Як адзначаецца на сайце Міністэрства інфармацыі Беларусі, фільм быў пашыраны на youtube-канале «Сергей». У сьпіс «экстрэмісцкіх» з гэтага каналу таксама трапілі яшчэ два відэазапісы — «Беларускі супраціў за вольную дзяржаву!», «Лінія Сталіна».
Рэжысэрам фільму «Дарога на Курапаты» быў Міхаіл Жданоўскі (памёр у 2023 годзе. — РС). Сцэнар ён пісаў разам з Аляксандрам Лукашуком. У стварэньні фільму браў удзел і Зянон Пазьняк. За стварэньне цыклю «Дарога на Курапаты», «Жаўрукі Беларусі», «Успаміны пра Мікалая Равенскага» Міхаіл Жданоўскі атрымаў Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь. «Дарога на Курапаты» зьяўляецца дакумэнтальным сьведчаньнем злачынстваў бальшавісцкага рэжыму супраць беларускага і суседніх народаў.
У сьпіс «экстрэмісцкіх, паводле рашэньня суда Баранавіцкага раёна і Баранавічаў ад 11 чэрвеня, уключылі старонку Януша Гаўрылюка «janusz_gawryluk», заснавальніка кінафэстывалю беларускага кіно Bulbamovie. Ён — грамадзянін Польшчы, выпускнік факультэту беларускай філялёгіі Варшаўскага ўнівэрсытэту, журналіст.
Апроч таго, суды ўхвалілі яшчэ шэраг аналягічных рашэньняў датычна старонак у сацыяльных сетках Аляксандра Апейкіна, зьвязанага зь Беларускім фондам спартовай салідарнасьці — Telegram-канал «Apeikin.Спорт.Палiтыка», «Aliaksandr Apeikin» — у Facebook і «apeikin86» — у Instagram.
«Экстрэмісцкімі» таксама прызналі Instagram старонкі «albertas.glaz», «volnychor», «mishazui», «djpchelka», старонкі ў Facebook — «Šufliadka», «Mata Hari», «Voxeurope», «Sasha Shirokava», «Беларусы ў Італіі», «Антонина Пчёлкина», сайт «belultras.cоm» разам з лагатыпам і старонку ў Threads «pekar_andrej».
Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.
Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».
Форум