Вэрбуе беларусаў для адпраўкі на вайну на Данбасе былы афіцэр РФ Мікалай Шэлехаў. Пра гэта паведамляе Gazeta.ua са спасылкай на групу «Інфармацыйны супраціў»:
Паводле наяўнай інфармацыі, агент расейскіх спэцслужбаў шантажуе «добраахвотнікаў» тым, што яны парушылі законы Беларусі, «і праз запалохваньне прыцягненьнем да крымінальнай адказнасьці прымушае іх да супрацы з ФСБ РФ і выкананьня супрацьзаконных дзеяньняў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусі».
Шэлехаў у 2014 годзе зь першых дзён вайны на Данбасе браў актыўны ўдзел у баявых дзеяньнях у складзе так званага асобнага выведнага батальёну «Спарта» (ДНР). Удзельнічаў у захопе Данецкага аэрапорту. У жніўні 2015 пад Горлаўкай быў цяжка паранены і вярнуўся ў Беларусь.
Як паведамляецца, Шэлехаў супрацоўнічае з прадстаўнікамі грамадзкай арганізацыі «Беларускі саюз вэтэранаў вайны ў Афганістане», удзельнічае ў дзейнасьці арганізацыі «Саюз дэсантнікаў Магілёўскай вобласьці», праводзіць трэнінгі па нэўралінгвістычным праграмаваньні і прамоўніцкім майстэрстве. Зьяўляецца актыўным удзельнікам ультраправай арганізацыі «Рускае нацыянальнае адзінства», якая вызнае ідэі фашызму і нацыяналізму.
Раней лейтэнант гарадзенскай міліцыі Міхаіл Куцко заяўляў аб магчымым канале пастаўкі беларускіх салдатаў у самаабвешчаную ДНР.