Кубракоў даручыў сваім структурам адсочваць настроі людзей на прадпрыемствах

На вучэньнях падразьдзелаў МУС Беларусі ў Магілёўскай вобласьці. Архіўнае фота

Міністар унутраных спраў Беларусі Іван Кубракоў наведаў Горадзеншчыну, дзе другі дзень праходзяць комплексныя камандна-штабныя вучэньні на выпадак «асаблівых умоваў».

«Асабліва пры абвастрэньні абстаноўкі варта працаваць маналітам. Забесьпячэньне правапарадку і бясьпекі ў краіне — задача агульная. І ў практычнай дзейнасьці ёсьць прыклады, калі ўсе сапраўды згуртаваліся ў барацьбе з пагрозай», — працытавала Кубракова прэсавая служба Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі.

У паведамленьні адзначаецца, што Кубракоў зьвярнуў увагу на пытаньні інфармацыйнай бясьпекі: адсочваньне настрояў на прадпрыемствах, кантроль за зьместам групавых чатаў. «Гэта сёньня актуальна», — адзначылі ў МУС Беларусі.

Кубракоў даручыў сфарміраваць сьпісы вэтэранаў і дружыньнікаў, якія гатовыя будуць далучыцца да сілавікоў «у выпадку ўскладненьня абстаноўкі».

Што папярэднічала

У Горадні, Лідзе і Вялікай Бераставіцы 29–30 ліпеня праходзяць комплексныя камандна-штабныя вучэньні для праверкі гатоўнасьці падразьдзелаў Міністэрства ўнутраных справаў да дзеяньняў «у асаблівых умовах».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

На Горадзеншчыне ў памежжы зь Літвой праводзяць вучэньні падразьдзелаў МУС на выпадак «асаблівых умоваў»

Чаму гэта важна

Сёлета з сакавіка амаль ува ўсіх рэгіёнах Беларусі праводзяць вучэньні падразьдзелаў МУС. У некалькіх выпадках улады ўдакладнялі мэту іх правядзеньня — на выпадак тэрарыстычных актаў, патрэбы прыкрыцьця дзяржаўнай мяжы, стварэньня рэзэрваў і іх своечасовай перадысьлякацыі пры патрэбе або для спыненьня «масавых беспарадкаў».

Такія вучэньні ўжо прайшлі ў Віцебскай, Берасьцейскай і Магілёўскай вобласьцях.

З пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны ў 2022 годзе на тэрыторыі Беларусі, улады якой падтрымалі гэтую агрэсію, практычна безь перапынку праводзяць вучэньні вайсковых і іншых парамілітарных падразьдзелаў.

Аляксандар Лукашэнка ня раз заяўляў аб пагрозах ад Украіны і іншых суседзяў Беларусі, у тым ліку тэрарыстычных. Гэта аніразу ня мела пацьверджаньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Магілёўскай вобласьці правераць гатоўнасьць дзяржаўных органаў рэагаваць на тэрарызмУлады рыхтуюцца да новых пратэстаў? Што стаіць за вучэньнямі міліцыі па ўсёй БеларусіУ Баранавічах праводзяць вучэньні міліцыі па спыненьні масавых беспарадкаў з выкарыстаньнем зброіУ Магілёве на вучэньнях адпрацавалі выкарыстаньне зброі падчас разгону пратэстаў. ФОТА