атрыманьня візаў. Турыстычныя і бізнэс-візы перасталі выдаваць увогуле. Атрымаць можна толькі гуманітарную, візу для наведваньня сваякоў па адмысловым запрашэньні ці нацыянальную для працы, альбо па іншых важкіх прычынах.
Ад верасьня 2025 году ўскладнілася магчымасьць паездкі ў Латвію і для тых беларусаў, якія маюць шэнгенскія візы іншых краін. Цяпер кожны візыт у гэтую краіну неабходна асобна дэкляраваць на адмысловым сайце, з указаньнем мэты візыту, маршруту і асабістых дадзеных. Калі не зрабіць гэтага за 48 гадзінаў да перасячэньня латвійскай мяжы, то можна атрымаць штраф памерам да 2000 эўра. Жыхары Краславы папярэджваюць, што гэта не пустыя словы.
За апошнія 20 гадоў насельніцтва Краслаўскага краю скарацілася на траціну
«Асьцярожна тут у нас, паліцыя, вайскоўцы, пастаянна людзей спыняюць, — папярэджвае мясцовы жыхар Уладзімір, які жыве ў Краславе „з савецкіх часоў“, прыехаўшы сюды з Расеі яшчэ ў юнацкім узросьце. — Усё праз „нелегалаў“ гэтых. Яны зь Беларусі ідуць, кажуць. Я ня ведаю, што там насамрэч. Але бліжэй да мяжы шмат вайскоўцаў, даюць штрафы».
Перасьцярогі Ўладзіміра не пазбаўленыя сэнсу. На вуліцах невялікай Краславы паліцэйскі патруль можна пабачыць некалькі разоў на гадзіну, у ваколіцах горада шмат людзей у вайсковай форме на спэцтранспарце з апазнавальнымі знакамі і бязь іх. Узмоцнены рэжым аховы мяжы дзейнічае на латыска-беларускім памежжы некалькі гадоў. Сілавікі маюць афіцыйны дазвол спыняць любы транспарт для праверкі дакумэнтаў, уваходзіць без дазволу гаспадароў у любыя памяшканьні, прымяняць пры неабходнасьці фізычную сілу.
Каля самой мяжы зь Беларусьсю, на адлегласьці прыкладна 2 км ад яе, рэжым яшчэ больш жорсткі. Каб трапіць у гэтую зону, неабходна атрымаць спэцыяльны дазвол ад Памежнай службы. Фота і відэаздымкі там забароненыя цалкам, на пад’ездах да такіх тэрыторый стаяць жоўтыя інфармацыйныя шыльды з папярэджаньнем аб магчымым затрыманьні для высьвятленьня абставінаў. Усё гэта наступствы міграцыйнага крызісу, які суцішыўся на межах Беларусі з Польшчай і Літвой, але не з Латвіяй. Толькі за першую палову 2026 году латвійскія памежнікі паведамілі пра прыкладна 9000 спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі.
Замежнікаў пры гэтым у Краславе сустрэць усё ж можна. Трапляюцца аўто з украінскімі нумарамі, матацыклы зь нямецкімі. На запраўцы, разьмешчанай на выезьдзе з гораду ў бок беларускай мяжы, стаяць фуры з казаскімі нумарамі. Іх кіроўцы пра магчымае закрыцьцё мяжы размаўляюць неахвотна.
«Пакуль адкрытая, мы езьдзім. Як закрыюць, паедзем іншым маршрутам, празь Літву, — кажа адзін зь іх. — Я еду як мне скажуць у кампаніі. Тут меншыя чэргі, езьдзім праз Латвію. Будзем праз Літву езьдзіць, калі закрыюць мяжу».
Казаскія фуры на запраўцы каля Краславы
«У вас лепш»
Суразмоўцы зь ліку мясцовых жыхароў пачуўшы пытаньні пра Беларусь згадваюць беларускія прадукты, якія некалі прывозілі сюды. Перадусім іх кошт і якасьць. Пасьля 2020 году «купіць беларускае» у Краславе стала значна складаней.
«Не, няма даўно нічога ў нас, — адказвае на пытаньне пра беларускія тавары гандлярка на мясцовым рынку. — Не прывозім і ня езьдзім ужо (у Беларусь). Сваё прадаем, прадукты. Ужо і рынку няма амаль, усе ў крамах пачалі купляць».
Від на Краславу з боку Дзьвіны
Рынак у Краславе насамрэч амаль зьнік, ранкам суботы тут усяго некалькі гандлярак гароднінай і ягадамі. У мясцовых крамах беларускіх тавараў таксама няма. Спрэс мясцовыя ды зь іншых краін Эўразьвязу. Цэны ў крамах і кавярнях маглі б крыху напалохаць жыхароў суседняга беларускага Верхнядзьвінска. Наракаюць на іх у размовах і жыхары Краславы, зноў згадваючы цэны ў Беларусі.
Паводле афіцыйнай статыстыкі, сярэдні заробак «чыстымі» у краслаўскім краі складае каля 700-800 эўра (сярэдні ў Латвіі каля 1350. — РС), узровень беспрацоўя — каля 10%, пэнсія — каля 500 эўра. Маладыя і працаздольныя стараюцца зьехаць у Рыгу ці далей за мяжу. За апошнія 20 гадоў насельніцтва гораду скрацілася на траціну.
«У Беларусь не, едуць за мяжу на Захад, — кажа суразмоўца Ўладзімір. — Ня чуў каб хто малады ехаў у Беларусь. Тут толькі на „драўніне“ (у дрэваапрацоўчай прамысловасьці. — РС) хто можа зарабіць, хто мае ўчасткі. Больш нічога няма ў нас. Але ў вас лепш, я думаю. Хто езьдзіць то гаварылі, што лепш, жыцьцё ідзе. Мяжу закрываць я ня ведаю, навошта. Хай бы людзі езьдзілі, каму яна замінае».
Палац Плятэраў
Мясцовыя ўлады ў Краславе заўважна ўкладваюцца ў разьвіцьцё турызму. Ва ўмовах памежнага крызісу разьлічваць можна пераважна на жыхароў Латвіі, для якіх на берагах Дзьвіны абсталявалі шматлікія стаянкі. Папулярныя сплавы па рацэ на байдарках, роварныя маршруты, рыбалка.
Шыльда ў памяць пра паўстанцаў 1863 году
У самім горадзе захаваўся вялікі палацавы комплекс, які калісьці належаў не чужому для Беларусі роду Плятэраў і дзе ня раз бывала маладая Эмілія Плятэр — беларуская фальклярыстка, удзельніца паўстаньня 1830–1831 гадоў.. Сам палац пакуль што закансэрваваны і чакае фінансаваньня для рэстаўрацыі. Побач зь ім у гаспадарчых пабудовах працуе музэй, адукацыйны і турыстычны цэнтар. Беларускай мовы ў абвестках і на ўлётках няма — толькі латыская, польская, ангельская і расейская. Супрацоўніцы інфармацыйнага пункта пры палацы кажуць, што беларускіх груп не было тут «шмат гадоў».
«Не была ніколі ў Беларусі, — прызнаецца супрацоўніца краслаўскай піцэрыі з імем „Elena“ на бэйджы. — Ня ведаю, што там. Я вучуся ў Рызе, тут працую пакуль лета. Чула што мяжу закрываюць, але я ня ведаю пра гэта нічога, чаму».
Дзьвіна ў Краславе