Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША далей б’юць па іранскіх вайсковых аб’ектах і трымаюць марскую блякаду Ірана

Караблі ВМС ЗША ў Аравійскім моры
Караблі ВМС ЗША ў Аравійскім моры

ЗША далей б’юць па іранскіх вайсковых аб’ектах і трымаюць марскую блякаду Ірана

Цэнтральнае камандаваньне ЗША (CENTCOM) заявіла, што завяршыла чарговы раўнд начных удараў па іранскіх ваенных абʼектах каля Армускай пратокі і ўздоўж узьбярэжжа Ірана, адначасова аднаўляючы марскую блякаду суднаў, якія ідуць у іранскія парты або зь іх, паколькі Тэгеран заявіў, што нацэльваўся на амэрыканскія вайсковыя абʼекты ў Бахрэйне і Кувэйце.

«Амэрыканскія зьнішчальнікі, бесьпілётнікі і вайскова-марскія караблі запускалі высокадакладныя боепрыпасы па іранскіх ракетных і бесьпілётных абʼектах, вайскова-марскім патэнцыяле і сыстэмах бераговай абароны падчас сямігадзіннай хвалі, каб яшчэ больш пагоршыць здольнасьць Ірана пагражаць камэрцыйнамук суднаходзтву і цывільным экіпажам», — гаворыцца ў паведамленьні CENTCOM у сетцы X.

«Цяпер на Блізкім Усходзе дзейнічае больш за 20 вайсковых караблёў ВМС ЗША і сотні самалётаў», — дадаў CENTCOM.

Іранскі Корпус вартавых Ісламскай рэвалюцыі (КВІР) заявіў, што нанёс удары па амэрыканскіх вайсковых абʼектах у Бахрэйне і Кувэйце, у тым ліку па абʼектах, якія выкарыстоўваюцца Пятым флётам ЗША, у той час як ярданскія вайскоўцы 15 ліпеня паведамілі, што перахапілі і зьбілі тры іранскія ракеты.

Камандуючы Цэнтральным камандаваньнем адмірал Брэд Купэр таксама заявіў, што Іран наўмысна атакаваў сем камэрцыйных караблёў за апошнія сем дзён па ўсім рэгіёне, у выніку чаго амаль дзясятак цывільных чальцоў экіпажаў загінулі, былі параненыя або прапалі бязь вестак.

Ён сказаў, што іранскія войскі таксама выпусьцілі дзясяткі ракет і бесьпілётнікаў у бок суседніх краін Пэрсыдзкай затокі. Тым часам прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп папярэдзіў, што калі Тэгеран ня вернецца за стол перамоваў, Злучаныя Штаты могуць пашырыць сваю кампанію, накіраваную на іранскую цывільную інфраструктуру, у тым ліку электрастанцыі і масты.

У інтэрвію Fox News 14 ліпеня Дональд Трамп сказаў, што Злучаныя Штаты будуць наносіць «вельмі моцныя» ўдары па Іране ў бліжэйшыя ночы. Трамп дадаў, што ўдары па Іране будуць працягвацца, «пакуль я не скажу, што дастаткова».

Абвастрэньне сытуацыі ў Пэрсыдзкай затоцы

Аднаўленьне ўзаемных удараў паміж Іранам і ЗША выклікала новы сур’ёзны крызіс пасьля падпісаньня ў мінулым месяцы 60-дзённага мэмарандуму аб узаемаразуменьні, накіраванага на спыненьне ваенных дзеяньняў і аднаўленьне аднаго з найважнейшых морскіх маршрутаў у сьвеце.

Вайскоўцы ЗША 9 ліпеня аднавілі ўдары па вайсковых аб’ектах Ірану ў адказ на абмежаваньне навігацыі ў Армускай пратоцы. Атака адбылася празь некалькі гадзін пасьля таго, як прэзыдэнт Дональд Трамп абвясьціў аб заканчэньні пагадненьня аб спыненьні агню з Тэгеранам.

Цэны на нафту зноў растуць

У аўторак цэны на нафту вырасьлі амаль на 3% да самага высокага ўзроўню за чатыры тыдні, паколькі ЗША аднавілі марскую блякаду Ірана, а абедзьве краіны ўзмацнілі атакі ў Армускай пратоцы, што павялічыла нявызначанасьць адносна патокаў энэргарэсурсаў,

Вайсковая апэрацыя ЗША і Ізраілю супраць Ірану

28 лютага Дональд Трамп аб’явіў аб пачатку супольнай з Ізраілем маштабнай ваеннай апэрацыі супраць рэжыму ў Іране. Патрэбу ў апэрацыі зьвязалі з правалам перамоваў аб іранскай ядзернай праграме.

Аятала Алі Хамэнэі й іншыя прадстаўнікі найвышэйшага іранскага кіраўніцтва былі забітыя. Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян назваў забойства Хамэнэі страшным злачынствам і паабяцаў адпомсьціць. Іран пачаў апэрацыю ў адказ і нанёс удары па амэрыканскіх аб’ектах на Блізкім Усходзе.

Масква наўпрост асудзіла агрэсію Ізраілю і ЗША супраць Ірану. Улады Беларусі адрэагавалі стрымана. Лукашэнка ў першыя два дні пасьля гібелі Хамэнэі не сказаў ані слова, а МЗС Беларусі 28 лютага двойчы выступіў з заявамі. У адной прагучала заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту вакол Ірану. У другой заяве атака на Іран асуджаецца, але Ізраіль і ЗША не названыя, акцэнт робіцца на гуманітарным аспэкце.

Беларуская дзяржаўная авіякампанія «Белавія» празь небясьпеку ўзаемных абстрэлаў на Блізкім Усходзе скасавала шэраг рэйсаў і 2 сакавіка накіравала эвакуацыйны самалёт зь Менску ў Доху, каб забраць беларускіх турыстаў, што апынуліся ў Катары, які таксама абстрэльваў Іран.

Паводле іранскага таварыства Чырвонага Паўмесяца, у Іране загінулі больш за 200 чалавек, параненыя больш за 700. Паводле іранскага інфармацыйнага агенцтва IRNA, 118 чалавек сярод загінулых — школьнікі.

Афіцыйныя асобы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў заявілі пра трох загінулых і 58 параненых у краіне з пачатку іранскіх атак на рэгіён Пэрсыдзкай затокі, якія сталі адказам на ваенныя апэрацыі ЗША і Ізраілю.

У выніку іранскага ракетнага ўдару па горадзе Бэйт-Шэмэш у Ізраілі, што за 40 км ад Ерусаліму, як мінімум 9 чалавек загінулі і 28 атрымалі раненьні. З пачатку новага абвастрэньня па тэрыторыі Ізраілю рэгулярна б’юць ракетамі.

2 сакавіка да баявых дзеяньняў у рэгіёне далучылася праіранская ісламісцкая групоўка «Хэзбала», якая пачала з тэрыторыі Лібану абстрэльваць Ізраіль.

У наступныя дні іранскія войскі працягвалі наносіць удары па Саудаўскай Арабіі, Бахрэйне, ААЭ, Кувэйце за іх супрацу з амэрыканцамі па разьмешчаных там амэрыканскіх актывах, а таксама па гатэлях і іншых аб’ектах. ЗША і Ізраіль працягнулі ўдары па вайсковых аб’ектах Ірану.

8 сакавіка іранская Асамблея экспэртаў абрала Муджтабу Хамэнэі новым кіраўніком краіны. Гэта 56-гадовы сын забітага паветранай атакай Алі Хамэнэі. Жонка Муджтабы Хамэнэі, Захра Хадад Адэль, таксама загінула падчас таго ж амэрыканска-ізраільскага ўдару, у якім быў забіты яе цесьць — найвышэйшы кіраўнік (рахбар) Ірану.

8 красавіка ўступіла ў сілу замірэньне, але ў рэгіёне Пэрсыдзкай затокі працягваюцца спарадычныя выпадкі гвалту, у тым ліку напады на караблі з боку тэгеранскіх сілаў, як і ўдары ЗША па Іране. Пазьней замірэньне некалькі разоў працягвалі, але штораз парушалі. Адносны спакой наступіў у чэрвені 2026 году, але 25 чэрвеня іранскія сілы атакавалі некалькі караблёў у Армускай пратоцы, якія эвакуавалі зь небясьпечнай зоны.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG