Закінутая фэрма, алькагалізм і сьвіньня Шарык
Засяваць поле, расьціць курэй, гадаваць сьвіньню — звычайнае жыцьцё фэрмэра, калі б ня некалькі нюансаў. На двары 1950-я, вы — польскі гаспадар Казімер, колішні ўдзельнік Другой усясьветнай вайны зь яўнай псыхалягічнай траўмай, у вас праблемы з алькаголем, а тут яшчэ трэба адраджаць гаспадарку. Гэта завязка сюжэту гульні Farmer’s Life.
Яе мэханіка — фэрмэрскі сымулятар з элемэнтамі выжываньня: трэба араць, зьбіраць ураджай, рамантаваць стары трактар, гадаваць скаціну і ўладкоўваць гаспадарку. Аднак гульня мае свой усходнеэўрапейскі калярыт: чаго толькі варты галоўны герой Казімер у ватоўцы і шапцы-аблавусе зь верным сябрам — сьвіньнёй па мянушцы Шарык (Fluffy у ангельскай вэрсіі). Гульня не пазбаўленая рэалізму. Калі арэш поле, плуг увесь час саскоквае, а конь ідзе не туды, і зрабіць усё роўна амаль не выпадае. На фэрме ў вас увесь час нешта здараецца: то маланка у хлеў ударыць, то грошы скончацца. Хлеў трэба тушыць, а каб былі грошы, мусіш прадаць прылады. Свае прадукты таксама можна прадаваць на рынку, але трэба аднавіць адносіны з суседзямі. Можна пайсьці на паляваньне, але атрымаць ад мядзьведзя. Можна заводзіць курэй, але таксама можна выпадкова пераехаць курыцу трактарам.
Краявіды Farmers Life
Farmerʼs Life — гэта пясочніца, але з сваім атмасфэрным сюжэтам, дзе здараюцца бойкі з суседам, паездкі на ровары й трактары і нават уласнае вясельле.
Гульню стварыла ў 2023 годзе польская студыя FreeMind S.A, якая спэцыялізуецца на сымулятарах. Адзін з самых вядомых прадуктаў — House Builder, там можна будаваць дамы розных эпох па ўсім сьвеце.
Сельскія жахі даўншыфтэра
У гульні Dread Fields вам абрыдла гарадзкое жыцьцё — і вы набылі дом у глухой вёсцы ў дзіўнага дзеда. На плечы звалілася карова, якую трэба карміць, конь, для якога трэба касіць, а таксама куры і сажалка з карасямі. На пачатку спакойнае вясковае жыцьцё з павольнай працай і адпачынкам нагадвае мару, але бліжэй да вечара пачынаюць здарацца дзіўныя рэчы: то нешта зьнікне, плясьне і грукне, то нехта зойдзе бяз вашага ведама ў хлеў. Далей — горай. Уначы да вас прыходзяць духі мінулага і мітычныя істоты, якія не выглядаюць надта бясьпечнымі.
Даеньне каровы ў Dread Fields
Dread Fields — гэта горар у антуражы ўсходнеэўрапейскай вёскі пачатку 2000-х, які зрабіла невялікая ўкраінская індзі-студыя Podoba Interactive. Графіка гульні адмыслова стылізаваная пад праекты тых часоў. Гульня спадабалася і беларускім карыстальнікам: аматары выпусьцілі яе пераклад на беларускую мову.
Праекты з ухілам на лякальную культуру і незвычайныя мэханікі — адна з асноўных фішак распрацоўнікаў. У партфоліё студыі ўжо чатыры гульні. Back to Hearth, якую студыя выпусьціла летась, таксама прысьвечаная ўкраінскай вёсцы, але гэта не сымулятар, а наратыўнае атмасфэрнае падарожжа па закінутых хатах.
Фэрма для вампіра-вэгана
Навокал Трансыльванія, а вы — малодшы сын Дракулы Вальтэр, які ўзбунтаваўся і пастанавіў перастаць піць кроў. Але ж харчавацца нечым трэба, таму вы будуеце сваю фэрму. Пра гэта гульня Voltaire: The Vegan Vampire, сумесь экшэна і сымулятара. Удзень вы гадуеце і зьбіраеце ўраджай, а ўначы вам трэба ахоўваць гаспадарку ад няпрошаных прыхадняў — служкаў вашага бацькі Дракулы, які ня можа ацаніць новага стылю жыцьця сына.
Voltaire: The Vegan Vampire, скрыншот з гульні
У гульні можна ствараць новыя біёмы, пашыраць тэрыторыю фэрмы і вынаходзіць новыя «зялёныя» рэцэпты. Праект адметны сваім 2D-маляваным сьветам. Распрацоўнікі — невялікая партугальская студыя Digitality Games, якая стварыла ўжо дзьве гульні. Першая HordeCore — постапакаліптычны экшэн з элемэнтамі выжываньня — выйшла ў 2022 годзе.
А цяпер у студыі ў распрацоўцы гульня NECROMENTAL — пра нэкраманта, які страчвае сваё войска мёртвых.
У сваіх праектах студыя ставіць на візуальна адметны маляваны стыль і незвычайны, прадуманы сюжэт.
Агарод у космасе
А што калі пабудаваць уласную фэрму на пустыннай плянэце, дзе па самы далягляд толькі пустэча? Такі шанец дае гульня One Lonely Outpost. Вы прылятаеце на плянэту, дзе нічога няма, з грузам насеньня, тэхналёгіямі і робатам-памочнікам. Можна сеяць розныя культуры, ствараць новыя віды расьлін, чаргаваць поры году і падыходы, ствараць крыніцы энэргіі, экспэрымэнтаваць з геннай інжынэрыяй. Таксама можна лавіць рыбу, разьмяркоўваць жыцьцё каляністаў; вашая асноўная задача — умовы, прыдатныя для будучага жыцьця.
Пасяўная ў One Lonely Outpost
Гэта мэдытацыйны сымулятар з стылізаванай піксэльнай графікай. Выдаўцом гульні, які давёў праект да рэлізу, стала кампанія indie.io, якраз вядомая тым, што дапамагае індзі-распрацоўнікам. Аднак аўтар праекту — невялікая студыя з ЗША Aurorian Studios.
Вярнуць землі прыродзе
Распрацоўнікі гульні Terra Nil прапануюць узяцца за задачу больш маштабную, чым проста фэрмэрства, а менавіта — адраджаць забруджаныя землі. Гэта глыбокая экалягічная стратэгія: трэба саджаць дрэвы, адраджаць глебу, ваду, фаўну, каб вярнуць землі прыродзе.
Спачатку перад вамі пустынны краявід зьнішчанага і забруджанага кавалку зямлі. Вашая задача — выкарыстоўваць найноўшыя тэхналёгіі, каб вярнуць гэтыя землі да жыцьця, а пасьля перапрацаваць сьляды вашай прысутнасьці. Прайшоўшы адну місію, гулец можа наталіцца сваёй працай: для гэтага трэба перайсьці ў рэжым назіральніка і сачыць, як па адроджанай зямлі цякуць рэкі, а па лясах гуляюць жывёлы.
Terra Nil, скрыншот
Распрацоўнікі адмыслова адышлі ад рэалізму і зрабілі графіку маляванай, каб перадаць адчуваньне ажыўленай ілюстрацыі з падручніка разнастайнасьці відаў.
У гульні Terra Nil незвычайная гісторыя стварэньня. Прататып рабілі тры аўтары для гейм-джэму — гэта такое спаборніцтва сярод распрацоўнікаў. Прататып апублікавалі ў адкрытым доступе, і нечакана ён стаў зьбіраць аўдыторыю. Тады да стварэньня далучылася паўднёваафрыканская студыя Free Lives, аб’ядналася з аўтарамі, і яны разам давялі праект да рэлізу ў 2023 годзе.