Такі ўзровень дасягнуты ўпершыню з канца траўня. Цэны на нафту растуць пяты дзень запар.
Нафта даражэе падчас новага росту напружанасьці на Блізкім Усходзе. Адной з канкрэтных прычын названыя напады на танкеры ў Чырвоным моры, якія пагражаюць руху яшчэ адным найважнейшым маршрутам паставак нафты — у дадатак да Армускай пратокі, фактычна заблякаванай Іранам.
Зьвязаныя з Іранам емэнскія хусіты атакавалі два саудаўскія нафтавыя танкеры ў рамках марской блякады Саудаўскай Арабіі. Гэта ўзмацніла асьцярогі наконт перабояў з пастаўкамі і справакавала новы рост цэн.
Прамінула таксама кароткачасовае зацішша ў супрацьстаяньні ЗША і Ірану. Амэрыканскія сілы ў чацьвер нанесьлі новую чараду ўдараў па іранскіх аб’ектах. Гэтая дванаццатая запар ноч атак выклікала адказ Тэгерану. Белы дом прыгразіў нанесьці дадатковыя ўдары па іранскай інфраструктуры і ключавых абʼектах ядзернай праграмы.
Чаму гэта важна?
Калі нафта даражэе, адразу растуць цэны на паліва, ацяпленьне і транспарт, што цягне за сабой падаражэнні і ў іншых сэктарах эканомікі.
Раскручваецца інфляцыя, людзі робяцца бяднейшымі.
Аднак гэта падвышае даходы краін, якія здабываюць нафту. Прыкладам, Расея мае больш магчымасьцяў весьці вайну.