Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША атакуюць, Іран адказвае, але Белы дом сьцьвярджае, што дыпляматыя ўсё яшчэ магчымая

Выбухі ў Іране. Фота апублікаванае Цэнтральным камандаваньнем ЗША
Выбухі ў Іране. Фота апублікаванае Цэнтральным камандаваньнем ЗША

Амэрыканскія войскі ўзмацнілі атакі на іранскія аб’екты, нанёсшы ўдары па ключавых мастах, чыгунках і аэрапорце, Тэгеран адказаў.

Тым часам Белы дом заявіў, што перамовы паміж варожымі бакамі ўсё яшчэ працягваюцца і што дыпляматыя застаецца жыцьцяздольным варыянтам, піша Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.

16 ліпеня а 21:30 «амэрыканскія войскі пачалі наносіць новую хвалю ўдараў па Іране шостую ноч запар, каб яшчэ больш пагоршыць вайсковы патэнцыял Ірану», — гаворыцца ў заяве Цэнтральнага камандаваньня ЗША (CENTCOM) ад 16 ліпеня.

Празь некалькі гадзін CENTCOM заявіла аб «пасьпяховым завяршэньні» місіі й паражэньні «дзясяткаў» іранскіх вайсковых абʼектаў.

«Амэрыканскія войскі, у тым ліку зьнішчальнікі, паветраныя дроны й вайсковыя караблі, выпусьцілі высокадакладныя боепрыпасы, якія паразілі дзясяткі іранскіх ваенных цэляў, такіх як абʼекты прыбярэжнага назіраньня і супрацьпаветранай абароны, вайсковая лягістычная інфраструктура і вайскова-морскі патэнцыял», — гаворыцца ў паведамленьні.

Прэс-сакратарка Белага дому Кэралайн Лівіт заявіла, што «прычынай нядаўніх удараў за апошнія некалькі дзён зьяўляецца парушэньне Іранам мэмарандуму аб узаемаразуменьні, які мы зь імі падпісалі».

«У прыватнасьці, у падпісаным мэмарандуме аб узаемаразуменьні было забаронена страляць па камэрцыйных караблях, якія праходзяць праз Армускую пратоку, і, на жаль, яны прынялі трагічнае рашэньне зрабіць гэта».

What Is Iran's Secretive Pickaxe Mountain? What Is Iran's Secretive Pickaxe Mountain?
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:47 0:00

Выбухі ў Іране

Раніцай 17 ліпеня іранскія дзяржаўныя СМІ паведамілі пра выбухі і атакі па некалькіх аб’ектах, хоць гэтыя паведамленьні не было як адразу пацьвердзіць і CENTCOM не ўдакладніла зону сваіх дзеяньняў.

Іранскія СМІ паведамлялі пра ўдары паблізу вострава Кешм у Пэрсыдзкай затоцы, недалёка ад Армускай пратокі, цэнтру канфлікту апошніх тыдняў. Інфармацыйнае агенцтва Tasnim таксама паведаміла, што амэрыканскія зьнішчальнікі атакавалі аэрапорт у Іраншахры, горадзе з насельніцтвам каля 100 000 чалавек, прыкладна за 300 кілямэтраў ад Аманскай затокі на поўдні Ірану. Асобна інфармацыйнае агенцтва Fars паведаміла, што мост у Бандар-Хаміры быў цэльлю атакі ЗША.

Пазьней іранскія СМІ паведамілі, што пяць мастоў на поўдні былі пашкоджаныя ў выніку апошняй хвалі ўдараў ЗША, дадаўшы, што сем чалавек загінулі. Паведамленьні не ўдалося праверыць.

Была інфармацыя пра выбухі ў Бушэры — горадзе, дзе знаходзіцца адзіная атамная электрастанцыя Ірану. Дзяржаўная тэлевізія назвала гэты ўдар «працягам амэрыканскай варожай агрэсіі».

Паведамлялі таксама пра выбухі на чыгуначным вузьле ў прыбярэжным Бандар-Абасе і каля Ахвазу, дзе жыхары паведамілі агенцтву AFP, што чулі моцныя выбухі другую ноч запар.

Іран адказвае

Раніцай 17 ліпеня ўлады Кувэйту, Бахрэйну і Катару заявілі, што іхныя сыстэмы супрацьпаветранай абароны адрэагавалі на відавочныя ракетныя і бесьпілётныя атакі Ірану.

Іранскія СМІ паведамілі, што вайскоўцы краіны наносілі ўдары па амэрыканскіх гелікоптэрах і самалётах, разьмешчаных на авіябазе ў Бахрэйне, «у адказ на варожыя дзеяньні праціўніка, які нацэльваецца на гарадзкую інфраструктуру і мірных людзей».

Корпус вартавых Ісламскай рэвалюцыі (КВІР) Ірану ў дзьвюх асобных заявах ад 16 ліпеня заявіў, што нанёс удары па амэрыканскіх вайсковых базах у Кувэйце і Ярданіі. У адной з заяваў КВІР сьцьвярджаў, што амэрыканскія вайскоўцы выкарыстоўвалі свае авіябазы ў Ярданіі для атак на Іран папярэдняй ноччу.

У заяве гаворыцца, што ў адказ нанесеныя ракетныя ўдары па «пляцоўцы стаянкі амэрыканскіх зьнішчальнікаў і новым амэрыканскім цэнтры кіраваньня і кантролю ў Заходняй Азіі на авіябазе Азрак у Ярданіі».

У другой заяве КВІР заявіў, што правёў камбінаваны ракетны ўдар і атаку бесьпілётнікаў па «цэнтры спадарожнікавай сувязі, радарнай сыстэме раньняга папярэджаньня на авіябазе Алі-аль-Салем і амэрыканскім вайсковым пірсе ў порце Эш-Шуайба, Кувэйт».

CENTCOM пакуль не адрэагавала на заявы КВІР. Аднаўленьне ваенных дзеяньняў узмацніла ўстурбаванасьць назіральнікаў у рэгіёне і на Захадзе тым, што Вашынгтон і Тэгеран стаяць на мяжы вяртаньня да паўнавартаснай вайны.

Дыпляматыя як жыцьцяздольны варыянт

Тым ня менш Белы дом выказаў думку, што дыпляматыя застаецца жыцьцяздольным варыянтам.

«Прэзыдэнт будзе прыцягваць іх [іранскіх лідэраў] да адказнасьці, калі яны адвернуцца ад словаў, якія яны кажуць Злучаным Штатам. Але ў той жа час ён заўсёды адкрыты для дыпляматыі», — заявіла прэс-сакратарка Лівіт журналістам.

«Яны выказалі жаданьне заключыць з прэзыдэнтам угоду. Мы размаўляем зь імі, але, паўтаруся, прэзыдэнт не дазволіць ім страляць па караблях у пратоцы без адказнасьці за гэта».

У тэлевізійным звароце , паказаным агульнанацыянальнымі каналамі ўвечары 16 ліпеня, Трамп заявіў: «...Мы дасягаем вялікіх посьпехаў у Іране. Вы ўбачыце плён гэтай працы вельмі-вельмі хутка», але не ўваходзіў у дэталі.

Надзеі на тое, што абодва бакі могуць рухацца да збліжэньня, узмацніліся позна ўвечары 15 ліпеня, калі Тэгеран дазволіў пакінуць краіну грамадзянцы ЗША, якой, як сьцьвярджае Вашынгтон, незаконна забаранялі выезд з краіны з 2024 году.

«Злучаныя Штаты Амэрыкі высока ацэньваюць гэты жэст Добрай волі Ірану!» — напісаў Трамп у сацыяльных сетках.


Дэна Карары
Дэна Карары

Адвакат у правах чалавека Джарэд Генсэр назваў імя амэрыканкі — Дэна Карары, заявіўшы, што яна вызваленая пасьля выстаўленьня ёй «фальшывых абвінавачаньняў».

Іранская судовая ўлада заявіла, што, паводле яе расьсьледаваньня, нікога з асуджаных грамадзян ЗША, чые дадзеныя адпавядаюць асобе, апісанай Трампам, або іншых затрыманых амэрыканскіх грамадзян не вызвалялі з іранскіх турмаў і не абменьвалі.

Аднак адвакат Карары заявіў, што 53-гадовая жанчына не была зьняволеная, але ў яе сканфіскавалі пашпарт, што не давала ёй пакінуць Іран.

Тэгеран часта займаецца тым, што называецца «дыпляматыяй закладнікаў» — захопам асобаў з двайным грамадзянствам і замежных грамадзян з адвольных прычынаў для ціску на замежныя ўрады, каб яны выканалі яго патрабаваньні.

Вайсковая апэрацыя ЗША і Ізраілю супраць Ірану

28 лютага Дональд Трамп аб’явіў аб пачатку супольнай з Ізраілем маштабнай ваеннай апэрацыі супраць рэжыму ў Іране. Патрэбу ў апэрацыі зьвязалі з правалам перамоваў аб іранскай ядзернай праграме.

Аятала Алі Хамэнэі й іншыя прадстаўнікі найвышэйшага іранскага кіраўніцтва былі забітыя. Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян назваў забойства Хамэнэі страшным злачынствам і паабяцаў адпомсьціць. Іран пачаў апэрацыю ў адказ і нанёс удары па амэрыканскіх аб’ектах на Блізкім Усходзе.

Масква наўпрост асудзіла агрэсію Ізраілю і ЗША супраць Ірану. Улады Беларусі адрэагавалі стрымана. Лукашэнка ў першыя два дні пасьля гібелі Хамэнэі не сказаў ані слова, а МЗС Беларусі 28 лютага двойчы выступіў з заявамі. У адной прагучала заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту вакол Ірану. У другой заяве атака на Іран асуджаецца, але Ізраіль і ЗША не названыя, акцэнт робіцца на гуманітарным аспэкце.

Беларуская дзяржаўная авіякампанія «Белавія» празь небясьпеку ўзаемных абстрэлаў на Блізкім Усходзе скасавала шэраг рэйсаў і 2 сакавіка накіравала эвакуацыйны самалёт зь Менску ў Доху, каб забраць беларускіх турыстаў, што апынуліся ў Катары, які таксама абстрэльваў Іран.

Паводле іранскага таварыства Чырвонага Паўмесяца, у Іране загінулі больш за 200 чалавек, параненыя больш за 700. Паводле іранскага інфармацыйнага агенцтва IRNA, 118 чалавек сярод загінулых — школьнікі.

Афіцыйныя асобы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў заявілі пра трох загінулых і 58 параненых у краіне з пачатку іранскіх атак на рэгіён Пэрсыдзкай затокі, якія сталі адказам на ваенныя апэрацыі ЗША і Ізраілю.

У выніку іранскага ракетнага ўдару па горадзе Бэйт-Шэмэш у Ізраілі, што за 40 км ад Ерусаліму, як мінімум 9 чалавек загінулі і 28 атрымалі раненьні. З пачатку новага абвастрэньня па тэрыторыі Ізраілю рэгулярна б’юць ракетамі.

2 сакавіка да баявых дзеяньняў у рэгіёне далучылася праіранская ісламісцкая групоўка «Хэзбала», якая пачала з тэрыторыі Лібану абстрэльваць Ізраіль.

У наступныя дні іранскія войскі працягвалі наносіць удары па Саудаўскай Арабіі, Бахрэйне, ААЭ, Кувэйце за іх супрацу з амэрыканцамі па разьмешчаных там амэрыканскіх актывах, а таксама па гатэлях і іншых аб’ектах. ЗША і Ізраіль працягнулі ўдары па вайсковых аб’ектах Ірану.

8 сакавіка іранская Асамблея экспэртаў абрала Муджтабу Хамэнэі новым кіраўніком краіны. Гэта 56-гадовы сын забітага паветранай атакай Алі Хамэнэі. Жонка Муджтабы Хамэнэі, Захра Хадад Адэль, таксама загінула падчас таго ж амэрыканска-ізраільскага ўдару, у якім быў забіты яе цесьць — найвышэйшы кіраўнік (рахбар) Ірану.

8 красавіка ўступіла ў сілу замірэньне, але ў рэгіёне Пэрсыдзкай затокі працягваюцца спарадычныя выпадкі гвалту, у тым ліку напады на караблі з боку тэгеранскіх сілаў, як і ўдары ЗША па Іране. Пазьней замірэньне некалькі разоў працягвалі, але штораз парушалі. Адносны спакой наступіў у чэрвені 2026 году, але 25 чэрвеня іранскія сілы атакавалі некалькі караблёў у Армускай пратоцы, якія эвакуавалі зь небясьпечнай зоны.


Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG