Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не баяўся казаць праўду ў вочы сваім мастацтвам». Беларусы згадваюць Юрыя Хашчавацкага

Юры Хашчавацкі
Юры Хашчавацкі

На 79-м годзе жыцьця памёр вядомы рэжысэр-дакумэнталіст Юры Хашчавацкі — аўтар больш як 30 кінафільмаў. Мы сабралі выказваньні пра яго ў сацыяльных сетках.

Іна Кулей: «Дзякуй, што дазволіў адчуваць сябе сябрам»

Іна Кулей, грамадзкая дзяячка, напісала:

«Гэта было ўжо пасьля Плошчы-2006 і „Плошчы“.

Юры пазваніў мне і сказаў: „Я ведаю цябе і хачу цябе папрасіць, бо ведаю, што ты не адмовіш.

У Ірыны Казулінай рак, яна моцна хворая. Падчас прэзыдэнцкай кампаніі ў вас ня склаліся адносіны, і я разумею чаму. Але зараз гэта ўжо няважна. Пазвані Ірыне, скажы ёй словы падтрымкі. Я дам табе яе нумар тэлефону“.

Я пазваніла Ірыне, ад усяго сэрца сказала ёй цёплыя словы. Мы дамовіліся сустрэцца ў яе дома і сустрэліся...

Дзякуй табе, Юра, за тое, што падштурхнуў да праявы чалавечай годнасьці, бо гэта найвялікшая каштоўнасьць — адчуваць сябе чалавекам.

Дзякуй за тое, што сваім майстэрскім росчыркам упісаў у беларускую гісторыю.

Дзякуй, што дазволіў адчуваць сябе сябрам».

Мікалай Халезін: «Ня стала легенды дакумэнталістыкі»

Мікалай Халезін, беларускі журналіст і сцэнарыст, мастацкі кіраўнік «Свабоднага тэатру», згадаў гісторыю:

«Ня стала Юры — чалавека, які ўмеў натхняць: прыкладам, падтрымкай, нават проста жартам, якіх у яго было не зьлічыць. Хашчавацкі — гэта ня прозьвішча, гэта брэнд. Легенда дакумэнталістыкі, які прамяняў магчымае сытнае жыцьцё Рыфэншталь на права гаварыць свабодна і рабіць тое, што палічыць патрэбным. Нас зьвязвалі 32 гады цёплага сяброўства, у якім было так шмат усяго, што ня зьмесьціць ня толькі фільм, але і сэрыял.

Раскажу адну гісторыю. Так атрымалася, што мы трапілі на Акрэсьціна разам. Гады былі лайтовыя, а тэрміны ў асноўным вылічаліся „суткамі“, а не гадамі. З моманту арышту мы зь Юрам апынуліся побач на ўсіх фазах і скончылі ў адной камэры: 3–4 чалавекі старэйшыя, астатнія — маладыя „Зубры“. Трэба было прабавіць час, і мы прыдумалі забаву: кожны, хто разьбіраўся ў нейкай тэме, мог прачытаць лекцыю на сваю тэму. Мне здалося, што мая тэма будзе самай арыгінальнай — „Сучаснае мастацтва як адзін з фактараў негвалтоўнага супраціву“. Але Хашч перасягнуў усіх, агучыўшы тэму лекцыі „Параўнальны аналіз творчасьці рэжысэраў-дакумэнталістаў Рамана Кармэна і Дзігі Вертава“. Гэта была адна з самых натхнёных і інфарматыўных лекцыяў у маім жыцьці. Магчыма, гэта проста супадзеньне, але з той камэры выйшлі цудоўныя людзі — зоркі мастацтва, журналістыкі, палітыкі, грамадзкай дзейнасьці. А магчыма, і не супадзеньне».

Аляксандар Фядута: «Пайшоў чалавек, які зьняў «Час Чжоў Эньлая» і «Багоў сярпа і молата»

Літаратар, былы палітвязень Аляксандар Фядута напісаў:

«Пайшоў чалавек, які зьняў „Час Чжоў Эньлая“ і „Багоў сярпа і молата“. Чалавек, які працаваў з Аркадзем Рудэрманам, Пятром Марцавым і Яўгенам Будзінасам. Колькі мы зь ім размаўлялі — і спрачаліся, захоўваючы павагу адзін да аднаго... Эпоха заканчваецца. Рудэрмана ўжо даўно ніхто не ўспамінае, хоць яго „Дарагая Галуша“ ў свой час мяне апякла. Няма Марцава. Няма Будзінаса. А зараз вось Хашча ня стала. Туся, прабачце мне, што я не магу зараз Вас абняць і пабедаваць побач з Вамі. Але Вы ведаеце, як я яго любіў і шанаваў».

Аляксандар Сьцешык: «З працаў Хашчавацкага можна пабачыць і пачуць, як нараджаўся монстар»

Грамадзкі дзяяч, тэлежурналіст Аляксандар Сьцешык напісаў:

«Пішу і сам сабе ня веру, які жах і абсурд адбываўся, і што неба ня трэснула падчас усяго гэтага беззаконьня, і не праліўся дождж стрэлаў на галовы гэтых дзяржаўных злачынцаў! Не, спадзявацца на неба было нельга. Трэба было дзейнічаць. Трэба было штодня змагацца за розумы людзей, адвучваць іх ад ляноты, страху, мораку лукашызму. Юры Хашчавацкі рабіў гэта большую частку свайго жыцьця. Ён адным зь першых разглядзеў у нязграбным „калгасьніку“ Лукашэнку ягоную гэбэшную забойчую сутнасьць і пастараўся паказаць яе ўсяму сьвету.

Цяпер, як тэлежурналіст, я троху іначай бачу фільмы Юрыя Іосіфавіча. Рытм, мэтафарычнасьць... Шмат што з мастацкіх і драматургічных эфэктаў я асабіста не стаў бы ўжываць. Перадусім таму, што час гэтых эфэктаў прайшоў.

Але час праўды не прайшоў! Час, калі дакумэнтальныя сьведчаньні маюць значэньне, не прайшоў. І дзякуючы працам Хашчавацкага сёньняшняя моладзь мае магчымасьць пабачыць і пачуць, як нараджаўся монстар лукашэнкаўскай сыстэмы і як канчаткова захапіў усю ўладу...

Дзякую вам, Юры Хашчавацкі, творца, суайчыньнік, суразмоўца, сусед па камэры і брат па няшчасьці. Дзякую за спробу зрабіць гэты сьвет лепшым».

Сьвятлана Ціханоўская: "Да апошняга дня заставаўся верным сваім прынцыпам і свайму народу"

Палітык Сьвятлана Ціханоўская напісала:

«Юры Хашчавацкі быў адным з тых, хто не баяўся казаць праўду ў вочы рэжыму праз сваё мастацтва.

Яго легендарныя фільмы „Звычайны прэзыдэнт“, „Плошча“ сталі ня проста хронікай нашай сучаснай гісторыі, а люстэркам, у якое шмат гадоў баяўся глядзець дыктатар. Хашчавацкі валодаў унікальным дарам — праз востры гумар, сатыру і бязьлітасную праўду паказваць абсурднасьць і жорсткасьць улады, вяртаючы людзям пачуцьцё годнасьці.

Юры да апошняга дня заставаўся верным сваім прынцыпам і свайму народу. Яго адыход — гэта вялізная страта для беларускай культуры і ўсяго нашага грамадзтва.

Дзякуй вам за сьмеласьць, за мастацтва і за праўду, Юры».

Уладзімер Някляеў: «Ніхто ня ўмеў так, як ён, з уважлівай іроніяй узірацца і ў жыцьцё, і ў вочка кінакамэры»

Паэт Уладзімер Някляеў напісаў у памяць Юрыя Хашчавацкага:

«Шторм на моры сьмерці. Хваляй мае аднавякоўцы сыходзяць.

Вось і Юры Хашчавацкага ня стала. Тое, што зроблена ім у беларускім дакумэнтальным кіно, унікальна. Бо сам ён быў унікальны. Ні ў кога не было такіх вачэй, такога позірку, як у яго. Ніхто ня ўмеў так, як ён, з уважлівай іроніяй узірацца і ў жыцьцё, і ў вочка кінакамэры.

Нечаканы чалавек. Ён і жыў жыцьцём — і гуляў у яго. Таму і любіў кіно, бо яно, нават самае сур’ёзнае, — гульня. І казіно таму любіў. Адну з кніг я надпісаў яму так:

Абяцаў мне Хашчавацкі

Зьняць як-небудзь фільм мастацкі

Пра сябе і пра мяне.

А пасьля прамовіў: „Не!

Што мы скажам у кіне,

Як не маем уяўленьня,

Дзе гуляць пасьля зьнікненьня?

Дык пра што здымаць кіно?..

Тут пытаньне ёсьць адно,

І яно мяне цярэбе:

Ёсьць на небе казіно,

Ці няма яго на небе?“

Ну, цяпер, дарагі Хашч, будзеш ведаць...»

Ганна Красуліна: «У 1997 годзе яго падпільнавалі ў пад’езьдзе і пераламалі ногі»

Грамадкая дзяячка Ганна Красуліна напісала:

«Ён быў майстрам кадру і вобразу. Але галоўнае — у яго было выдатнае пачуцьцё гумару. Яго дакумэнтальныя фільмы заўсёды вельмі дакладна фармулявалі праблему, перакладалі яе на вобразы і траплялі проста ў цэль. Ворагі гэта адчувалі. Пасьля выхаду ягонага „Звычайнага прэзыдэнта“ яму ў літаральным сэнсе пераламалі ногі — падпільнавалі ва ўласным падʼезьдзе, напалі ў цемры... І было гэта яшчэ ў 1997 годзе, калі, здавалася б, для многіх „яшчэ нічога не прадвяшчала“.

Але гэта ніяк не паўплывала ні на яго лёгкі, жыцьцярадасны характар, ні на прынцыповасьць. Ён працягваў рабіць свае фільмы — сьведчаньні эпохі і злачынстваў рэжыму».

Хто такі Юры Хашчавацкі

Юры Хашчавацкі нарадзіўся ў 1947 годзе ў Адэсе. У 1973 годзе скончыў Адэскі тэхналягічны інстытут, у 1981 — Ленінградзкі дзяржаўны інстытут тэатру, музыкі і кінэматаграфіі.

Ляўрэат міжнародных кінафэстываляў у Нью-Ёрку, Сан-Францыска, Жэнэве, Бэрліне, Бялградзе, Кіеве, Санкт-Пецярбургу і іншых гарадох.

Юры Хашчавацкі
Юры Хашчавацкі

Працаваў рэжысэрам у Белторгрэкляме (з 1976), на Беларускай тэлевізіі (з 1978), «Беларускім тэлефільме» (з 1985), кінастудыі «Беларусьфільм» (з 1989).

Юры Хашчавацкі — аўтар больш як 30 кінафільмаў, найбольш вядомы зь якіх — «Звычайны прэзыдэнт» (1996), у якім ён паказаў сутнасьць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, які незадоўга да таго прыйшоў да ўлады ў Беларусі. У стужцы Хашчавацкі стварыў сатырычны партрэт дыктатара Лукашэнкі на пачатку кар’еры. Фільм атрымаў міжнароднае прызнаньне, і ў 1997 годзе яму быў прысуджаны прыз Бэрлінскага кінафэстывалю і прэстыжная расейская Прэмія Сахарава. Пасьля прэм’еры на рэжысэра напалі невядомыя.

Рэжысэр у сваіх інтэрвію і камэнтарох неаднаразова заяўляў, што прыход Лукашэнкі да ўлады стаў для Беларусі трагедыяй, і што менавіта гэты дзяяч ёсьць найбольшай пагрозай незалежнасьці краіны, бо выбраў курс на Расею, а сам ня цяміць у эканамічных пытаньнях.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG