Цэнтральнае камандаваньне ЗША (CENTCOM) паведаміла, што адзін амэрыканскі вайсковец у Іраку быў забіты ў выніку атакі іранскага бесьпілётніка, піша Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.
Пра сьмерць двух вайскоўцаў у Ярданіі паведамлялі раней: там выявілі неідэнтыфікаваныя парэшткі.
Імаверна, гэта чацьвёртая сьмерць за апошнія тры дні.
«Амэрыканскі вайсковец на поўначы Іраку загінуў 18 ліпеня падчас кантраляванага падрыву неразарваных боепрыпасаў зьбітага іранскага дрона. Другі вайсковец быў паранены і працягвае атрымліваць мэдычную дапамогу ад лёгкай траўмы», — паведаміла CENTCOM 19 ліпеня.
Днём раней CENTCOM паведаміла пра баявыя страты ў вайне ў Іране ўпершыню з сакавіка, заявіўшы, што два вайскоўцы былі забітыя, а адзін прапаў бязь вестак у ходзе абарончай апэрацыі ў Ярданіі, бо баявыя дзеяньні ў рэгіёне ўзмацніліся.
У сваёй апошняй заяве вайскоўцы паведамілі, што «пасьля стараннага пошуку амэрыканскія вайскоўцы знайшлі сёньня на гэтым месцы [у Ярданіі] неапазнаныя людзкія парэшткі. Працэс праверкі парэшткаў працягваецца, што павялічвае імавернасьць таго, што яны могуць належаць зьнікламу вайскоўцу. У заяве не ўдакладняецца, дзе ў Ярданіі адбылася атака.
Асноўным месцам апэрацыяў ЗША на тэрыторыі блізкаўсходняга хаўрусьніка — Ярданіі — ёсьць авіябаза Мувафак ас-Сальці, прыкладна за 80 кілямэтраў ад Аману. Амэрыканскія войскі таксама вядуць апэрацыі на авіябазе Прынц Хасан і на іншых вайсковых аб’ектах у Ярданіі.
The Wall Street Journal і іншыя выданьні, спасылаючыся на свае крыніцы, паведамілі, што ўдар быў нанесены па базе Мувафак ас-Сальці, якую амэрыканскія войскі выкарыстоўвалі для авіяўдараў па Іране.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў тэлеканалу NewsNation, што сьмерць людзей — «гэта вельмі сумная рэч».
19 ліпеня Ярданія выклікала прадстаўніка Ірану ў Амане, каб выказаць пратэст супраць ракетных і бесьпілётных удараў Тэгерану па гэтай блізкаўсходняй краіне, назваўшы іх «жорсткімі і неабгрунтаванымі».
У заяве Цэнтральнага камандаваньня войскаў ЗША няма дадатковых зьвестак пра загінулых у Іраку. Асабовы склад войскаў ЗША у Іраку займаецца навучаньнем і барацьбой з тэрарызмам, хоць яго колькасьць значна скарацілася. Амэрыканскія і ірацкія службоўцы заявілі, што амэрыканскія войскі павінны цалкам пакінуць гэтую краіну ў верасьні.
Пасьля новых паведамленьняў пра сьмяротныя выпадкі фактаў сьмерці амэрыканскіх вайскоўцаў з пачатку амэрыканска-ізраільскіх удараў па Іране ў лютым пабольшала, прычым усе, акрамя аднаго, пазначаныя як баявыя страты. Гэта без уліку зьніклага бязь вестак вайскоўца ў Ярданіі.
Тым часам у Іране ў выніку нядаўніх удараў па краіне загінулі 50 чалавек, больш за 500 атрымалі раненьні. Паведамленьні не ўдалося праверыць незалежным чынам. На 19 ліпеня амэрыканскія войскі восем начэй запар наносілі па Іране авіяўдары, у асноўным сканцэнтраваўшыся на Армускай пратоцы. Тэгеран спрабаваў кантраляваць пратоку, абстрэльваючы караблі, якія, паводле яго, не атрымалі належнага дазволу ад уладаў.
Іранскі Корпус вартавых Ісламскай рэвалюцыі (КВІР) заявіў, што чатыры караблі спрабавалі прайсьці цераз пратоку безь яго дазволу і што два зь іх «пацярпелі ў аварыі і былі спыненыя на месцы». Гэтую заяву не ўдалося пацьвердзіць. 19 ліпеня Іран працягнуў атакі, нанёсшы ўдары па хаўрусьніках ЗША ў арабскіх краінах Пэрсыдзкай затокі ў адказ на авіяўдары ЗША, якія, з словаў Пэнтагону, былі «адказам на парушэньне Тэгеранам мэмарандуму аб узаемаразуменьні, падпісанага абодвума бакамі».
Вайсковая апэрацыя ЗША і Ізраілю супраць Ірану
28 лютага Дональд Трамп аб’явіў аб пачатку супольнай з Ізраілем маштабнай ваеннай апэрацыі супраць рэжыму ў Іране. Патрэбу ў апэрацыі зьвязалі з правалам перамоваў аб іранскай ядзернай праграме.
Аятала Алі Хамэнэі й іншыя прадстаўнікі найвышэйшага іранскага кіраўніцтва былі забітыя. Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян назваў забойства Хамэнэі страшным злачынствам і паабяцаў адпомсьціць. Іран пачаў апэрацыю ў адказ і нанёс удары па амэрыканскіх аб’ектах на Блізкім Усходзе.
Масква наўпрост асудзіла агрэсію Ізраілю і ЗША супраць Ірану. Улады Беларусі адрэагавалі стрымана. Лукашэнка ў першыя два дні пасьля гібелі Хамэнэі не сказаў ані слова, а МЗС Беларусі 28 лютага двойчы выступіў з заявамі. У адной прагучала заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту вакол Ірану. У другой заяве атака на Іран асуджаецца, але Ізраіль і ЗША не названыя, акцэнт робіцца на гуманітарным аспэкце.
Беларуская дзяржаўная авіякампанія «Белавія» празь небясьпеку ўзаемных абстрэлаў на Блізкім Усходзе скасавала шэраг рэйсаў і 2 сакавіка накіравала эвакуацыйны самалёт зь Менску ў Доху, каб забраць беларускіх турыстаў, што апынуліся ў Катары, які таксама абстрэльваў Іран.
Паводле іранскага таварыства Чырвонага Паўмесяца, у Іране загінулі больш за 200 чалавек, параненыя больш за 700. Паводле іранскага інфармацыйнага агенцтва IRNA, 118 чалавек сярод загінулых — школьнікі.
Афіцыйныя асобы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў заявілі пра трох загінулых і 58 параненых у краіне з пачатку іранскіх атак на рэгіён Пэрсыдзкай затокі, якія сталі адказам на ваенныя апэрацыі ЗША і Ізраілю.
У выніку іранскага ракетнага ўдару па горадзе Бэйт-Шэмэш у Ізраілі, што за 40 км ад Ерусаліму, як мінімум 9 чалавек загінулі і 28 атрымалі раненьні. З пачатку новага абвастрэньня па тэрыторыі Ізраілю рэгулярна б’юць ракетамі.
2 сакавіка да баявых дзеяньняў у рэгіёне далучылася праіранская ісламісцкая групоўка «Хэзбала», якая пачала з тэрыторыі Лібану абстрэльваць Ізраіль.
У наступныя дні іранскія войскі працягвалі наносіць удары па Саудаўскай Арабіі, Бахрэйне, ААЭ, Кувэйце за іх супрацу з амэрыканцамі па разьмешчаных там амэрыканскіх актывах, а таксама па гатэлях і іншых аб’ектах. ЗША і Ізраіль працягнулі ўдары па вайсковых аб’ектах Ірану.
8 сакавіка іранская Асамблея экспэртаў абрала Муджтабу Хамэнэі новым кіраўніком краіны. Гэта 56-гадовы сын забітага паветранай атакай Алі Хамэнэі. Жонка Муджтабы Хамэнэі, Захра Хадад Адэль, таксама загінула падчас таго ж амэрыканска-ізраільскага ўдару, у якім быў забіты яе цесьць — найвышэйшы кіраўнік (рахбар) Ірану.
8 красавіка ўступіла ў сілу замірэньне, але ў рэгіёне Пэрсыдзкай затокі працягваюцца спарадычныя выпадкі гвалту, у тым ліку напады на караблі з боку тэгеранскіх сілаў, як і ўдары ЗША па Іране. Пазьней замірэньне некалькі разоў працягвалі, але штораз парушалі. Адносны спакой наступіў у чэрвені 2026 году, але 25 чэрвеня іранскія сілы атакавалі некалькі караблёў у Армускай пратоцы, якія эвакуавалі зь небясьпечнай зоны.