Паводле Трампа, ЗША былі цалкам гатовыя нанесьці ўдар, аднак атрымалі сыгнал, што асноўныя ўмовы будучай дамовы ўжо ўзгодненыя. Ён адзначыў, што пагадненьне павінна прадугледжваць неадкладнае адкрыцьцё Армузскай пратокі для суднаходзтва і ліквідацыю ядзернай пагрозы з боку Ірану. У сувязі з гэтым, паводле ягоных словаў, ён пагадзіўся адмяніць атаку пры ўмове хуткага заключэньня дамовы.
Трамп таксама заявіў, што Ізраіль падтрымаў такое рашэньне. Ізраільскія ўлады пакуль ягоныя словы не камэнтавалі.
Паводле выданьня Axios, на рашэньне амэрыканскага прэзыдэнта паўплывалі заклікі саюзьнікаў ЗША ў рэгіёне. У прыватнасьці, насьледны прынц Саудаўскай Арабіі Мухамад бін Салман падчас тэлефоннай размовы з Трампам заклікаў адмовіцца ад эскаляцыі. Падобныя звароты, як паведамляе выданьне, таксама паступілі ад Катару, Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў, Турэччыны і Пакістану.
Axios таксама паведамляе, што катарскія пасярэднікі падтрымлівалі кантакты з міністрам замежных справаў Ірану Абасам Арагчы, спэцпасланьнікам Белага дому Стывам Уіткафам і прадстаўнікамі Амана, спрабуючы дамагчыся пагадненьня аб адкрыцьці Армузскай пратокі. Паводле крыніцаў выданьня, перамовы прынесьлі пэўны прагрэс.
Напярэдадні амэрыканскія СМІ паведамлялі, што адміністрацыя Трампа разглядала магчымасьць новых удараў па энэргетычнай інфраструктуры Ірану. Паводле ізраільскага 12-га тэлеканалу, Армію абароны Ізраілю прывялі ў стан павышанай баявой гатоўнасьці ў чаканьні магчымай сумеснай апэрацыі.
Падставай для абмеркаваньня новай вайсковай апэрацыі сталі напады на суднаходзтва ў Армузскай пратокі і атакі на амэрыканскія сілы ў рэгіёне.
Іран раней папярэджваў, што адкажа на магчымыя ўдары ЗША або Ізраілю. Блізкае да Найвышэйшай рады нацыянальнай бясьпекі Ірану агенцтва Nournews заяўляла, што ў выпадку такіх удараў магчымымі цэлямі могуць стаць нафтавыя абʼекты Саудаўскай Арабіі і ААЭ, а таксама газавая інфраструктура Катару і Ізраілю.
Аналітычная кампанія HFI Research адзначае, што гэта ўжо пяты выпадак, калі Трамп адкладае або адмяняе раней анансаваныя ўдары па Іране. На думку аналітыкаў, Тэгеран улічвае гэтую асаблівасьць амэрыканскай палітыкі падчас перамоваў.
Форум