Трамп заявіў пра «апошні шанец» Ірану пайсьці на мірныя пагадненьні. У Армускай пратоцы зноў абстралялі танкер

Дональд Трамп, 2 жніўня 2026 году

Прэзыдэнт ЗША зноў паўтарыў пагрозу нанесьці маштабны ўдар па Іране.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што Іран мае адзіны «апошні шанец» заключыць пагадненьне, каб спыніць пяцімесячную вайну, інакш краіне пагражае «абезгалоўліваньне».

«Я мяркую, што мы, магчыма, нешта атрымаем, але я хачу даць ім апошні шанец перад сьцінаньнем галавы», — працытавала Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Дональда Трампа пасьля яго размовы з журналістамі ў Авальным кабінэце 3 жніўня.

У выходныя Дональд Трамп заявіў, што адмовіўся ад плянаванага маштабнага ўдару па Іране пасьля таго, як Тэгеран і шэраг краін Блізкага Ўсходу папрасілі даць час, каб дасягнуць пагадненьня.

Раней, 3 жніўня, Іран заявіў, што не вядзе перамоваў са Злучанымі Штатамі. У адказ Трамп назваў кіраўніцтва Ірану «неймаверна двудушным».

Адказваючы на пытаньне аб стане перамоваў, Трамп сказаў, што «яны працягваюцца проста цяпер» і дадаў, што абодва бакі размаўляюць на запыт Ірану і хаўрусьнікаў ЗША ў Пэрсыдзкай затоцы, у тым ліку Саудаўскай Арабіі, Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў і Катару.

«Гэта апошні шанец для іх падпісаць добры дакумэнт», — сказаў Дональд Трамп.

Часовае мірнае пагадненьне, дасягнутае Вашынгтонам і Тэгеранам, правалілася ў сярэдзіне ліпеня, усяго празь некалькі тыдняў пасьля падпісаньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Трамп заявіў, што скасаваў удар па Іране

У Армускай пратоцы пад абстрэл трапіў грузавы карабель

У Цэнтры морскіх гандлёвых апэрацыяў Вялікай Брытаніі (UKMTO) паведамілі, што ў Армускай пратоцы ля ўзьбярэжжа Аману ў выніку пацэльваньня «невядомага снараду» пашкоджаны грузавы вадаплаў.

Інцыдэнт адбыўся а 22:00 трэцяга жніўня.

Што папярэднічала

Адміністрацыя Трампа разглядала магчымасьць новых удараў па энэргетычнай інфраструктуры Ірану. Паводле ізраільскага 12-га тэлеканалу, Армію абароны Ізраілю прывялі ў стан павышанай баявой гатоўнасьці ў чаканьні магчымай сумеснай апэрацыі.

Падставай для абмеркаваньня новай вайсковай апэрацыі сталі напады на караблі ў Армускай пратоцы і атакі на амэрыканскія сілы ў рэгіёне.

Іран раней папярэджваў, што адкажа на магчымыя ўдары ЗША або Ізраілю. Блізкае да Найвышэйшай рады нацыянальнай бясьпекі Ірану агенцтва Nournews заяўляла, што ў выпадку такіх удараў магчымымі цэлямі могуць стаць нафтавыя абʼекты Саудаўскай Арабіі і ААЭ, а таксама газавая інфраструктура Катару і Ізраілю.

Аналітычная кампанія HFI Research адзначыла, што гэта быў ужо пяты выпадак, калі Трамп адклаў або скасаваў раней анансаваныя ўдары па Іране. На думку аналітыкаў, Тэгеран улічвае гэтую асаблівасьць амэрыканскай палітыкі ў перамовах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Як зьвязаныя войны ва Ўкраіне і Іране. Аналіз СвабодыЗША і Саудаўская Арабія нанесьлі ўдары па зьвязаных з Іранам аб’ектах у ІракуІран заявіў аб спыненьні атак на саюзьнікаў Вашынгтону, бо ЗША прыпыняюць бамбаваньніВайна з Іранам абышлася ЗША ўжо ў 37,5 мільярда даляраў