Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яны хочуць лічыць мяне Джэймсам Бондам». Гісторыя былога міліцыянта, якога ў Беларусі завочна асудзілі на 15 гадоў

Міхаіл Куцко. Фота з прыватнага архіву
Міхаіл Куцко. Фота з прыватнага архіву

Міхаіл Куцко ў размове з Свабодай узгадвае сваё зьняволеньне да 2020-га, расказвае пра ад’езд з Беларусі і камэнтуе абвінавачаньні ва ўдзеле ў «шэрых» схемах легалізацыі ў Польшчы.

Былы міліцыянт з Горадні Міхаіл Куцко у 2020 годзе запісаў зварот да калегаў, у якім папрасіў іх «быць з народам». Змог выехаць у Польшчу, дзе адкрыў бізнэс у легалізацыі мігрантаў. Пасьля трапіў у «тэрарыстычны сьпіс» у адной кампаніі зь Сьвятланай Ціханоўскай і Паўлам Латушкам.

Нядаўна Куцко завочна атрымаў 15 гадоў турмы ў Беларусі, прычынай улады назвалі «здраду дзяржаве». Пры гэтым у СМІ імя Міхаіла Куцко трапіла яшчэ ў 2017, калі яго затрымалі за «хабар». У 2024-м пра Міхаіла зноў згадалі журналісты. Выданьне «Наша Ніва» тады расказвала пра пасярэднікаў у Польшчы, якія працавалі з ахвочымі атрымаць міжнародную абарону мігрантамі. З публікацыі вынікала, што Куцко можа быць замяшаны ў гісторыі з аказаньнем несумленных паслугаў.

У размове з Свабодай Міхаіл Куцко расказвае пра апошні завочны прысуд, агучвае сваю вэрсію падзей 2017 году і раскрывае падрабязнасьці таго, чым займаецца цяпер у Варшаве.

Мы зьвязваемся зь Міхаілам праз сайт ягонай фірмы, якая аказвае юрыдычныя паслугі ўцекачам. На сайце кампаніі пазначана, што офіс месьціцца ў самым цэнтры Варшавы, за некалькі хвілін ад вядомага Палацу культуры і навукі. Час размовы ўзгадняе сакратарка Куцко, ён знаходзіць магчымасьць пагаварыць увечары, пасьля працоўнага дня.

Міхаіл часта ўжывае польскія словы, асабліва прафэсійныя тэрміны, часам пераходзіць і на міліцэйскі жаргон. Расказвае, што ходзіць па Варшаве са зброяй, у месяц зарабляе больш за суму штрафу, які яму прысудзілі сёлета ў Беларусі. І дадае, што ніколі ня вернецца жыць у Горадню.

«Мяне высока цэняць у Беларусі»

Цяпер Міхаілу Куцко 32 гады. Да 2020 ён жыў у Горадні, працаваў міліцыянтам у Ленінскім РАУС, змагаўся з наркотыкамі і гандлем людзьмі. У 2017 годзе праца Куцко ў міліцыі скончылася, яго арыштавалі, абвінавацілі ў хабарніцтве, асудзілі і пасадзілі ў калёнію на тры гады. Міхаіл сваёй віны на судзе не прызнаў, адмаўляе яе і цяпер. Неўзабаве пасьля вызваленьня, падчас пратэстаў 2020 году, Куцко запісаў зварот да былых калегаў-сілавікоў з заклікам быць разам з народам. Увосень таго ж году зьехаў у Польшчу.

У красавіку 2021 году ў Беларусі Міхаіла Куцко ўнесьлі ў «тэрарыстычны сьпіс». Туды ён трапіў у адной кампаніі зь Сьвятланай Ціханоўскай, Паўлам Латушкам, Антонам Матолькам і былымі сілавікамі, якія стварылі ініцыятыву ByPol.

У чэрвені 2026 году былога міліцыянта ў Беларусі асудзілі завочна на 15 гадоў, дадалі да гэтага 22,5 тысячы рублёў штрафу. Паводле дзяржаўнага абвінавачаньня Куцко нібыта «здрадзіў дзяржаве». А таксама «выдаў замежнай дзяржаве дзяржаўныя сакрэты Рэспублікі Беларусь».

Зараз Куцко мае фрыдычную фірму ў Варшаве. Займаецца кансультацыямі тых, хто хоча легалізавацца ў Польшчы.
Зараз Куцко мае фрыдычную фірму ў Варшаве. Займаецца кансультацыямі тых, хто хоча легалізавацца ў Польшчы.

«Мяне высока цэняць у Беларусі. 15 гадоў — максымум у гэтым артыкуле», — гаворыць сам Міхаіл Куцко ў размове з Свабодай.

Ён падкрэсьлівае, што ня ведае, за што менавіта яго судзілі. Міхаіла ніхто не азнаёміў з матэрыяламі справы, ён ня бачыў тэксту абвінавачаньня. Паводле інфармацыі былога міліцыянта, на ягонай справе быў грыф «абсалютна сакрэтна», яе распрацоўвала другое галоўнае ўпраўленьне контравыведкі КДБ. Справу на Куцко чэкісты завялі яшчэ ў канцы 2021 году, дадае ён. Прычым спачатку абвінавацілі ня ў «здрадзе дзяржаве», а ў «акце тэрарызму».

«Гэта, безумоўна, было зьвязана з маёй дзейнасьцю ў 2020 годзе і пасьля 2020 году. І з той дзейнасьцю, якой я займаюся тут, на тэрыторыі Рэспублікі Польшча», — дапускае былы міліцыянт.

Цяпер Міхаіл Куцко, зь ягоных словаў, аказвае юрыдычныя паслугі, дапамагае людзям атрымаць у Польшчы міжнародную абарону або статус уцекача.

«Ня раз усплывалі сытуацыі, пра якія я не магу дэталёва казаць. Калі ў межах працы маёй канцылярыі зьяўляліся людзі, якія супрацоўнічаюць з органамі дзяржаўнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь», — сьцьвярджае суразмоўца.

Куцко дадае, што гэтыя людзі спрабавалі сабраць інфармацыю пра яго і ягоную дзейнасьць, выказваньні ягоных кліентаў пра падставы, на якіх яны атрымліваюць міжнародную абарону. Супрацоўнікаў фірмы Куцко, дзе працуюць пераважна беларусы, паводле яго словаў, спрабавалі схіліць да супрацы беларускія спецслужбы. З словаў Міхаіла, адной зь ягоных работніц, на якую ў Беларусі завялі крымінальную справу за пратэсты 2020 году, прапаноўвалі бясьпечна вярнуцца на радзіму ўзамен на інфармацыю пра Куцко.

«Я павінен ня толькі за сябе непакоіцца, але і за сваіх кліентаў, каб не было выцеку інфармацыі. У мяне ўсе супрацоўнікі раз на год праходзяць праверку на паліграфе на прадмет супрацы з спэцслужбамі і таму падобнае», — кажа Куцко.

Былы міліцыянт адзначае, што ён спрабаваў высьветліць асобы людзей, якія зьбіралі зьвесткі пра яго і якія, на ягоную думку, датычныя да спэцслужбаў Беларусі. Куцко мяркуе, што ягонае супрацьдзеяньне беларускім спэцслужбам за мяжой таксама стала нагодай для крымінальнай справы на яго.

«Гэта больш асабістыя амбіцыі кіраўніка органаў дзяржаўнай бясьпекі, асабістае жаданьне помсты, бо „пагарэла“ даволі шмат іхнай агентуры, якая паспрабавала атрымаць пра нас інфармацыю», — разважае Міхаіл Куцко.

«Я зарабляю ў месяц больш за суму гэтага штрафу»

На пытаньне, ці ён насамрэч перадаваў іншай краіне сакрэты беларускай дзяржавы, як гаворыцца ў абвінавачаньні, Міхаіл адказвае, што ўжо мае польскае грамадзянства і што, паводле польскага закону, ён павінен дбаць пра бясьпеку сваёй новай дзяржавы — Польшчы.

На думку Міхаіла Куцко, падставай абвінавачаньня ў «здрадзе дзяржаве» магло стаць тое, што у 2017 годзе ён нібыта «трапіў за краты наўмысна, на заданьне польскіх спэцслужбаў, каб урэшце апынуцца ў калёніі № 3, куды звычайна пераводзяць былых сілавікоў і чыноўнікаў». У той жа калёніі адначасова зь Міхаілам Куцко знаходзіўся былы работнік выведкі, якога тады асудзілі за «здраду дзяржаве».

У калёніі, пераказвае далей імаверную вэрсію абвінавачаньня Куцко, ён даведаўся ад гэтага асуджанага дэталі ягонай справы, якія былі засакрэчаныя. А калі вызваліўся і зьехаў у Польшчу, нібыта перадаў гэтую інфармацыю польскім спэцслужбам. У размове Міхаіл Куцко падкрэсьлівае, што ня бачыў матэрыялаў сваёй справы. Таму можа здагадвацца пра яе зьмест толькі на падставе інфармацыі з розных іншых крыніц.

Калёнія "Віцьба-3", дзе адбываў пакараньне Міхаіл Куцко. Архіўнае фота
Калёнія "Віцьба-3", дзе адбываў пакараньне Міхаіл Куцко. Архіўнае фота

Куцко зьвяртае ўвагу, што калі б ён сапраўды ў 2016 годзе атрымаў такое заданьне ад польскіх спэцслужбаў, то праз чатыры гады, калі ён вызваліўся і зьехаў у Польшчу, гэтая інфармацыя была б ужо неактуальная.

Былы міліцыянт адзначае, што ён цяпер не супрацоўнічае зь ніякімі спэцслужбамі. Тлумачыць, што гэта немагчыма паводле ягонага прафэсійнага этычнага кодэксу. Зараз у Польшчы Міхаіл Куцко мае статус юрысконсульта-стажора (па-польску aplikant radcowski), які ён атрымаў пасьля вучобы на юрфаку польскага ўнівэрсытэту. Супраца зь нейкімі спэцслужбамі парушала б правы ягоных кліентаў.

«Але калі яны хочуць лічыць мяне такім Джэймсам Бондам, хай лічаць. Мне прыемна», — падсумоўвае Міхаіл падазрэньне яго ў супрацоўніцтве з спэцслужбамі.

На ягоную думку, фактычныя ўлады Беларусі агулам раздражняе ягоная дзейнасьць. Расказвае, што ў 2023 годзе, калі атрымаў польскае грамадзянства, беларускі пашпарт выслаў у адміністрацыю Лукашэнкі.

У апошнім прысудзе Куцко прызначылі таксама штраф у 22 500 рублёў. Ён запэўніў, што ня будзе плаціць «ані цэнта».

«Безумоўна, я маю такую суму. Я ня бедны чалавек. У Польшчы я зарабляю ў месяц больш за суму гэтага штрафу. Маю ўласнае жытло (у Польшчы. — РС). Я не набыў яго ў крэдыт. Я магу сабе дазволіць спакойнае бесклапотнае жыцьцё ў кожным месцы Эўропы», — дадае ён.

Суразмоўца дадае, што ў Беларусі ў яго не засталося маёмасьці, якую могуць сканфіскаваць, каб пагасіць гэты штраф. Аднак зазначае, што ў ягонай справе на радзіме арыштавалі жытло ягонай маці і цесьця.

«Зарабіў на „Віцьбе“ $50 тысяч»

У пачатку 2017 году Міхаіла Куцко «асудзілі за хабар». Ён адмаўляе сваю віну. Кажа, што яго наўмысна падставілі. З словаў Міхаіла Куцко, перад арыштам ён даведаўся, што існуе канал вэрбаваньня беларусаў на вайну на Данбасе, у якім удзельнічалі беларускія сілавікі. Гаворыць, што тады нават зьезьдзіў у Менск, у Міністэрства ўнутраных справаў, каб данесьці гэтую інфармацыю да міліцэйскага кіраўніцтва.

Празь некалькі дзён адна з падазраваных у распаўсюдзе парнаграфіі, справу якой вёў Куцко, прапанавала яму хабар за закрыцьцё сьледзтва, кажа суразмоўца. Ён адмовіўся. Пасьля гэтага, кажа Міхаіл, ягоны кіраўнік паведаміў, што яго ўсё адно звольняць, бо ён або хацеў узяць хабар, або хацеў пасадзіць іншага сілавіка, а «такія ім не патрэбныя». Пазьней яго затрымалі і асудзілі. Пасьля прысуду Міхаіла Куцко перавялі ў калёнію № 3 каля Віцебску, дзе трымаюць былых сілавікоў і чыноўнікаў.

«Я нармальна да людзей у калёніі ставіўся. Пачаў займацца ўжо тады аказаньнем праўных паслуг. Вялікай колькасьці людзей у калёніі дапамагаў, даволі пасьпяхова. Калі я выйшаў, у мяне было шмат грошай, бо я зарабіў іх у калёніі, калі пісаў людзям наглядныя скаргі, запыты на інфармацыю. Калі я вызваліўся, у мяне была сума, большая за $50 тысяч. Дапамагаў у асноўным багатым людзям, якія былі на сур’ёзных пасадах, намесьнікам міністраў», — расказвае былы міліцыянт.

Як расказалі Свабодзе некалькі суразмоўцаў зь ліку былых зьняволеных у беларускіх калёніях, у тым ліку ў «Віцьбе», так зарабіць грошы ў зьняволеньні цалкам магчыма. Грошы, патлумачылі суразмоўцы, могуць перадаваць родным, якія на волі. Некаторыя вязьні дапамагаюць іншым складаць дакумэнты іншым асуджаным бясплатна.

Калёнія "Віцьба-3", дзе адбываў пакараньне Міхаіл Куцко
Калёнія "Віцьба-3", дзе адбываў пакараньне Міхаіл Куцко

Міхаіл Куцко адзначае, што ў зьняволеньні зарабіў больш, чым за ўвесь час працы ў міліцыі. Пры гэтым угоды не афармлялі, як на волі, у юрыдычных фірмах. Былы міліцыянт тлумачыць, што яго нельга было б прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць, бо для справы не хапала двух элемэнтаў — высьветліць усіх ягоных кліентаў і ўсе сумы, якія яны яму перадавалі. Праверку гэтых выпадкаў, з словаў Куцко, вялі Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў і падатковая інспэкцыя, але яна скончылася нічым.

Міхаіл Куцко кажа, што ён удзячны зьняволеньню, бо там стаў сапраўды свабодным чалавекам — там ужо не было чаго губляць, можна было свабодна гаварыць, што думаеш пра беззаконьне, пісаць скаргі.

Зварот да былых калегаў

У 2020 годзе Міхаіл Куцко падпісаў зварот да былых калегаў-міліцыянтаў. Заклікаў іх «быць з народам». Куцко кажа, што ў 2020 годзе «шмат супрацоўнікаў унутраных справаў падтрымлівалі цывільнае насельніцтва». Аднак ён зьвяртае ўвагу на тое, што ніхто тады ня даў ясных гарантыяў сілавому блёку.

«Хацелася, каб кожны з гэтых хлопцаў задумаўся, што ён там робіць і да чаго прыйдзе. Міліцыя звычайна працуе за „сацыялку“, за стабільны заробак. Чалавек атрымлівае 600 даляраў, хай тысячу. У яго ўсё стабільна, добра. Ён скончыў працу, у 18:00 прыйшоў дадому, купіў палачку каўбасы, бутэльку піва або гарэлкі. У яго добрае жыцьцё ў ягоным разуменьні. Паехаў на лецішча, папарыўся ў лазьні, пасмажыў шашлыкі. Гэта сярэднестатыстычны міліцыянт у Беларусі. Я хацеў паказаць, што жыць можна лепш, зарабляць можна лепш», — тлумачыць былы сілавік, чаму запісваў зварот да калегаў.

Ён узгадвае, што верыў у перамогу пратэстаў толькі ў першыя чатыры дні, калі бачыў мноства людзей на вуліцы, калі ў Горадні афіцыйна дазволілі праводзіць мітынгі.

Сілавікі на вуліцах Горадні падчас разгону пратэстаў 2020 году. Архіўнае фота
Сілавікі на вуліцах Горадні падчас разгону пратэстаў 2020 году. Архіўнае фота

У кастрычніку 2020 году Куцко зьехаў зь Беларусі. Расказвае, што змог зрабіць гэта дзякуючы хітрасьці. Ён ведаў, што яго, магчыма, неўзабаве затрымаюць, і здагадваўся, што ягоны тэлефон маглі праслухоўваць. У выніку, як расказвае, зрабіў так, каб былыя калегі даведаліся, што ён хоча выехаць у Польшчу нібыта «для сустрэчы з замежнымі куратарамі і атрыманьня грошай для падтрымкі страйкоўцаў на заводах». Пра свой намер быццам бы атрымаць 200 тысяч эўра за мяжой і прывезьці ў Беларусь Міхаіл па тэлефоне расказаў свайму знаёмаму. Куцко мяркуе, што менавіта гэта дапамагло яму выехаць зь Беларусі. Маўляў, сілавікі хацелі арыштаваць яго па вяртаньні разам з грашыма.

«Я ніколі не прадаваў чэргі»

Ужо некалькі гадоў Міхаіл Куцко дапамагае легалізавацца мігрантам у Польшчы, атрымаць міжнародную абарону або статус уцекача. Ягоная фірма «спэцыялізуецца на рашэньні складаных кейсаў міжнароднай абароны», гаворыцца на ейным сайце. Суразмоўца найперш згадвае артыкул «Нашай Нівы», які крытыкуе пасярэднікаў у легалізацыі мігрантаў і піша пра магчымую датычнасьць да гэтай дзейнасьці Міхаіла Куцко.

«Я ніколі не прадаваў чэргі. Гэта абсурд. Мае паслугі вельмі дорага каштуюць. Цяпер мінімум 15 тысяч злотых (каля 3,5 тысячы эўра. — РС). Гэта старт, ад якога я пачынаю працаваць. Усе скардзяцца, што ў мяне вельмі шмат кліентаў, — няма ў Варшаве столькі дурняў, каб купіць чаргу за 15 тысяч злотых. У мяне ёсьць кліенты, якія плацяць 50 тысяч злотых, — асабліва складаныя выпадкі. Няма ідыётаў, якія заплацілі б такую суму проста за тое, што я камусьці ноччу займу чаргу. Гэта лухта. Гэта зайздрасьць», — абураецца Куцко.

У публікацыі «Нашай Нівы» у 2024 годзе цытаваліся сьведчаньні, што чаргу ахвотных падаць дакумэнты на легалізацыю стрымлівалі вялікія моцныя мужчыны, якія прапускалі «сваіх» людзей. Міхаіл Куцко згадвае, што па гэтым факце Управа ў справах іншаземцаў зьвярталася ў пракуратуру. Ён кажа, што раней тыя, хто падаваў дакумэнты самастойна, сутыкаліся зь ціскам і перашкодамі.

«Адна з нашых дзяўчат (супрацоўніц фірмы Куцко. — РС), якая суправаджала нашых кліентаў, сутыкнулася з рэальна брутальным вымагальніцтвам. Прыехалі нейкія людзі, якія глядзяць, падглядаюць, і спрабавалі сярод белага дня выцягнуць грошай, ледзь ня „дах“ прапаноўвалі. „Вы тут будзеце хадзіць. Мы за вамі будзем глядзець“. Былі прынятыя захады для „грамадзкага затрыманьня“. Мы іх затрымалі. Калі паліцыя прыехала, яна растлумачыла парадак звароту ў паліцыю кожнаму боку, і на гэтым усё заціхла», — расказвае Куцко.

Міхаіл Куцко
Міхаіл Куцко

У выніку, каб абараніць сваіх супрацоўніц ад абразаў, каб іх не штурхалі ў чарзе, як гэта бывала, кажа Міхаіл, на месца выяжджалі таксама супрацоўнікі-мужчыны. «Яны нікога ня білі, выклікаў паліцыі не было», — дадае ён.

«Там зьяўляліся такія абставіны, што хтосьці крычаў, што я спасылаўся на нейкія знаёмствы ў адміністрацыі ў справах іншаземцаў, што я „вырашаў пытаньне“ праз знаёмых. Гэта ня так, бо я быў першым крытыкам адміністрацыі ў справах іншаземцаў. Калі б хтосьці зайшоў у мае сацыяльныя сеткі, убачыў бы, наколькі я моцна крытыкаваў да таго, як стаў юрысконсультам-стажорам (цяпер у профілях Міхаіла Куцко няма публічных допісаў. — РС). Нас там ледзь не галоўнымі ворагамі лічылі. Цяпер мяне абавязвае этыка быць больш культурным», — расказвае суразмоўца.

У 2024–2025 гадах польская паліцыя пачала праводзіць рэйды ля Ўправы ў справах іншаземцаў у Варшаве. Затрымлівалі так званых «каардынатараў чаргі». У выніку працэдуру рэгістрацыі і падачы дакумэнтаў перавялі ў онлайн.

Свабода паразмаўляла зь некалькімі былымі кліентамі Міхаіла Куцко, якім ён дапамагаў прайсьці працэдуру легалізацыі ў Польшчы. Яны адзначылі высокую цану паслугаў кампаніі былога гарадзенца, аднак разам з тым прызналі іх выніковасьць і тое, што без Куцко справіцца з польскай бюракратыяй было б цяжэй.

Вяртацца ў Беларусь жыць Міхаіл не плянуе, нават калі там нешта зьменіцца да лепшага.

«Цэнтар майго жыцьця — Варшава. Варшава — мой дом. Я не магу нават глядзець у Горадню. Мне дасылалі відэа, фатаграфіі. Я бачыў, як апусьцелі вуліцы. Я лічу, што гэта нейкі „Чарнобыль“. Польшча для мяне як другая мама, якая мяне прытуліла тады, калі родная мама мяне выкінула. Абліла чорным брудам і выкінула. Я гэтую маму — Польшчу — не прадам ніколі і ні за што і не вярнуся ні пры якіх абставінах у Беларусь. Калі будзе стаяць пытаньне паміж Польшчай і Беларусьсю, я заўсёды абяру Польшчу», — сьцьвярджае Міхаіл.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG