Генэральны сакратар ААН «рашуча асудзіў» і маштабныя ўдары Расеі па Кіеве, і Ўкраіны — па расейскай тэрыторыі

Наступствы расейскага ўдару па Кіеве 1 жніўня 2026 году

Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш «рашуча асудзіў» нядаўнія ракетныя ўдары расейскіх войскаў па Кіеве і іншых украінскіх гарадах, у выніку якіх загінулі і атрымалі раненьні дзясяткі цывільных жыхароў, а таксама пацярпела цывільная інфраструктура.

У той жа час, як адзначаецца ў паведамленьні прэсавай службы ААН, генэральны сакратар ААН выказаў «глыбокую занепакоенасьць» эскаляцыяй канфлікту, у тым ліку на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі.

«У сувязі з гэтым ён таксама асудзіў нядаўнія атакі ўкраінскіх бесьпілётнікаў на некалькі рэгіёнаў Расейскай Фэдэрацыі, якія, як паведамляецца, прывялі да ахвяраў сярод цывільнага насельніцтва і пашкоджаньня цывільнай інфраструктуры», — паведамілі ў прэсавай службе ААН.

Гутэрыш назваў атакі на мірнае насельніцтва і цывільную інфраструктуру «яўным парушэньнем міжнароднага міжнароднага права» і заклікаў да тэрміновай дээскаляцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Апэратар расейскага дрона зладзіў «сафары» на гандляра гароднінай у Хэрсоне

Што папярэднічала

За апошні тыдзень расейскія войскі атакавалі Кіеў тройчы — у ноч на 1 жніўня, увечары 4 жніўня і ў ноч на 5 жніўня. У выніку гэтых ракетных удараў загінулі 26 мірных жыхароў і 77 атрымалі раненьні. Расейскія войскі зьнішчылі або пашкодзілі вялікія склады кампаніяў Rozetka, «Новая пошта», «Эпіцэнтар», Fozzy Group і іншых. На чыгуначнай плятформе ў Браварскім раёне загінулі людзі. Гэта без уліку ахвяраў штодзённых атак расейскіх войскаў па Херсонскай, Запароскай, Чарнігаўскай, Сумскай і Харкаўскай вобласьцях.

Украінскія войскі канцэнтравалі свае ўдары на вайсковых аб’ектах, нафтаперапрацоўчых заводах і месцах захоўваньня паліва, а таксама на лягістычных цэнтрах кампаніі Wildberries у Расеі. Украіна выкарыстоўвала для сваіх удараў бесьпілётнікі. Атакі правялі ў ночы на 2, 5, 6 і 7 жніўня. У выніку гэтых удараў пацярпелі сама меней чатыры склады Wildberries — у Самарскай, Тульскай, Цьверскай і Сьвярдлоўскай вобласьцях, а таксама тры найбольшыя нафтаперапрацоўчыя заводы — ў Валгаградзе, Саратаве і Яраслаўлі. У выніку гэтых атак, паводле расейскіх уладаў, загінулі ня менш за 16 чалавек і больш за 65 чалавек атрымалі раненьні. Найчасьцей ахвяры сярод мірнага насельніцтва Расеі былі з прычыны дзеяньняў расейскіх сілаў супрацьпаветранай абароны, якія зьбівалі дроны над жылым сэктарам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Чарнігаве — дзень жалобы па загінулых ад расейскага ўдару. Украіна абнавіла пералік сваіх цэляў у Расеі