Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цана нафты перасягнула 90 даляраў праз ваенныя дзеяньні паміж ЗША і Іранам

Карабель у Армускай пратоцы. 16 ліпеня 2026 году
Карабель у Армускай пратоцы. 16 ліпеня 2026 году

На лёнданскай біржы ICE раніцай 20 ліпеня барэль нафты Brent з пастаўкай у верасьні каштаваў 90,8 даляра, што на 2,8% больш за цану пры закрыцьці папярэдняй гандлёвай сэсіі.

Нафту Brent на усясьветных біржах сёньня раніцай зноў прадавалі даражэй за адзнаку ў 90 даляраў за барэль пры абвастрэньні супрацьстаяньня паміж ЗША і Іранам.

Такая цана нафты Brent фіксуецца ўпершыню зь сярэдзіны чэрвеня. На 11:00 менскага часу цэны на таргах крыху зьнізіліся, але ўсё яшчэ дасягаюць 88,2 даляра за барэль.

На 17 чэрвеня цана гэтага гатунку нафты была 84,3 даляра за барэль.

Рост біржавых цэнаў нафты зьвязаны з працяглай вайной на Блізкім Усходзе. Іран атакуе нафтавыя танкеры ў Армускай пратоцы, ЗША заяўляюць, што адказваюць на ўдары па цывільных караблях, атакуючы іранскую вайсковую інфраструктуру. Іран, у сваю чаргу, спрабуе нанесьці ўдары па вайсковых аб’ектах ЗША ў суседніх арабскіх краінах.

Злучаныя Штаты разглядаюць магчымасьць пашырэньня ваенных дзеяньняў супраць Ірану, паведамілі крыніцы The Washington Post. Паводле іх, пляны маштабнай апэрацыі абмяркоўваюцца пасьля таго, як на мінулым тыдні ў выніку іранскіх удараў загінулі чацьвёра амэрыканскіх вайскоўцаў.

Чаму гэта важна?

Калі нафта даражэе, адразу растуць цэны на паліва, ацяпленьне і транспарт, што цягне за сабой падаражэнні і ў іншых сэктарах эканомікі.

Раскручваецца інфляцыя, людзі робяцца бяднейшымі.

Аднак гэта падвышае даходы краін, якія здабываюць нафту. Прыкладам, Расея мае больш магчымасьцяў весьці вайну.

Абвастрэньне сытуацыі ў Пэрсыдзкай затоцы

Вайскоўцы ЗША 9 ліпеня аднавілі ўдары па вайсковых аб’ектах Ірану ў адказ на абмежаваньне навігацыі ў Армускай пратоцы. Атака адбылася празь некалькі гадзін пасьля таго, як прэзыдэнт Дональд Трамп абвясьціў аб заканчэньні пагадненьня аб спыненьні агню з Тэгеранам.

Аднаўленьне ўзаемных удараў паміж Іранам і ЗША выклікала новы сур’ёзны крызіс пасьля падпісаньня ў мінулым месяцы 60-дзённага мэмарандуму аб узаемаразуменьні, накіраванага на спыненьне ваенных дзеяньняў і аднаўленьне аднаго з найважнейшых морскіх маршрутаў у сьвеце.

Вайсковая апэрацыя ЗША і Ізраілю супраць Ірану

28 лютага Дональд Трамп аб’явіў аб пачатку супольнай з Ізраілем маштабнай ваеннай апэрацыі супраць рэжыму ў Іране. Патрэбу ў апэрацыі зьвязалі з правалам перамоваў аб іранскай ядзернай праграме.

Аятала Алі Хамэнэі й іншыя прадстаўнікі найвышэйшага іранскага кіраўніцтва былі забітыя. Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян назваў забойства Хамэнэі страшным злачынствам і паабяцаў адпомсьціць. Іран пачаў апэрацыю ў адказ і нанёс удары па амэрыканскіх аб’ектах на Блізкім Усходзе.

Масква наўпрост асудзіла агрэсію Ізраілю і ЗША супраць Ірану. Улады Беларусі адрэагавалі стрымана. Лукашэнка ў першыя два дні пасьля гібелі Хамэнэі не сказаў ані слова, а МЗС Беларусі 28 лютага двойчы выступіў з заявамі. У адной прагучала заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту вакол Ірану. У другой заяве атака на Іран асуджаецца, але Ізраіль і ЗША не названыя, акцэнт робіцца на гуманітарным аспэкце.

Беларуская дзяржаўная авіякампанія «Белавія» празь небясьпеку ўзаемных абстрэлаў на Блізкім Усходзе скасавала шэраг рэйсаў і 2 сакавіка накіравала эвакуацыйны самалёт зь Менску ў Доху, каб забраць беларускіх турыстаў, што апынуліся ў Катары, які таксама абстрэльваў Іран.

Паводле іранскага таварыства Чырвонага Паўмесяца, у Іране загінулі больш за 200 чалавек, параненыя больш за 700. Паводле іранскага інфармацыйнага агенцтва IRNA, 118 чалавек сярод загінулых — школьнікі.

Афіцыйныя асобы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў заявілі пра трох загінулых і 58 параненых у краіне з пачатку іранскіх атак на рэгіён Пэрсыдзкай затокі, якія сталі адказам на ваенныя апэрацыі ЗША і Ізраілю.

У выніку іранскага ракетнага ўдару па горадзе Бэйт-Шэмэш у Ізраілі, што за 40 км ад Ерусаліму, як мінімум 9 чалавек загінулі і 28 атрымалі раненьні. З пачатку новага абвастрэньня па тэрыторыі Ізраілю рэгулярна б’юць ракетамі.

2 сакавіка да баявых дзеяньняў у рэгіёне далучылася праіранская ісламісцкая групоўка «Хэзбала», якая пачала з тэрыторыі Лібану абстрэльваць Ізраіль.

У наступныя дні іранскія войскі працягвалі наносіць удары па Саудаўскай Арабіі, Бахрэйне, ААЭ, Кувэйце за іх супрацу з амэрыканцамі па разьмешчаных там амэрыканскіх актывах, а таксама па гатэлях і іншых аб’ектах. ЗША і Ізраіль працягнулі ўдары па вайсковых аб’ектах Ірану.

8 сакавіка іранская Асамблея экспэртаў абрала Муджтабу Хамэнэі новым кіраўніком краіны. Гэта 56-гадовы сын забітага паветранай атакай Алі Хамэнэі. Жонка Муджтабы Хамэнэі, Захра Хадад Адэль, таксама загінула падчас таго ж амэрыканска-ізраільскага ўдару, у якім быў забіты яе цесьць — найвышэйшы кіраўнік (рахбар) Ірану.

8 красавіка ўступіла ў сілу замірэньне, але ў рэгіёне Пэрсыдзкай затокі працягваюцца спарадычныя выпадкі гвалту, у тым ліку напады на караблі з боку тэгеранскіх сілаў, як і ўдары ЗША па Іране. Пазьней замірэньне некалькі разоў працягвалі, але штораз парушалі. Адносны спакой наступіў у чэрвені 2026 году, але 25 чэрвеня іранскія сілы атакавалі некалькі караблёў у Армускай пратоцы, якія эвакуавалі зь небясьпечнай зоны.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG