Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 15 чэрвеня: экс-дырэктара алімпійскага цэнтру па фрыстайле завочна асудзілі на 12 гадоў

Менскі гарадзкі суд. Архіўнае фота
Менскі гарадзкі суд. Архіўнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

У праваабарончым цэнтры «Вясна» паведамілі, што экс-дырэктара алімпійскага цэнтру па фрыстайле Вадзіма Крывашэева завочна асудзілі на 12 гадоў гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф 1000 базавых велічыняў (45000 рублёў). Апроч таго, яго пазбавілі на пяць гадоў права займаць пасаду, зьвязаную з арганізацыйна-распараджальнымі і адміністрацыйна-гаспадарчымі абавязкамі.

  • Вадзіма Крывашэева асудзілі паводле адразу чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі:
    ч. 3 арт. 426 (перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў),
  • ч. 1 арт. 357 (змова або іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу ўлады),
  • ч. 3 арт. 361 (заклікі да санкцый або іншых дзеяньняў, шкодных для нацыянальнай бясьпекі),
  • ч. 3 арт. 361-1 (стварэньне або ўдзел у экстрэмісцкім фарміраваньні).

Справу Крывашэева разглядаў Менскі гарадзкі суд.

Паводле абвінавачваньня, Вадзім Крывашэеў у 2020-2021 гадах увайшоў у склад «экстрэмісцкіх фарміраваньняў» «Беларускі фонд спартовай салідарнасьці» і «Народнае Антыкрызіснае ўпраўленьне».

Апроч таго, абвінавачаньне сьцьвярджала, што ён у пэрыяд працы на пасадзе дырэктара цэнтра «не забясьпечыў захаванасьць, належны стан і працу замацаванай за цэнтрам маёмасьці, у тым ліку сыстэмы бясьпекі на вадзе „Blue Fox“», што прывяло да сьмерці дзяўчыны.

У верасьні 2020-га Вадзіма Крывашэева звольнілі з пасады дырэктара Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па фрыстайле за «дрэнную ідэалягічную працу ў калектыве». Пасьля гэтага ён зьехаў зь Беларусі.

Былога міліцыянта з Горадні завочна асудзілі да 15 гадоў калёніі

Горадзенскі абласны суд 12 чэрвеня ў межах спэцыяльнай вытворчасьці агучыў прысуд у справе былога міліцыянта з Горадні Міхаіла Куцко. Яго абвінавацілі ў «здрадзе дзяржаве» (арт. 356 Крымінальнага кодэксу). Суд прызначыў Міхаілу 15 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах строгага рэжыму са штрафам у памеры 500 базавых велічыняў (22 500 рублёў).

Згодна з паведамленьнем Вярхоўнага суда, Куцко прызналі вінаватым «у выдачы замежнай дзяржаве і яе прадстаўнікам дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь і іншым, наданьні дапамогі замежнай дзяржаве і яе прадстаўнікам у правядзеньні дзейнасьці, накіраванай на нанясеньне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь, наўмысна ўчыненымі грамадзянінам Рэспублікі Беларусь».

Летам 2020 году Міхаіл запісаў зварот да сваіх былых калегаў, у якім заклікаў іх быць «на баку народа». Пазьней ён вымушана зьехаў зь Беларусі.

Што трэба ведаць пра завочныя суды ў Беларусі

  • Як тлумачаць улады, «спэцыяльнае вядзеньне — гэта вядзеньне крымінальнай справы ў дачыненьні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Рэспублікі Беларусі і ўхіляецца ад зьяўленьня ў орган, які вядзе крымінальны працэс».
  • Аляксандар Лукашэнка ў ліпені 2022 году падпісаў закон аб зьменах у Крымінальна-працэсуальным кодэксе, якія дазваляюць завочна судзіць беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой, бо выехалі з краіны, асьцерагаючыся катаваньняў і крымінальнага перасьледу з палітычных прычын.
  • 27 верасьня стала вядома, хто ўваходзіць у першы сьпіс на завочны суд. Усіх іх улады лічаць адміністратарамі тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі».
  • 12 сьнежня ў Беларусі пачаўся першы завочны суд: пяцёх абвінавачаных у справе «Чорнай кнігі Беларусі» выклікалі ў Менскі гарадзкі суд 12 сьнежня на 10:00.
  • У першы сьпіс на завочны суд уваходзілі рэдактарка прызнанага «экстрэмісцкім» ТГ-каналу «Каратели Беларуси» і ютуб-каналу «Дзікае паляванне» Яніна Сазановіч, супрацоўнік «Чорнай кнігі Беларусі» Даніла Багдановіч, стваральнік спартовага парталу by.tribuna.com і мэдыямэнэджар Дзьмітры Навоша, а таксама Вольга Высоцкая і Валерыя Занямонская. Улады лічаць іх адміністратарамі тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі».
  • Падобныя справы пачалі таксама супраць Сьвятланы Ціханоўскай, Паўла Латушкі, Вольгі Кавальковай, Сяргея Дылеўскага, Марыі Мароз, а таксама ўдзельнікаў і кіраўнікоў Беларускага фонду спартовай салідарнасьці, праваабарончага цэнтру «Вясна», тэлеграм-каналу Nexta, Каардынацыйнай рады, Валера Цапкалы.
  • Таксама спэцыяльнае вядзеньне распачалі супраць вядомай спартоўкі, алімпійскай прызэркі ў плаваньні Аляксандры Герасімені і выканаўчага дырэктара Беларускага фонду спартовай салідарнасьці Аляксандра Апейкіна. 26 сьнежня 2022 году ім прысудзілі 12 гадоў турэмнага зьняволеньня за заклікі да пераносу спартовых турніраў.
  • 18 студзеня 2023 году вынесьлі выракі ў «справе ЧКБ». Сазановіч, Багдановічу, Навошу, Высоцкай і Занямонскай прысудзілі па 12 гадоў турмы. Кожнаму зь фігурантаў таксама прысудзілі штрафы ў памеры 500 базавых велічынь. КДБ унёс фігурантаў справы ў «тэрарыстычны сьпіс». Суд цягнуўся крыху больш за месяц у закрытым рэжыме.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG