Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША і Саудаўская Арабія нанесьлі ўдары па зьвязаных з Іранам аб’ектах у Іраку

Дым пасьля ўдараў па НПЗ Saudi Aramco у Джызане, Саудаўская Арабія. За гэты ўдар 25 ліпеня 2026 году ўзялі на сябе адказнасьць емэнскія паўстанцы-хусіты, якіх падтрымлівае Іран
Дым пасьля ўдараў па НПЗ Saudi Aramco у Джызане, Саудаўская Арабія. За гэты ўдар 25 ліпеня 2026 году ўзялі на сябе адказнасьць емэнскія паўстанцы-хусіты, якіх падтрымлівае Іран

Войскі ЗША і Саудаўскай Арабіі атакавалі зьвязаныя з Іранам аб’екты на ўсходзе Іраку ў адказ на нядаўні ўдар Ірану па амэрыканскіх базах і энэргетычнай інфраструктуры Саудаўскай Арабіі.

Як паведаміла Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода з спасылкай на Цэнтральнае камандаваньне ЗША (CENTCOM), удары былі накіраваныя на лягістычныя і вайсковыя аб’екты, якія выкарыстоўваюць праіранскія групоўкі.

Улады Саудаўскай Аравіі заявілі, што апэрацыю правялі ў мэтах самаабароны, у адпаведнасьці зь міжнародным правам, пасьля нападаў бесьпілётнікаў падтрымоўваных Іранам баевікоў на нафтавыя абʼекты краіны.

За апошнія 72 гадзіны Іран выпусьціў больш за 30 дронаў па амэрыканскіх аб’ектах. Апроч дронаў, 28 ліпеня Іран выкарыстаў балістычныя ракеты для ўдару па амэрыканскіх базах у краінах Блізкага Ўсходу.

У CENTCOM адзначылі, што перахапілі ўсе ракеты, а высокапастаўленыя амэрыканскія службоўцы паведамілі журналістам, што цэльлю ўдару была амэрыканская база ў Ярданіі.

Удары адбыліся падчас кароткага зацішша ў ваенных дзеяньнях паміж Злучанымі Штатамі і Іранам пасьля таго, як амэрыканскія вайскоўцы атакавалі Іран ударамі пераважна па поўдні краіны 13 начэй запар. У адказ Іран выпусьціў ракеты і дроны па амэрыканскіх цэлях у рэгіёне Пэрсыдзкай затокі.


Вайсковая апэрацыя ЗША і Ізраілю супраць Ірану

28 лютага Дональд Трамп аб’явіў аб пачатку супольнай з Ізраілем маштабнай ваеннай апэрацыі супраць рэжыму ў Іране. Патрэбу ў апэрацыі зьвязалі з правалам перамоваў аб іранскай ядзернай праграме.

Аятала Алі Хамэнэі й іншыя прадстаўнікі найвышэйшага іранскага кіраўніцтва былі забітыя. Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян назваў забойства Хамэнэі страшным злачынствам і паабяцаў адпомсьціць. Іран пачаў апэрацыю ў адказ і нанёс удары па амэрыканскіх аб’ектах на Блізкім Усходзе.

Масква наўпрост асудзіла агрэсію Ізраілю і ЗША супраць Ірану. Улады Беларусі адрэагавалі стрымана. Лукашэнка ў першыя два дні пасьля гібелі Хамэнэі не сказаў ані слова, а МЗС Беларусі 28 лютага двойчы выступіў з заявамі. У адной прагучала заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту вакол Ірану. У другой заяве атака на Іран асуджаецца, але Ізраіль і ЗША не названыя, акцэнт робіцца на гуманітарным аспэкце.

Беларуская дзяржаўная авіякампанія «Белавія» празь небясьпеку ўзаемных абстрэлаў на Блізкім Усходзе скасавала шэраг рэйсаў і 2 сакавіка накіравала эвакуацыйны самалёт зь Менску ў Доху, каб забраць беларускіх турыстаў, што апынуліся ў Катары, які таксама абстрэльваў Іран.

Паводле іранскага таварыства Чырвонага Паўмесяца, у Іране загінулі больш за 200 чалавек, параненыя больш за 700. Паводле іранскага інфармацыйнага агенцтва IRNA, 118 чалавек сярод загінулых — школьнікі.

Афіцыйныя асобы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў заявілі пра трох загінулых і 58 параненых у краіне з пачатку іранскіх атак на рэгіён Пэрсыдзкай затокі, якія сталі адказам на ваенныя апэрацыі ЗША і Ізраілю.

У выніку іранскага ракетнага ўдару па горадзе Бэйт-Шэмэш у Ізраілі, што за 40 км ад Ерусаліму, як мінімум 9 чалавек загінулі і 28 атрымалі раненьні. З пачатку новага абвастрэньня па тэрыторыі Ізраілю рэгулярна б’юць ракетамі.

2 сакавіка да баявых дзеяньняў у рэгіёне далучылася праіранская ісламісцкая групоўка «Хэзбала», якая пачала з тэрыторыі Лібану абстрэльваць Ізраіль.

У наступныя дні іранскія войскі працягвалі наносіць удары па Саудаўскай Арабіі, Бахрэйне, ААЭ, Кувэйце за іх супрацу з амэрыканцамі па разьмешчаных там амэрыканскіх актывах, а таксама па гатэлях і іншых аб’ектах. ЗША і Ізраіль працягнулі ўдары па вайсковых аб’ектах Ірану.

8 сакавіка іранская Асамблея экспэртаў абрала Муджтабу Хамэнэі новым кіраўніком краіны. Гэта 56-гадовы сын забітага паветранай атакай Алі Хамэнэі. Жонка Муджтабы Хамэнэі, Захра Хадад Адэль, таксама загінула падчас таго ж амэрыканска-ізраільскага ўдару, у якім быў забіты яе цесьць — найвышэйшы кіраўнік (рахбар) Ірану.

8 красавіка ўступіла ў сілу замірэньне, але ў рэгіёне Пэрсыдзкай затокі працягваюцца спарадычныя выпадкі гвалту, у тым ліку напады на караблі з боку тэгеранскіх сілаў, як і ўдары ЗША па Іране. Пазьней замірэньне некалькі разоў працягвалі, але штораз парушалі. Адносны спакой наступіў у чэрвені 2026 году, але 25 чэрвеня іранскія сілы атакавалі некалькі караблёў у Армускай пратоцы, якія эвакуавалі зь небясьпечнай зоны.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG