Рэжысэр Андрэй Кудзіненка расказаў пра перасьлед уладаў, які прымусіў яго пакінуць Беларусь

Андрэй Кудзіненка

Гэта ўжо другая эміграцыя фільматворцы. Пасьля першага пэрыяду за мяжою ён наважыўся вярнуцца, але цяпер настаў час у другі раз пакінуць Радзіму.

Напярэдадні стала вядома пра ад’езд за мяжу знанага беларускага кінарэжысэра Андрэя Кудзіненкі. Дырэктар прыватнай школы «КінаКаляйдар» быў вымушаны ўцякаць з краіны пасьля шэрагу ператрусаў у жытле і на працы. Цяпер ён за межамі Беларусі, але не раскрывае краіны і акалічнасьцяў выезду, каб не нашкодзіць людзям, якія яму дапамаглі, піша «Белсат», які паразмаўляў з творцам.

Ужо першыя словы Кудзіненкі пра нядаўныя падзеі зь ім гавораць адназначна: перасьлед у Беларусі ані ня стаў лагаднейшым за тое, што адбывалася ў папярэднія месяцы і гады.

Сілавікі прыйшлі да Андрэя Кудзіненкі раніцай ў сераду, 22 ліпеня. Паводле рэжысэра, замест таго каб пазваніць у дзьверы, яны адразу пачалі моцна грукаць і крычаць.

«Ты сьпіш, і пачынаюць біць у дзьверы. Не званіць — адразу біць і раўці. Я нічога не зразумеў спрасонку. Паглядзеў у вочка, а там мне сьвецяць у вочы, напісана „АМАП“, крычаць: „Міліцыя“».

Калі Кудзіненка адчыніў дзьверы, у кватэру кінуліся восем амапаўцаў і двое супрацоўнікаў КДБ. Рэжысэру адразу надзелі кайданкі.

«Заляцелі, пасадзілі мяне, быў у майтках, надзелі кайданкі. Паўдня быў голы, пакуль не павезьлі ў офіс. Ня еў, ня піў», — кажа ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларускі рэжысэр Кудзіненка праз крымінальны перасьлед зьехаў зь Беларусі

Спачатку сілавікі некалькі гадзінаў абшуквалі кватэру. Потым Кудзіненку дазволілі адзецца, зноў надзелі кайданкі і павезьлі ў памяшканьне кінашколы.

Ужо там «службісты» пыталі пра фінансаваньне школы з-за мяжы. Рэжысэр гаворыць, што «КінаКаляйдар» існаваў толькі за кошт аплаты навучэнцаў, адкрыта падпісваў дамовы і плаціў падаткі.

«Мы працавалі чыста, усё па-беламу. Выжывалі толькі коштам тых, хто плаціў за навуку. Ніякага замежнага фінансаваньня ў нас не было», — кажа ён.

Далей Кудзіненку пыталі пра грант ад UNESCO, на што той адказаў, што UNESCO не «экстрэмісцкая» арганізацыя, дый грошай адтуль школа не атрымала. А інфармацыю пра магчымасьць падобнай падтрымкі ён наогул знайшоў на старонцы дзяржаўнай кінастудыі «Беларусьфільм».

Нічога пры ператрусе ў школе не знайшлі, аднак сілавікі адразу далі зразумець, што школа больш працаваць ня будзе. Яны пужалі, што яму можа пагражаць ад 8 да 12 гадоў пазбаўленьня волі.

«Яшчэ ператрусу не пачалі, а ўжо суседзям расказвалі, што мы экстрэмісты. Я ім сказаў, што гэта хлусьня, што мы займаемся толькі навучаньнем і мастацтвам», — кажа Кудзіненка.

Рэжысёр назваў прозвішчы двух супрацоўнікаў КДБ, якія ўдзельнічалі ў ператрусах: Лапацін і Міланаў. Кудзіненка гаворыць, што абодва — старшыя лейтэнанты.

Спэцслужбы зацікавіліся працай «КінаКаляйдару» зусім хутка па перарэгістрацыі школы. Да таго ўстанова працавала тры гады. Спачатку Кудзіненка быў яе ініцыятарам і выкладнікам, пазьней стаў суўладальнікам. Калі ў былой дырэктаркі паўсталі праблемы зь сілавікамі, рэжысэр выкупіў ейную долю, перарэгістраваў установу на сябе і стаў адзіным уласьнікам і дырэктарам. Адылі ўжо празь дзень пасьля завяршэньня рэгістрацыі да яго прыйшлі.

Ператрус доўжыўся каля 15 гадзін, сілавікі забралі дакумэнты школы. Таксама ў яго забралі тэлефон, пашпарт і банкаўскую картку.

Падпіскі аб нявыезьдзе з Кудзіненкі ня бралі. Аднак, як ён кажа, было відавочна, што перасьлед працягнецца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Не баяўся казаць праўду ў вочы сваім мастацтвам». Беларусы згадваюць Юрыя Хашчавацкага

Як працавала школа «КінаКаляйдар»?

У школе працавалі каля пяці выкладнікаў, іх лік зьмяняўся ў залежнасьці ад курсаў. Там выкладалі рэжысуру, сцэнарнае і акторскае майстэрствы, анімацыю, ладзілі лекцыі і кінапрактыкумы.

Асобным кірункам быў праект CHRONOTOP, які Кудзіненка разьвівае з 2013 году. Яго ўдзельнікі за кароткі час і амаль безь бюджэту стваралі кароткамэтражныя фільмы, пераважна на тэмы сучаснай міталёгіі. Кудзіненка падкрэсьлівае, што праект ня быў палітычным.

Паводле Кудзіненкі, пасьля 2020 году школа спрабавала дзейнічаць як мага асьцярожней: унікала публічнасьці і зьбірала вакол сябе вузкае кола людзей, якія хацелі вучыцца і здымаць кіно.

«Першы час людзі баяліся нават сустракацца. Потым патроху сталі размаўляць, нешта рабіць, глядзець разам кіно. Хтосьці думаў, што пройдзе пяць ці шэсць гадоў і час зьменіцца», — кажа рэжысэр.

Аднак цяпер, на ягоную думку, у Беларусі нават непалітычная культурная дзейнасьць успрымаецца дзяржавай як пагроза. Яго асобна ў час ператрусу пыталі, чаму школа заве сябе «незалежнай». «Незалежнай ад каго?»

Недзяржаўныя школы выкараняюць цалкам

Змаганьне рэжыму Лукашэнкі зь незалежнымі ад дзяржавы школамі — не выпадковае, а дамэтнае. Улады намагаюцца кантраляваць кожны крок і пакінуць кіно толькі з правераных крыніц.

Кудзіненка адзначае, што апошнім часам праблемы паўсталі і ў іншых недзяржаўных кінашколаў. Частка зь іх закрылася, перайшла ў онлайн або скасавала свае праграмы. «КінаКаляйдар» застаўся апошнім, цяпер прыйшлі і па яго.

Андрэй Кудзіненка ўжо жыў на эміграцыі. Пасьля забароны фільму «Акупацыя. Містэрыі» ў 2005 годзе рэжысэр выехаў зь Беларусі і амаль дзесяць гадоў жыў і працаваў у іншых краінах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хроніка перасьледу 13 чэрвеня: прызналі «экстрэмісцкім» фільм «Дарога на Курапаты» кінастудыі «Беларусьфільм»


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Топ-50 беларускіх фільмаў склалі рэжысэры і кінакрытыкі да 100-годзьдзя беларускага кіно