Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усім па 12 гадоў зьняволеньня. Агучылі выракі ў завочным судзе ў «справе ЧКБ»


Фігуранты завочнага суду ў «справе адміністратараў ЧКБ»
Фігуранты завочнага суду ў «справе адміністратараў ЧКБ»

Суд над фігурантамі справы ЧКБ — Янінай Сазановіч, Дзьмітрыем Навошай, Данілам Багдановічам, Вольгай Высоцкай і Валерыяй Занямонскай — праходзіў у Менску завочна, бо яны знаходзяцца за мяжой.

Жаданьне фігурантаў паўдзельнічаць у працэсе праз інтэрнэт не сустрэла падтрымкі ў судзе — ад падсудных патрабавалі фізычнай прысутнасьці на разглядзе справы, які праходзіў у Менскім гарадзкім судзе з 12 сьнежня.

Як паведамляе БелТА, 18 студзеня падсудных прызналі вінаватымі распальваньні варожасьці, «зьліве» асабістых зьвестак сілавікоў і дзяржаўных службоўцаў і прысудзілі ім наступныя тэрміны:

  • рэдактарцы прызнага ўладамі «экстрэмісцкім» ТГ-каналу «Каратели Беларуси» і ютуб-каналу «Дзікае паляваньне» Яніне Сазановіч — 12 гадоў зьняволеньня,
  • стваральніку спартовага парталу by.tribuna.com і мэдыямэнэджару Дзьмітрыю Навошу — 12 гадоў зьняволеньня,
  • супрацоўніку «Чорнай кнігі Беларусі» Данілу Багдановічу —12 гадоў зьняволеньня ,
  • Вользе Высоцкай —12 гадоў зьняволеньня,
  • Валерыі Занямонскай —12 гадоў зьняволеньня.

(Высоцкую і Занямонскую ўлады лічаць адміністратаркамі тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі»).

Кожнаму зь фігурантаў таксама прысудзілі штрафы ў памеры 500 базавых велічынь, паведамляе БАЖ.

КДБ унёс фігурантаў справы ў «тэрарыстычны сьпіс». Суд цягнуўся крыху больш за месяц у закрытым рэжыме.

Паводле матэрыялаў справы, усе фігуранты не пазьней за жнівень 2020 году «аб’ядналіся ў групу, у складзе якой стварылі і адміністравалі тэлеграм-канал „Чорная кніга Беларусі“ і іншыя аналягічныя рэсурсы», зьбіралі і разьмяшчалі ў адкрытым доступе інфармацыю аб прыватным жыцьці і пэрсанальныя зьвесткі супрацоўнікаў унутраных справаў, пракуратуры, судзьдзяў, журналістаў.

Дзейнасьць абвінавачаных сьледзтва кваліфікавала як падбухторваньне да злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасьці.

Справу расьсьледавалі ў рамках «спэцыяльнага вядзеньня» — гэта «вядзеньне крымінальнай справы ў дачыненьні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Рэспублікі Беларусі і ўхіляецца ад зьяўленьня ў орган, які вядзе крымінальны працэс». Падобны ўказ у ліпені 2022 падпісаў Лукашэнка. Раней у Беларусі не было такой практыкі завочных судоў.

  • «Чорная кніга Беларусі» паўстала ў верасьні 2020 году ў адказ на гвалт з боку супрацоўнікаў сілавых структур. У аднайменным тэлеграм-канале публікаваліся асабістыя зьвесткі людзей, якія спрычыніліся да фальсыфікацыі выбараў і гвалту супраць мірных пратэстоўцаў.
  • Ня так даўно стала вядома, што ў праект «Чорная кніга Беларусі» амаль ад моманту стварэньня быў укаранёны супрацоўнік ГУБАЗіКу Артур Гайко, які адпрацаваў у «ЧКБ» дзевяць месяцаў. Гайко меў зьвесткі пра людзей, якія дасылалі ў чат-бот «ЧКБ» інфармацыю пра чыноўнікаў і сілавікоў. Выявілі яго толькі ў траўні 2021 году.

Што трэба ведаць пра завочныя суды ў Беларусі

  • Як тлумачаць улады, «спэцыяльнае вядзеньне — гэта вядзеньне крымінальнай справы ў дачыненьні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Рэспублікі Беларусі і ўхіляецца ад зьяўленьня ў орган, які вядзе крымінальны працэс».
  • Аляксандар Лукашэнка ў ліпені 2022 году падпісаў закон аб зьменах у Крымінальна-працэсуальным кодэксе, якія дазваляюць завочна судзіць беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой, бо выехалі з краіны, асьцерагаючыся катаваньняў і крымінальнага перасьледу з палітычных прычын.
  • 27 верасьня стала вядома, хто ўваходзіць у першы сьпіс на завочны суд. Усіх іх улады лічаць адміністратарамі тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі».
  • 12 сьнежня ў Беларусі пачаўся першы завочны суд: пяцёх абвінавачаных у справе «Чорнай кнігі Беларусі» выклікалі ў Менскі гарадзкі суд 12 сьнежня на 10:00.
  • У першы сьпіс на завочны суд уваходзілі рэдактарка прызнанага «экстрэмісцкім» ТГ-каналу «Каратели Беларуси» і ютуб-каналу «Дзікае паляванне» Яніна Сазановіч, супрацоўнік «Чорнай кнігі Беларусі» Даніла Багдановіч, стваральнік спартовага парталу by.tribuna.com і мэдыямэнэджар Дзьмітры Навоша, а таксама Вольга Высоцкая і Валерыя Занямонская. Улады лічаць іх адміністратарамі тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі».
  • Падобныя справы пачалі таксама супраць Сьвятланы Ціханоўскай, Паўла Латушкі, Вольгі Кавальковай, Сяргея Дылеўскага, Марыі Мароз, а таксама ўдзельнікаў і кіраўнікоў Беларускага фонду спартовай салідарнасьці, праваабарончага цэнтру «Вясна», тэлеграм-каналу Nexta, Каардынацыйнай рады, Валера Цапкалы.
  • Таксама спэцыяльнае вядзеньне распачалі супраць вядомай спартоўкі, алімпійскай прызэркі ў плаваньні Аляксандры Герасімені і выканаўчага дырэктара Беларускага фонду спартовай салідарнасьці Аляксандра Апейкіна. 26 сьнежня 2022 году ім прысудзілі 12 гадоў турэмнага зьняволеньня за заклікі да пераносу спартовых турніраў.
  • 18 студзеня 2023 году вынесьлі выракі ў «справе ЧКБ». Сазановіч, Багдановічу, Навошу, Высоцкай і Занямонскай прысудзілі па 12 гадоў турмы. Кожнаму зь фігурантаў таксама прысудзілі штрафы ў памеры 500 базавых велічынь. КДБ унёс фігурантаў справы ў «тэрарыстычны сьпіс». Суд цягнуўся крыху больш за месяц у закрытым рэжыме.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG