У Магілёўскім інстытуце МУС хацелі набраць 20 апэратыўніц, але заяву не падаў ніхто. Як праходзіць набор у сілавыя ВНУ

Беларускія міліцыянткі. Ілюстрацыйнае фота

А ў Акадэмію МУС падаюць заявы абітурыенты з баламі, ніжэйшымі за 130. І маюць шанец паступіць.

Уступная кампанія ў сілавыя ВНУ Беларусі мусіць скончыцца 29 ліпеня, калі адбудзецца залічэньне. Прыём дакумэнтаў ад абітурыентаў пры гэтым ужо скончаны, дадатковых набораў не абвяшчалі.

Згодна з маніторынгам падачы заяваў абітурыентаў, у Акадэмію МУС недабралі курсантаў на спэцыяльнасьць «правазнаўства» факультэту міліцыі грамадзкай бясьпекі. Пры пляне набору ў 116 чалавек дакумэнты падалі 113. Сярод абітурыентаў ёсьць тыя, хто набраў 150 балаў з 400 магчымых. Гэта значыць, чалавек з такімі вынікамі мае па іспытах і атэстаце 37 балаў з 100 магчымых у кожным з чатырох тэстаў.

На крымінальна-выканаўчым факультэце ёсьць абітурыент, які набраў менш за 130 балаў з трох тэстаў і атэстату. Ён таксама, хутчэй за ўсё, паступіць. Конкурсу проста няма, на 80 месцаў там падалі дакумэнты 78 ахвочых. А вось сярод дзяўчат на гэтым факультэце склаўся конкурс: 35 чалавек на 10 месцаў. І балы ў іх досыць высокія, ёсьць нават абітурыентка з 360 баламі. Ёсьць абітурыенты з такімі вынікамі на сьледча-экспэртным факультэце (2 чалавекі) і на спэцыяльнасьці «эканамічнае права» факультэту крымінальнай міліцыі (1 чалавек).

Курсанты Акадэміі МУС Беларусі. Архіўнае фота

На платную вучобу ў Акадэміі МУС сёлета праводзіў набор толькі факультэт права, і на дзённую, і на завочную форму тут склаўся конкурс.

У Магілёўскім інстытуце МУС конкурс склаўся амаль на ўсе спэцыяльнасьці, апроч «праўнага забесьпячэньня апэратыўна-вышуковай дзейнасьці» сярод дзяўчат. Пры пляне набору ў 20 чалавек заяваў ад абітурыентаў проста не было, як вынікае з маніторынгу падачы заяваў на сайце гэтай ВНУ.

А вось на спэцыяльнасьць «праўнае забесьпячэньне грамадзкай бясьпекі» ў дзяўчат склаўся істотны конкурс: 133 ахвочыя на 20 месцаў.

У гэтай ВНУ таксама ёсьць абітурыенты з баламі, ніжэйшымі за 136 з 400 магчымых, аднак пры ўмове конкурсу такі абітурыент можа не паступіць.

Як паступаюць у сілавыя ВНУ

Паступленьне і ў Акадэмію МУС, і ў Магілёўскі інстытут МУС адрозьніваецца ад гэтай працэдуры ў іншых навучальных установах. Спачатку ахвочы падае адпаведную заяву ў свой РАУС у месцы жыхарства. Яго правяраюць на наяўнасьць праблемаў з законам. Пасьля будучы абітурыент праходзіць вайскова-лекарскую камісію, рознага кшталту псыхалягічныя тэсты. І ўжо толькі пасьля гэтага аддзел кадраў вырашае, ці накіраваць гэтага чалавека паступаць.

Прадстаўнік аб’яднаньня былых сілавікоў BelPol Уладзімер Жыгар у размове з Свабодай зазначае, што ад аддзелаў міліцыі жорстка патрабуюць, каб яны мелі гэтых кандыдатаў, прычым у дастатковай колькасьці.

Уладзімер Жыгар

«І гэта вельмі жорсткі крытэр, які выконваецца і кантралюецца кіраўніцтвам. Павінна быць накіравана пэўная колькасьць курсантаў. І пра гэта цягам усяго году на ўсіх нарадах кіраўніцтва пытаецца ў начальніка штабу, у старшага інспэктара аддзелу кадраў: колькі людзей прайшлі камісію, колькі ўвогуле заяваў, колькі прыдатных, колькі непрыдатных, якая праца праводзілася», — апісвае сытуацыю суразмоўца.

Што да ня вельмі высокіх балаў, зь якімі прыходзяць курсанты, то для сыстэмы МУС гэта не праблема, адзначае Жыгар.

«Туды ідуць людзі, якія аб’ектыўна больш нікуды ў іншае месца паступіць ня могуць. Яны ідуць вучыцца. Яны разумеюць, што або войска, або праца ў міліцыі. Падаюць дакумэнты, фізычна яны здаровыя. У прынцыпе праходжаньне вайскова-лекарскай камісіі — гэта ня самая складаная рэч. І ўсе тэсты, якія там ёсьць, таксама не найскладанейшая рэч. Калі ў чалавека няма праблемаў (з законам. — РС), а таксама ў ягоных сваякоў — напрыклад, прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці ці ўдзелу ў пратэставай актыўнасьці, то ён праходзіць спэцыяльную праверку, і міліцыі ўсё роўна», — тлумачыць суразмоўца.

Аднак ня ўсе з тых, хто паступае, прыходзяць на службу ў міліцыю пасьля вучобы, працягвае Жыгар. Ад гэтага ў сыстэме МУС назапашваецца некамплект кадраў, які вырашаюць за кошт скарачэньня працоўных месцаў.

Курсанты Акадэміі МУС. Архіўнае фота

«Людзі сыходзяць, людзі пакідаюць службу, людзі не даходзяць да канца навучаньня, кідаюць вучобу. І праз гэта гадамі назапашваецца дэфіцыт кадраў, гэта прыводзіць да таго, што цяпер у вялікай колькасьці кірункаў у тых ці іншых падразьдзелах існуюць велізарныя недакамплекты, зь якімі змагаюцца вельмі простым спосабам. Павінна быць у цябе 10 участковых на зоне абслугоўваньня, а ў цябе не хапае, напрыклад, пяці. То бок у цябе працуюць пяць чалавек — гэта 50% недакамплекту. Ты проста скарачаеш штатныя пасады. То бок робіш так, каб было ня 10 чалавек, напрыклад, а сем. Працы ад гэтага менш не становіцца», — зьвяртае ўвагу суразмоўца.

«Цябе апранаюць, даюць стыпэндыю, абяцаюць стабільны заробак»

Што да матывацыі ісьці вучыцца ў сілавыя ВНУ, то для людзей зь ня вельмі высокімі баламі гэта адзінае выйсьце, тлумачыць Жыгар. Чалавеку даюць вопратку, стыпэндыю, абяцаюць стабільны заробак у будучыні і пэрспэктыву атрымаць кватэру ў Менску.

Курсанты Акадэміі МУС. Архіўнае фота

«Ад цябе патрабуюць дысцыпліны, дакладнага выкананьня пастаўленых задач, выкананьня загадаў. Чалавек праз пэўны час асвойваецца. Ну і плюс далей гэта стабільная праца ў аддзеле, дзе, як заўсёды казалі, заробак у вас вялікі ня будзе, але ён будзе сярэдні і стабільны. Для людзей, асабліва з правінцыі, гэты варыянт — проста крок у будучыню. Гэта тая пэрспэктыва, якую ён ня зможа атрымаць (у іншым месцы. — РС), бо ў яго няма іншых пэрспэктываў. Гэта шанец, напрыклад, пабудаваць сабе кватэру ў Менску», — прыводзіць прыклад суразмоўца.

Часам прыходзяць людзі з высокімі баламі — звычайна ідэалісты, якія рамантызуюць гэтую працу. Аднак такія людзі хутка выгараюць, кажа Ўладзімер Жыгар.