Ад расейскага абстрэлу пацярпелі Кіеў і Львоў, Польшча актывізавала сілы СПА. У Расеі гараць чарговыя склады Wildberries

Пашкоджаны расейскім абстрэлам жылы дом у Львове, 30 ліпеня 2026 году

У ноч на 30 ліпеня расейскія войскі нанесьлі па Ўкраіне ракетны ўдар. Па мірных гарадах краіны запусьцілі 74 ракеты і 284 дроны розных тыпаў.

Пацярпелі Кіеў і Кіеўскай вобласьць, Львоў, Днепрапятроўская і Палтаўская вобласьці. Сама меней 6 чалавек загінулі, дзясяткі параненых. У выніку атакі пацярпеў жылы і сацыяльны сэктар. Паводле маніторынгавых каналаў, супрацьпаветраная абарона краіны змагла адбіць толькі палову ракет, якімі Расея атакавала Ўкраіну.

Кіеў і Кіеўская вобласьць

У Кіеве загінуў адзін чалавек і сама меней два чалавекі атрымалі траўмы. Паводле кіеўскіх уладаў, праз расейскі абстрэл адбылося некалькі пажараў на тэрыторыі нежылой забудовы, у гаражным каапэратыве, а таксама на рэчавым і кніжным рынках.

У Кіеўскай вобласьці пацярпелі 5 чалавек, у тым ліку адно дзіця. У Скібіне Браварскога раёну часткова разбураны двухпавярховы прыватны дом і пашкоджаныя яшчэ два суседнія дамы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Чарнігаве — дзень жалобы па загінулых ад расейскага ўдару. Украіна абнавіла пералік сваіх цэляў у Расеі

Днепрапятроўская вобласьць

У мястэчку Радушнае Крывароскага раёну Днепрапятроўскай вобласьці загінулі пяць чалавек, у тым ліку двое дзяцей. З-пад завалаў ратаўнікі дасталі дваіх дзяцей. У выніку абстрэлу цалкам зьнішчаныя два прыватныя дамы і яшчэ пяць пашкоджаныя. Пад заваламі могуць быць яшчэ пяць чалавек.

Палтаўская вобласьць

У Палтаўскім раёне адзін чалавек загінуў. Расейскія войскі атакавалі склады, яны загарэліся.

Львоў

У Львове зафіксавалі некалькі пацэльваньняў у жылым сэктары — пацярпеў сама меней 31 чалавек, у тым ліку трое дзяцей. У выніку расейскай атакі пашкоджаныя 21 шматпавярховы дом, школа і два дзіцячыя садкі, разбураныя нежылыя памяшканьні. Ратаўнікі змагаюцца з пажарамі, якія пачаліся ў месцах лучаньня.

Херсонская вобласьць

Расейскія войскі пацэлілі дронам у пажарны аўтамабіль херсонскіх ратаўнікоў. Ён загарэўся. Людзі не пацярпелі.

Украінскія вайскоўцы пацэлілі ў два склады Wildberries

У Пензе ў выніку ўкраінскага ўдару загарэўся склад Wildberries.

Як паведаміў губэрнатар Пензенскай вобласьці Алег Мельнічэнка, адзін супрацоўнік пацярпеў і прыблізна 200 чалавек пасьпелі эвакуаваць.

«На тэрыторыі складу назіраецца адкрытае гарэньне, пажарнікі змагаюцца з агнём», — паведаміў губэрнатар.

Згодна з паведамленьнямі мясцовых СМІ, у горадзе гукі паветранай трывогі працавалі больш за паўтары гадзіны. Праз пажар перакрылі рух на адным з участкаў фэдэральнай трасы.

Пазьней улады Ўдмуртыі паведамілі, што і ў іх пашкоджаны склад Wildberries.

Паведамляюць, што ўкраінскія сілы за апошні час вывелі з ладу больш за 15 адсоткаў усіх складзкіх памяшканьняў і лягістычных цэнтраў кампаніі — больш за 860 тысяч квадратных мэтраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украінскія дроны атакавалі НПЗ і склад Wildberries у расейскай Разані

Расейскія ракеты заляцелі ў Польшчу?

Некалькі ўкраінскіх маніторынгавых каналаў паведамілі, што сама меней дзьве расейскія ракеты маглі заляцець у паветраную прастору Польшчы.

Польскія вайскоўцы гэтага пакуль не пацьвярджаюць, але з прычыны моцнага расейскага ракетнага ўдару па захадзе Ўкраіны яны падымалі ў паветра свае зьнішчальнікі. Як паведаміла апэратыўнае камандаваньне Ўзброеных сілаў Польшчы, у патруляваньні паветранай прасторы ўдзельнічаў і самалёт далёкага радыёлякацыйнага выяўленьня.

У павышаную баявую гатоўнасьць прывялі таксама сілы супрацьпаветранай абароны Польшчы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Румынію заляцеў расейскі дрон. На ягоны перахоп падымалі два зьнішчальнікі


Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.